Выбрать главу

— Зараз будзе Ліпна, а там — Мікалаева і, лічы, Камянец.

Спускаючыся з Бабіцкай гары, воз даводзілася прытрымліваць за лютні, настолькі круты быў нахіл.

— Дзедо, а нашто чалавек жыве? — раптам спытаў Лявонка, калі яны праехалі Ліпну.

Кірыла здзівіўся нечаканасці ўнукавага пытання (спытае — як стрэліць) і цярпліва памаўчаў. А што на яго можна было адказаць?

— Цяжкае пытанне! Вось будзеш, таго, вучыцца, дык, можа, у кніжках і вычытаеш.

Толькі каб прынялі! Камянецкае чатырохкласнае вучылішча было недасягальнай марай для селяніна. Яго выпускнікі мелі права выкладаць у пачатковых школах. Вядома, за вучобу трэба было плаціць, але для некаторых вучняў рабілася выключэнне — яны вучыліся за дзяржаўны кошт. Пашанцавала і Лявонку. Да гэтага ён скончыў двухкласную школу ў роднай вёсцы. Гэтая двухгадовая школка афіцыйна называлася царкоўнапрыходскай. Аднойчы, прыкмеціўшы, што бацька ў добрым настроі, Лявонка папрасіў: «Таго, я б у школу пайшоў…» Сяляне не спяшаліся аддаваць дзяцей вучыцца. «Малы яшчэ», — казалі звычайна ў такім выпадку. Але Міхаль аддаў— пастухоўскія абавязкі ўзяў на сябе Кірыла. Вучыўся ўнук ахвотна. Л емантарны перыяд прайшоў вельмі хутка. Сама па сабе навука давалася без асаблівых цяжкасцей. Чытаць навучыўся неяк адразу, цяжэй было з пісьмом, але адолеў і яго. Паперы не было. Як і ўсе, карыстаўся крэйдай і грыфельнай дошкай, напісанае лёгка сціралася вільготнай анучкай.

— Вось каб так і ў жыцці можна было: што зрабіў не так — сцёр, жыві нанава! — сказаў аднойчы Кірыла, пазіраючы, як увішна абыходзіцца вучань з пісьмовымі прыладамі.

Спачатку з недаверам, а потым з радасным захапленнем глядзеў ён, як унук спасцігае грамату, навучаецца чытаць і пісаць, і самому надта ж хацелася, каб Лявонка крыху падвучыў і яго. Унук гэта бачыў і аднойчы пасадзіў дзеда за стол, даўшы ў руку крэйду, каб той напісаў літару «А». Кірыла моцна заціснуў крэйду ў пальцах і наблізіў яе да грыфельнай дошкі. Аднак справа аказалася не такой простай, як здавалася. Дзедава рука пачала калаціцца, як бы ад нейкага нутранога страху, а твар увесь укрыўся потам, некалькі буйных кропель скацілася нават з ілба на нос.

— Вось та-а-к! — дапамагаў унук, ашчаперыўшы дзедаву руку сваёй.

Аднак нічога не выходзіла, крэйда раптам раскрышылася ў дзедавых пальцах і асыпалася на грыфельную дошку.

— H-нe магу! — прамовіў Кірыла дрыжачым голасам і ў роспачы апусціў рукі. На ўнукавы ўгаворы паўтарыць спробу ён толькі замахаў рукамі.

Школа вандравала па хатах: колькі дзяцей ходзіць з хаты — столькі дзён у таго гаспадара знаходзіліся. Далей да іншага пераходзілі. Настаўніка кармілі па чарзе ды давалі яшчэ яму семнаццаць рублёў за зіму. Так вучыліся дзве зімы, на трэцюю — спыніліся ў хаце Гальяша, што жыў у канцы вёскі. Хата была вялікая і нагадвала стадоліну. Ля сцяны паставілі дошку, стол для настаўніка, насупраць — парты ў два рады, адпаведна году навучання. Над дошкай — у багетавых рамках — віселі партрэты цара і царыцы, у куце — ікона, на сцяне побач — вялікая карта Расійскай імперыі.

Вучняў было не так і мала, — лічы, усё маладое пакаленне прускаўцаў, а таксама дзеці з суседніх вёсак. Побач з Лявонкам сядзеў Змітрок Зуб з Бабіч, крыху далей — кавалёў сын Цішка Пахолак, фанабэрыстыя (у бацькі шмат зямлі) Фэдар і Міхаль Шведы, Оргій — нашчадак Захара Відэркі. Крыху далей, ля карты Расійскай імперыі, салідна атабарыліся Дармідонтаў Трахімка з братам Цімошам — шалапутныя хлопцы. Як толькі настаўнік адвядзе вочы ўбок, яны нешта ды ўчвэраць: то суседу кухталя дадуць, то дзяўчыну якую за касу торгнуць. Побач сядзелі Піліпко Ламака і Аляксей Галёнка. Тут жа Гальяшы, Антон Давыдзюк, родныя браты Грышка і Міша Латушкі, Міхаль Тупчык, а таксама хлопчыкі з іншых вёсак.

Злева ад іх дзяўчаткі: Верка Гагалюк і Хрысціна Рапацюк — з суседняй Выгнанкі, прускаўская Груша Чапёрка па мянушцы Знайда (у полі нарадзілася), Гэлька Відэрка, якую за вочы называлі Гэлька Бочка, хоць Гэлька такой мянушкі і не заслужыла, бо была надзіва стройная, ружовашчокая дзяўчына і многім падабалася.

У суседнім радзе, побач з Пракопавай Сонькай сядзела Ганна — дачка Васіля Каленіка. Таму пра яе казалі: Ганна Васілішына. Прыгожая дзяўчынка. Але Лявонка чамусьці ўсім хацеў паказаць, што яна яго зусім не цікавіла. Праўда, аднойчы ён абараніў яе ад Трахімкі, калі той забраў у яе грыфель і доўга не хацеў аддаваць. Нарэшце-такі аддаў.