— Ой!
— Што — ой!
Задыханая, яна не магла нічога вымавіць і адварочвала ад яго твар. Цела стала мяккім і падатлівым.
— Хопіць ужо, ну, хопіць…
Іх жарты ўжо заўважылі, хоць і рабілі выгляд, што не бачаць. І яны вярнуліся да працы.
Па абедзе лушчылі кукурузу. Ураджай яе ў гэтым годзе дасягаў сарака цэнтнераў з гектара. Урадзіла прыгажуня. Існаваў спецыяльны млын, каб абдзіраць з кукурузных пачаткаў зерне. Гэтае прыстасаванне Лявонка круціў разам з Букерам. Адрына ратавала ад спёкі, аднак кукурузны млын варочаўся цяжка — твары і спіны церабільшчыкаў змакрэлі ад поту. Першы разагнуўся Букер, прытуліўся да дзвярнога вушака і моцна з шумам пачасаў спіну.
— Для гэтай штукі трэба матор! — сказаў ён, паказаўшы на млын.
Грыцько маўчаў. На гэтыя словы работніка фермер нават не звярнуў увагі — як бы і не пачуў. Нейкі негр будзе вучыць?..
Букер яшчэ раз энергічна пачасаў спіну і дадаў:
— Вось чалавек — Форд! Зрабіў аўтамабіль — едзь куды хочаш, і каня не трэба! Разумны чалавек. Як думае містэр Грэц?
Містэр Грыц незадаволена пракашляўся, кінуў суровы позірк на сваіх работнікаў:
— Той, хто зрабіў,— гэта значыць Форд — разумны чалавек, а той, хто сядзе на тую машыну і будзе катацца на ёй — ці разумны ён?
Усе азадачана замаўчалі.
— Разумным робіць чалавека толькі Біблія. Тэхніка без Бібліі, можа, нават і небяспечная. Асабліва калі трапіць у дурныя рукі.
Пра Біблію гаспадар гаварыў з павагай.
Каб перадыхнуць, яны з Букерам спынілі млын і пачалі лушчыць кукурузу рукамі, што таксама было нялёгка. На канцах пачаткаў, якія церабіў Букер, часам заставалася некалькі драбінак зерня. Грыцько ўзяў з кучы кукурузны пачатак і тыцнуў ім негру ў нос. Той вінавата зашкроб пад падбародкам і прыгнуўся, баючыся, відаць, што гаспадар, чаго добрага, можа спляжыць кукурузінай па галаве.
— Містэр Грэц! Містэр Грэц! — замармытаў ён, як бы просячы прабачэння.
Фермер узлаваўся яшчэ больш.
— Па-першае, я не Грэц, а Грыц, а па-другое, забірай манаткі і ідзі! Каб я цябе болей не бачыў!
— Як так? — тоўстыя губы негра перасмыкнуліся ў крыўдзе і вінаватасці адначасова.
— Вон адсюль!
Букер падняўся і, аціраючы твар рукой, выйшаў. Гаспадар нават і не глянуў. У яго твары было нешта ад драпежнай птушкі.
— Гультай гэты Букер… Лайдак! Рана пачалі грамадзянскую вайну, вельмі рана. Рабы не гатовыя былі да свабоды. Нашто лайдаку свабода? Якая яму ад гэтага карысць?
Лявонка не ў стане быў зразумець, што азначалі фермеравы словы, але ведаў, што той у час грамадзянскай вайны паўночных з паўднёвымі змагаўся на баку паўночных. Гэта значыць, за неграў!
— Адно, што іх цікавіць, — белыя жанчыны, — гаспадар адвярнуўся і плюнуў. Павярнуўшыся да Лявонкі, як бы загадаў: — Ты скажы, каб ён цябе містэрам называў. Містэр Леан. А што?
Астатнюю частку дня фермер хадзіў насуплены. Выйшаў з свайго хлевушка Букер.
— Добры вечар, гаспадар!
Містэр Грыц нічога не адказаў.
У нядзелю, не зважаючы на ранішнюю гарачыню, містэр Грыц сеў на брычку, якую запрог яму Букер, і пакаціў у Маршалтаўн па сваіх патрэбах. Прускавец праз прачыненыя дзверы свайго павільёна бачыў, як з хаты выйшла Анет, і міжвольна загледзеўся на яе стройную, поўную жыцця постаць, сакавітыя, румяныя вусны. «Падфарбавала, пэўна, ці яны такія ў яе і ёсць? Прыгожая амэрыканка…»
Па шчырасці, дык яна падабалася яму ўсё больш і больш. Лявонка адчуваў: калі гэта здарыцца, ён павінен будзе застацца тут назаўсёды. Карцела… Але не мог пераступіць мяжы дазволенага, хоць бачыў, што яна б, напэўна, не супраціўлялася. А ён і рады быў бы скінуць плоцевы цяжар, аднак павінен быў стрымлівацца.
Ён таксама выйшаў на свежае паветра. Вакол хаты квітнелі высокія мальвы. Павіталіся. Анет вывела з прыбудовы веласіпед, села на яго і зрабіла круг па надворку.
— А хочаш — я цябе на байку навучу ездзіць?
Веласіпед тут называлі «байк». Гэтае дзівоснае двухколавае дзіва Лявонка прыкмеціў яшчэ ў Нью-Йорку і не мог сцяміць, як чалавек трымаецца на ім, едзе і не падае.
Не паспеў ён нешта адказаць, як яна ўжо падкаціла байк да яго. Бяры, сядай. Веласіпед меў сярэднія памеры, амаль на яго рост, крыху, можа, высакаваты. Хлопец сарамліва засмяяўся, але ўзяў веласіпед у рукі і, нясмела закінуўшы нагу, сеў у сядло.