— На педалі націскай, круці! — падштурхнула яго дзяўчына. — Рулюй!
Але было ўжо позна. Байк і ён разам з ім, не праехаўшы і кроку, паваліліся на бок ды яшчэ так, што яздок адляцеў да самага плота. Дзяўчына не магла стрымаць смех і звонка зарагатала.
Ён паспрабаваў яшчэ раз. Няўжо не атрымаецца? Падняў байк і падвёў да плота. Падышоў Букер, памог сябру ашчаперыць рукамі і нагамі непакорлівы байк, прытрымаў за сядло. Спачатку Лявонка адной рукой чапляўся за плот і павольна націскаў на педалі, потым адпусціў плот. Над ілбом утрапёна матлялася чорная чупрына.
— У які бок падаеш — у той бок руль вярні! — падказвала Анет.
Але не дапамаглі ні яе падказкі, ні Букерава страхаванне: наравісты веласіпед крутнуўся ў адзін бок — веласіпедыст паваліўся ў другі.
У вачах дзяўчыны ззяла здзіўленне: «А гэты „еўрапеец“ сапраўды незвычайны — нават на байку не можа ездзіць…» Яна хацела прадоўжыць спробы, але Лявонка адмовіўся. Каб, чаго добрага, не паламаць… Прыйшлося адвесці байк у хлевушок, дзе ён стаяў.
— Табе патрэбны чатыры колы — аўтамабіль! — рэзюміраваў Букер, паказаўшы чатыры пальцы, — і таксама пайшоў у сваё прыстанішча.
Анет глядзела на «еўрапейца» ўсё яшчэ здзіўленымі вачыма:
— А хочаш, я табе штосьці пакажу?
— Што?
Яна павяла яго ў сад. Той сад, куды ён хадзіў штораніцы. Стаяла цішыня. Даспелыя яблыкі, якія гаспадар яшчэ не паспеў зняць, час ад часу падалі на дол, аднак не парушалі цішыні, а як бы наадварот — рабілі яе яшчэ больш выразнай. Было невыказна хораша.
— А ведаеце, міс Анет, вярнуся на радзіму, дык абавязкова сад завяду!
— Сад?
— Сад.
— А чаму ты мяне так называеш — «міс Анет»? Гэта залішне афіцыйна…
Ён не адразу зразумеў сэнс яе слоў.
— А як вас інакш называць — вы ж гаспадарова дачка, — ён падняў з зямлі чырванабокі, спелы яблык.
— А ты хацеў бы кахаць мяне?
Ён, відаць, пачырванеў і не ведаў, што адказаць. Палічыў за лепшае ўхіліцца ад адказу.
— Я паназіраў: у вас тут мужчын куды больш, чым жанчын, жанчыны проста нарасхват.
Яна зразумела яго па-свойму:
— І ўсё роўна ў жанчын менш правоў!
Так, у ёй адчувалася самаўпэўненасць амерыканкі. «З гонарам дзяўчына, такая апекі не пацерпіць!» — падумаў ён і хацеў нешта сказаць, але раптам зашумеў па лісці спорны, краплісты дождж. Дыхнуў вецер, і яны, не змаўляючыся, кінуліся хавацца пад вялікі разложысты ільм, што паспеў ужо пажаўцець, хоць яшчэ і не была яго пара.
— Гэта самае старое дрэва, — задыхана сказала Анет, калі яны ўжо стаялі пад ільмам, — можа, таму яно першае і пажаўцела, — яна рэзка павярнула галаву і дакранулася да Лявонкавай шчакі — атрымалася нешта накшталт пацалунка.
І ён міжволі здрыгануўся, адчуўшы мяккасць і пяшчоту дзявочага цела, якое таксама, як яблык, пахла садам, травой, усёй прыроднай свежасцю. Анет даволі няўмела падпарадкавалася яго рухам і пацалункам. Яму відаць было, як дрыжалі яе павекі і бязгучна адкрываўся ружовы рот. Потым, як бы не вытрымала, абхапіла яго галаву далонямі і прытуліла да грудзей. «Божа, няўжо я яго кахаю?» — гаварылі ўсе яе рухі.
— Ай лаў ю…
Ён замёр, сцішыўся, спрабуючы разабраць, што яна сказала.
— Што?
— Я люблю Амэрыку і цябе.
— Амэрыку і мяне? — пасля некаторага маўчання няўцямна перапытаў ён. — Чаму?
— Чаму? — таксама няўцямна, як рэха, перапытала яна. — Не ведаю…
Раптам падумалася: «А можа, гэта яна і цягнула яго сюды, у Амэрыку, у Ілінойс? Можа, гэта і ёсць яго лёс?»
Наступіла працяглае маўчанне, і яны неяк незаўважна адхінуліся адно ад аднаго. Зноў пачуўся пошум дажджу. Часцей сталі ападаць яблыкі.
— Каханне, ведаеш, патрабуе, каб чалавек аддаваў сябе цалкам, усяго, а я не магу… — Парушыў маўчанне ён.
Анет маўчала. Потым ён прызнаўся, што дома, у Еўропе, у яго ёсць дзяўчына, якой ён даў слова вярнуцца. Бледнасць на твары Анет змянілася густым румянцам.
— Пападзе вам дома, міс Анет, — сказаў ён, нібы просячы прабачэння і нагадваючы, што трэба ісці.
— Эх, мужчыны! Не разумееце вы жанчын! — уздыхнула амерыканка.
Ён нічога не адказаў, моўчкі думаў пра сваё: «Калі застацца тут — значыць адмовіцца ад маці, ад сясцёр, ад дзядулі. А яны ж спадзяюцца на яго, чакаюць! Хто, акрамя яго, ім паможа?..»
Містэр Грыц вярнуўся к абеду, прывёз з Маршалтаўна бочачку цвікоў, мяшок мукі і некалькі нумароў газет — «Мобіл рэджыстэр» і іншых. У нядзелю — святочны абед. На стале стылі мясныя катлеты са смажанай бульбай, нязменны фасолевы суп. Мелані паставіла моркву з гарошкам, засмажаныя ў смятане. Пасярэдзіне, на саламяным падносе, чырванеліся свежыя яблыкі. Грыцько і Іван ужо сядзелі за сталом, размаўлялі.