Выбрать главу

— Абед, а іх няма! — турбавалася гаспадыня. — Дзе б гэта яны маглі быць?

— Апошнім часам яна шмат у люстра глядзіцца, — пажартаваў Іван.

— Ці не закахалася? — у тон мужу дадала Мелані.

— Нешта не падабаюцца мне іх адносіны, — азваўся Грыцько.

Усе зразумелі, што ён мае на ўвазе маладога работніка.

— Не роўня ён — парабак!

— Я нічога благога не заўважыў,— супакоіў яго сын.

— Мы ж дамовіліся, што яны пабяруцца з Пітэрам. Восенню, дасць Бог, справім вяселле, — напомніў Грыцько.

— Хто, апроч Бога, ведае, як яно будзе, — уздыхнула Мелані.

У працавітасці і чэснасці свайго работніка яны пераканаліся. Гэтыя рысы ў ім падабаліся гаспадарам, і яны вельмі добра да яго ставіліся, аднак у Амерыцы не прынята блытаць прыязныя пачуцці з бізнесам. А шлюб — у многім падобны на бізнес…

— Хай бы ўжо пажаніліся дый годзе, — сказала Мелані.

— А Гэп?

— Яго не пакрыўдзім. Калі што, заплацім адступнога…

Нарэшце ў акне паказаліся Анет разам з работнікам.

…Пасля абеду містэр Грыц запрасіў Лявонку ў той пакой, дзе ляжала Біблія. Але гэты раз ён вырашыў пачаставаць яго не Бібліяй, а свежымі газетамі. Стары вельмі ўважліва чытаў газеты, хоць і ставіўся да большасці з іх з падазронасцю і недаверам. Працягнуў пачак работніку:

— Дарэчы, тут шмат украінскіх газет.

— Украінскіх? — здзівіўся Лявонка.

— А як жа! Карпатаросаў тут шмат!

Грыцько любіў газету «Свабода», якую выдавала ўкраінскае аб'яднанне ў Дэтройце. Ён усклаў на нос акуляры, агледзеў першую старонку.

— Амерыканскія войскі адпраўляюцца ў Мексіку — там разгортваюцца важныя падзеі…

Але гэта паведамленне яго не зацікавіла.

— Рыхтуецца ўрадавы перапіс насельніцтва. Па ўсёй Амэрыцы Украінскае аб'яднанне звяртаецца да землякоў, каб запісваліся русінамі.— Грыцько прачытаў па-украінску: — «Щоб нас, русинів, не вписувано як поляків або москалів, або мадярів, а лише русинамі, і щоб не вийшло таке, що будуть в Америці веі народності, лиш русинів не буде…»

«Апошнім часам, — думаў прускавец, — у свеце многае перамянілася. Падзеі, падзеі, падзеі…»

— На Валыні неўраджай! — Грыцько ўздыхнуў, затрос галавой. — У Вільна пачала выходзіць газета на беларускай мове — «Наша ніва». Некалькі экземпляраў дасылаюць у Амэрыку для эмігрантаў з Беларусі.

— А ў нас пра гэта нават не чулі! — здзівіўся прускавец.

— У расейскай Думе была гаворка пра аўтаномію для Беларусі. Але гаворкай і абмежаваліся, — Грыцько паглядзеў на свайго работніка паверх акуляраў.— Да дэмакратыі вам яшчэ далёка!

Лявонка слухаў.

— У Расіі паставілі помнік цару Аляксандру Трэцяму. Як і Пятру — на кані…

Навіны, навіны, навіны…

ІХ

У адзін з дзён ён атрымаў вестку ад сваёй прускаўскай прыгажуні. Старонка з вучнёўскага сшытка ўся спісана акуратным Ганніным почыркам.

«Дарагі Лявонка!

Ты паехаў, а я тут адна маркочуся. Вельмі часта пра цябе думаю. Успамінаю нашы прагулянкі па-над ракою, купальскую ноч і ўсё астатняе, што запала ў сэрца. Вельмі шкадую, што адпусціла цябе ў тую Амэрыку. Маці твая непакоіцца: „Росту ён невялічкага — каб не згубіўся ў той Амэрыцы…“ І праўда ж! Усё б, здаецца, аддала, каб цяпер ты быў тут са мною…»

Ён спыніўся, перавёў дыханне. Здалося, што яна побач, як тады, у клуні. Эх, каб вярнуць той пах сена і тую ноч! Пачаў чытаць далей:

«…Хлопцы за адзін вечар станцоўваюць па пары пасталоў. Мілы Лявонка, я застаюся такой жа, якой ты мяне пакахаў. Я тут і вокам ні на кога не глянула. Жыву я толькі дзеля таго дня, калі, можа, дасць Бог, убачуся з табой. Як табе там, у Амэрыцы? Ці помніш хоць трохі пра мяне? Дзяўчаты там, кажуць, прыгожыя. Я ўсё думаю, што ты ўжо, можа, і зусім перастаў мяне кахаць. Я дык цябе помню і не магу забыць усяго таго, што паміж намі было.

Ад бацькі па-ранейшаму нічога не чутно. Молім Бога, каб хоць здаровы быў. Можа, ты яго там дзе ўбачыш, Лявонка, то нагадай пра нас, што мы чакаем яго. Апошні раз ён пісаў з Дэтройта. Лявонка, я вельмі прашу, хутчэй вяртайся. Адзіноту, сам ведаеш, цяжка вынесці. Асабліва жанчыне. Некаторыя з тваіх равеснікаў ужо пажаніліся. Дзядзька Аляксей Галёнка ўзяў Міхаліну з Лісоўчыц.

Цалую цябе. Твая Ганна».

Ён спрабаваў уявіць, як яна пісала гэты ліст, як маці Васіліха дапытвалася, што яна такое піша? Калі ліст, то каму? Кахае, відаць, і пакутуе. Эх, каб я зараз быў там, у Прусцы…