— Будзьма! — пажадалі адзін аднаму.
Выпілі, закусілі. Цімоша прыгледзеўся да земляка:
— А вусы табе ідуць.
Лявонка, смеючыся, падкруціў кончыкі.
— Можа, і мне завесці? Дзяўчатам гэта падабаецца. Га?
— Давай!
Ці мотаў лёс склаўся, як высветлілася, даволі сумна. Лявонка помніў, што у Нью-Йорку ён мыў посуд у рэстаране. Надаела — падаўся на Захад.
— Трапіў я, разумееш, пасля таго ў капальню, гэта значыць, у шахту… — пачаў Цімоша, аблупліваючы апельсін. — А ў шахце ведаеш як? То холад, то гарачыня. Там столькі гэтага чорнага пылу — вылазіш пасля змены чорны, як негр, на сябе не падобны. — Цімоша адкусіў ад апельсіна сакавітай мякаці.— Там, братка, сілікозам хварэюць, а хварэць, сам разумееш, не хочацца… Давялося кінуць.
Ён уздыхнуў, даеў апельсін, пальцы нервова забарабанілі аб стол.
— Уладкаваўся прыбіральшчыкам. Ездзіў на фургоне па вуліцах, найбольш па завулках і збіраў скрынкі са смеццем. А ведаеш, колькі яго тут! Ды і падлеткі жыцця не давалі. Бягуць ззаду і крычаць: «Сметнік! Сметнік!» Абрыдла! Прыйшлося мяняць работу. Некаторы час працаваў кур'ерам у адной саліднай фірме. Я ж усё-такі граматны, як-ніяк насіў паперы, накшталт паштальёна. Ідзеш, куды пашлюць. Спачатку гэта было нават цікава, а потым адолеў сум. Спазніўся разы два…
— О-о-о! Тут гэтага не церпяць… — паспачуваў Лявонка. — А як цяпер у цябе?
— Без працы… — уздыхнуў госць.
— Манкі бізнес! — Гаспадар яшчэ наліў партвейну. — Але не падай духам, неяк яно будзе…
— Цяжка тут!
— Затое свабода — рабі, што хочаш! — рагатнуў Лявонка і адразу пасур'ёзнеў.— Не тое, што ў нас, у Расіі. Ніякага табе паслаблення…
— Паслаблення і тут не даюць.
— А як Піліпко?
— Па-ранейшаму, відаць, у Нью-Йорку. Даўно ад яго нічога не атрымліваў.
Лявонка ўспомніў, як Піліпко першы займеў работу ў магазіне адзення.
— Я, калі падаўся на Захад, пакінуў яго ў рэстаране замест сябе — хоць галодны не будзе, думаю, — сказаў Цімоша. — Піліпко колькі часу папрацаваў, але звольніўся. Пайшоў на завод — там, вядома, больш плацяць. Але, як на тое, аб'явілі лакаўт, работы няма. Цяпер, мабыць, ізноў мые посуд. А як твае справы?
У Амерыцы не прынята пытацца ці гаварыць, хто колькі зарабляе, і Лявонка на гэты конт толькі і сказаў:
— У нас ва ўсіх справы прыкладна аднолькавыя…
— Як тут у вас у Дэтройце — можна што падшукаць?
— Трэба паспрабаваць. Заўтра я цябе на завод павяду — на той, дзе я раблю. Раптам пашанцуе…
— Трахім напісаў, што бацька наш памёр. Гэтай зімой…
Лявонка ўспомніў Дармідонта.
— Здаецца ж моцны быў…
Яшчэ налілі віна, выпілі не стукаючыся, памянулі нябожчыка.
— Я, брат, ужо і ў турме паспеў пасядзець — месяц далі за валацужніцтва, — нібы пахваліўся Цімоша. — Можа, ты мне пару даляраў пазычыш?
— Чаму ж не — пару даляраў дам! Я нядаўна трохі дадому паслаў.
— Зараблю — адразу вярну.
Начаваць ён застаўся ў земляка. Назаўтра разам пайшлі на завод.
Цімошу пашанцавала: уладкаваўся ў «Форд мотар-компані» на канвеер, дзе збіралі аўтамабілі. Плаціць абяцалі пятнаццаць даляраў у месяц. У адміністрацыі — хваліўся ён сябру — нават сказалі, што калі будзе добра працаваць, дык атрымае падвышэнне ў аплаце. А што яшчэ трэба эмігранту?!
Лявонка павіншаваў сябра, цяпер яны працавалі як бы разам.
Першы прыдумаў паточную вытворчасць аўтамабіляў на канвееры Форд. Паточная зборачная лінія на яго заводзе працавала і ў дзень, і ў ноч, бесперапынна. Цімоша ўстроіўся прыладжваць надколавыя крылы. Патрабаваліся спрытнасць і хуткасць. Хутчэй, хутчэй, хутчэй. Марудзіш? Не марудзь! Бо тады каленам пад зад і ідзі, шукай іншую работу. Усю змену — каля канвеера. Варта на імгненне якое адвярнуцца, як адразу ж пойдзе брак. Рабочыя стаялі блізка адзін ад аднаго, іх рухі даведзены да аўтаматызму. Цімоша стараўся не адставаць.
На яго форман глядзеў чамусьці асабліва строга, матляў галавой, прыспешваў:
— Хутчэй!
Побач з Цімошам стаяў амерыканец — ён за такую ж работу атрымліваў больш.
ІІІ
Пастаянна карцела перачытаць лісты, атрыманыя з дому. Здавалася, што не ўсё зразумеў, не да канца, нешта важнае стаілася паміж радкамі. Гэты ліст прыйшоў нядаўна:
«Дарагі Лявонка!
Мы пакуль, дзякаваць Богу, здаровы. Жывем, як і жылі. Грошы атрымалі — 15 даляраў. Вялікі табе дзякуй, сыночак. Справілі дзяўчатам тое-сёе з адзежы і абутку. Яны ўсе ў нас, дзякуй Богу, здаровенькія і прыгожанькія.