Акрамя чытання, пісьма і арыфметыкі выкладаліся таксама пачаткі гісторыі, геаграфіі і Закон Божы. Вучні доўга дзівіліся і нават не давалі веры, калі даведаліся, што не сонца ходзіць вакол зямлі, а наадварот — зямля круціцца вакол сонца. У класе, на стале, ляжала дубовая лінейка, якую ўсе вучні добра ведалі і баяліся, таму што настаўнік біў ёю «па лапах», хоць быў ён, здавалася, свой, мясцовы, з суседняй вёскі — таксама сялянскі сын Тамаш Шпронька. Зразумела, цяпер ён займеў больш паважанае імя: Фама Фаміч Шпранько — з націскам на апошнім складзе. Але некаторыя бацькі называлі яго па-ранейшаму — проста Тамашом Шпронькам. Таму, можа, што настаўнік не адмаўляўся ад традыцыйна-простых педагагічных прыёмаў уздзеяння на навучальны працэс: здаралася, ставіў на калені ў кут, круціў за вушы, біў па патыліцы. Часам грозны быў да незвычайнасці, крычаў, наганяючы вялікага страху: «На калені, скаціна!» Раззлаваўшыся, і на грэчку ставіў, і на соль. Праўда, у адносінах да Лявонкі — невядома чаму — ён меў нейкае абачанне, бо ставіўся даволі зычліва. Разам з імем Фама Фаміч змяніў і надворны, як казалі прускаўцы, выгляд. Настаўнік насіў форменную фуражку з бліскучай цэшкай, тужурку з газікамі. Было вядома, што ў свой час ён займаўся ў павятовым вучылішчы ў Берасці. Казалі нават, што Фама Фаміч напісаў ці то збіраўся напісаць ліст самому Льву Талстому, які для ўсіх быў вялікі аўтарытэт.
У школу праз вёску ездзіў поп — айцец Глеб у сваёй нязменнай брычцы. Ён выкладаў самую важную рэч — Закон Божы.
«Вучоныя», — гаварылі ў Прусцы пра Фаму Фаміча і пра айца Глеба.
Айцец Глеб таксама строгі быў. Прыедзе ў клас, павядзе вачыма і раптам загадае: «Кужаль, прачытай першую запаведзь!» Лявонка пачынае: «Азм есмь Гасподзь Бог твой…» «Чаму „азм“? „Аз“! Чытай!» Лявонка, бывала, чытае, але айцец Глеб рэдка застаецца задаволены, і калі нават які-небудзь вучань і добра адкажа, бацюшка ўсіх страшыць: «Без Бога не да парога!» Аднойчы Лявонкаў аднакласнік, Дармідонтаў Трахімка, свядома ці не перавярнуў прытчу аб пяці хлябах, якімі насыціліся пяць тысяч чалавек, і выйшла амаль наадварот: пяць чалавек з'елі пяць тысяч булак хлеба. Усе нястрымна зарагаталі. Абурэнню бацюшкі не было межаў, шырокая барада яшчэ больш расшырылася ад яго густога баса: «О нішчыя духам, язычнікі!» У глыбіні душы ён і сапраўды лічыў прускаўцаў, як і ўсё мясцовае насельніцтва з іншых вёсак свайго прыхода, — язычнікамі. Таму, можа, што яны, на яго думку, не спаўна аддавалі Богу Богава? Айцец Глеб падняў палец над галавой і пагрозліва напомніў: «Бог ведае ўсё — і нават тое, што будзе з кожным з нас!» Лявонка бачыў, як вучні прыгнуліся да партаў, заціхлі.
Усе ведалі, што святар выпісвае газету «Гродненские губернские ведомости», што ў адносінах да сялян ён трымаў сябе панам, у сябры не набіваўся, з прускаўцаў не кожны меў смеласць звярнуцца да яго з якім-небудзь пытаннем. Звяртаўся часам толькі цікаўны Кірыла. «Што піша тая газетка?» — пытаўся ён у айца Глеба. Адказ часцей за ўсё быў «абцякаемы»: «Нічога абяцаючага, Кірыла Нікадзімавіч. Цар і царыца ў добрым здравіі!»
Вучні, асабліва дзяўчаткі, не надта ўпадалі за навукай. Да якой тут навукі, калі побач сядзеў Трахімка — свавольнік, якіх пашукаць. Любіў ён зрабіць настаўніку Фаму Фамічу і нават айцу Глебу якую-небудзь прыкрасць. То ката на ўрок прынясе, то ўстане і пытанне нейкае несвоечасова задасць. Не давалася яму пытанне пра стварэнне свету і чалавека. Хоць ты забі. «Ну, мілы мой голуб сізакрылы, вязаць табе венікі», — казаў айцец Глеб, дзівячыся таму, як лоўка ўдавалася Трахімку адвольна перадаваць гэты біблейскі сюжэт. Што азначае «вязаць венікі», ніхто не ведаў.
Дзеці багацейшых гаспадароў пачыналі вучобу з верасня, як адчынялася школа, а Лявонка — толькі калі ўжо снег ляжа. Да гэтага ён мусіў кароў пасвіць, а вясною, як толькі снег сыдзе, зноў выганяў іх на пашу. Хто іншы такім чынам навучыцца толькі хіба што распісвацца, а Лявонка ўмеў і чытаць, і пісаць, і лічыць, і на памяць сёе-тое ведаў. У школе вучылі вершы Кальцова, Нікіціна, Сурыкава, байкі Крылова, змешчаныя ў чытанцы «Русское слово». Неяк, калі сабралася ўся сям'я, бацька папрасіў: «Пачытай нам што-небудзь, сынок». Сын прачытаў на памяць байку Крылова «Воўк і ягня». Слухачы былі вельмі ўсцешаны. «Разумна напісана!»— выказаў сваё ўражанне Міхаль. «Малайчына! Можа, хоць ты калі на святло выберашся…» — падаў голас і Кірыла. «Ой, Лявонка, галубок ты наш!..» — уздыхнула ля печы маці. Лявонку ад радасці, што дагадзіў бацькам, ажно дыханне перахапіла. Чытанне і пісанне давалася лёгка, больш часу вымагалі задачкі. Ніяк яны, бывала, не рашаліся, і не было каму дапамагчы. Лявонка тады бег у канец вёскі да Павала Гальяша — адольвалі разам. Бацька Павала жартаваў: «Вас жаніць пара, а вы простую задачку адолець не можаце». Але адольвалі. З'явіліся граматныя і ў Прусцы. Лявонка сярод іншых здаў усе экзамены на выдатна і атрымаў пахвальны ліст. Гэта і вырашыла яго лёс вучыцца далей.