Выбрать главу

Прыходзіў панскі аканом, ізноў напамінаў пра рэшту доўгу, якую мы засталіся вінаватыя пану. Мы кажам яму, што Лявонка заробіць і неўзабаве вышле. А ён кажа, хай у двор ідзе Тоня — адрабляць. Тоня ў нас ужо дзеўка. Хлопцы заглядаюцца. Але што там у двары — ты ведаеш. А Тоня наша прыгажуня. Семнаццаць гадкоў ужо — як такую ў двор аддаваць! Замест яе хадзіла я, старая. Праца ў пана, сам ведаеш, не лёгкая.

Наша Тоня слаўная. У тую нядзелю пайшла на музыкі да Гальяшоў, бо ў іх хаце якраз гэта было. Пайшла босая, бо туфлі аддала старому Чапёрку падрамантаваць. Падскочыў Трахімка, запрасіў да танца. Скакалі польку. Трахім у ботах, бо каб у пасталах, дык не так. Ты ж ведаеш Трахіма, прытупваць ён не лянуецца. Неакуратна наступіў ёй на палец…»

Лявонка адвёў вочы ад пісьма. «От халера Трахім гэты!.. Вярнуся — я яму пакажу! Слабейшых крыўдзіць!»

«…І Фядорка ў нас добрая. З Барбаркаю ў школу ходзяць. Фядора ўжо другую зіму. Умее ўжо і карову падаіць, і печ выпаліць, і дранікаў нацерці.

Жыццё наша ў Прусцы ідзе сваім ходам. Пасля тых хваляванняў яно ўвайшло ў звычнае рэчышча. Праўда, ёсць некаторыя навіны. У нас ужо хутка канец зіме. А яшчэ, сынок, хочуць тут нас рассяліць на хутары, каморнікі прыязджалі. Зямлю падзялілі на тры разрады, дык нашу да трэцяга залічылі, бо, як ты ведаеш, неўрадлівая яна. На хутары, кажуць, пажар не так дастане і гаспадарыць лепш. Гэтай зімой у нас зусім не было снегу, дождж і дождж. Цяпер крыху падмарозіла, дык вельмі слізка, жывёлу з хлява не выганяем.

Ганна яшчэ больш папрыгажэла, часам да нас заходзіць, сябруе з Тоняй. Усяго толькі на нейкіх чатыры гадкі старэйшая. Дзядзька Васіль, Ганнін бацька, да сённяшняга дня яшчэ не вярнуўся, і лістоў ад яго няма. Прузына з Апраскаю пайшлі ў Кіеў Богу памаліцца. Чакаем цябе, Лявонка, не дачакаемся. А без гаспадара зямля сірата. Каб не дзядуля наш, не ведаем, як бы і жылі. Ты ж ведаеш — умее наш дзядуля і кошык сплесці і кажушок пашыць, і драўляную лыжку выразаць, і міску волавам залітаваць.

Дарагі брацік Лявонка! Гэта піша табе сястра твая Фядора. Я ўжо другую зіму ў школу хаджу і збольшага пісаць умею.

А яшчэ табе саабшчаем, што памёр Ясё Латушка.

Шлюць табе паклон дзядзька Хведар і яго сям'я. Цалуем.

Твае родныя».

Пачуццё ўнутранай прывязанасці зноў і зноў вяртала думкай на некалькі гадоў назад — у Пруску. Часцяком з сумнай, але прыемнай усмешкай успамінаў, як маці некалі ў святы перамые кошык картопляў, павыкалупвае «вочкі», яшчэ раз перамые — нажом чысціць неяк не выпадала, — патрэ на тарцы, дадасць крыху грэцкай мукі і паробіць аладкі. А потым тыя аладкі на капуснае лісце ды ў печ. Пах дабрэнны — на ўсю хату. Чакаеш — не дачакаешся, калі яны спякуцца. Нарэшце маці дастае — ужо спечаныя, абрывае крыху прыгарэлае капуснае лісце і складвае аладкі ў верцеху, а зверху палівае салам са скваркамі. Але ж хіба толькі дранікі такія? І ячменныя бліны смачныя, і аўсяныя, і праснакі!

І засумаваў ён па дзяцінстве, па тым шчаслівым узросце, калі знаходзіўся пад абаронай бацькоў і дзядулі Кірылы. Колькі часу прайшло, а не сунімаўся боль расстання з Ганнай.

«Нічога! Яшчэ паспрабую і дранікаў, і грэцкіх аладак!» — вырашыў ён напаследак і ўсміхнуўся.

Паслаў цёплы ліст дадому, паведаміў, што да яго ў Дэтройт прыехаў Цімоша. Ён у многіх месцах пабываў, цяпер разам працуюць у Форда. Ён у тым цэху, дзе збіраюць аўтамабілі. А вось дзядзьку Васіля пакуль што ніхто з іх не сустрэў. Напісаў пра тое, што быў у царкве. Тут, у Дэтройце, праваслаўную царкву называюць «рашэн чэйч». Дома ўсё будзе цікава…

На заканчэнне перадаў паклоны і прывітанні, асабліва Ганне.

Цімоша зняў кватэру — такую ж каморку, як і ў Лявонкі,— непадалёк. Час ад часу наведваўся. Сёння ён прыйшоў, ведаючы, што ўчора ў земляка была пэйда — так яны называлі дзень зарплаты. Убачыўшы аднавяскоўца, Лявонка радасна махнуў у паветры нейкай паперчынай.

— Што гэта ў цябе? — запытаў Цімоша. — Чаго гэтак радуешся?

Гэта была паштовая квітанцыя аб пераводзе грошай Падгурскаму.

— Паслаў праз Брэсцкі банк — адтуль Падгурскаму паведамяць. Дзевяноста даляраў.

— Знайшоў, чаму радавацца, — у сваю чаргу засмяяўся Цімоша, — гэта каб табе хто прыслаў — тады іншая справа, была б падстава для радасці. А так…

— Не-е, — не згадзіўся Кужаль, — аддаць доўг — добра. Засталося яшчэ чатырыста. Вышлю грошы, а там і сам буду вяртацца!

Пасля таго выпадку з Піліпком Лявонка, апынуўшыся ў Дэтройце, трымаў грошы ў банку. І такі-сякі працэнт ішоў…

— А Піліпко піша, што ўжо ланцужок упоперак жывата павесіў.

— Дзіва што! Ён — сталічная штучка, як-ніяк у Нью-Йорку жыве.