Выбрать главу

Цімоша на гэта нічога не сказаў — аб чымсьці думаў.

— Ведаеш, дзе шмат золата? — Цімоша зрабіў паўзу. — На Алясцы! Можна, кажуць, спатыкнуцца на залатой жыле!

— Я чуў, але ж гэта далёка.

Пілі піва. Цімоша любіў імбірнае, таму гаспадар яшчэ раз збегаў у салун.

— Ты бабу якую маеш?

Лявонка адмоўна пакруціў галавой.

— Без бабы дрэнна, але і з бабай таксама не лепш, — Цімоша засмяяўся. — Я тут з адной пазнаёміўся… У тым салуне, куды цябе некалі запрашаў…

Лявонка ведаў, што зямляк любіў зайсці ў адну піўную, у якой на буфетнай стойцы звычайна была выстаўлена бясплатная закуска. Узяўшы кружку піва, можна было добра пад'есці. Цімоша зачасціў туды, хоць і заўважаў, што гаспадар піўной паглядае на яго крыва. Тут яна да яго і падлабунілася. Маладая, непаседлівая, з вясёлымі вачыма і ямачкамі на шчоках. Чым ён ёй спадабаўся — невядома. На той час у яго ўжо былі грошы, і гаспадар глядзеў больш прыязна.

Цімоша махнуў рукой:

— Амэрыканка мяне абдурыла! Запрасіла да сябе, тое-сёе, а потым крычаць пачала, сарочку на грудзях дзерці. Паліцыя з'явілася. Ледзьве я ад яе адкупіўся.

— Ад каго?

— Ад той жанчыны! Ад амэрыканкі! Нібы я яе згвалціць хацеў… І паліцыю пераканала!

— Жанчыну тут падтрымліваюць! Яны тут з гонарам!

— Не тое што ў нас: музыка — бяры любую, якую хочаш!

Гаворка неяк хутка і завяла. Можа, таму, што кожны думаў пра сваё. Потым сядзелі моўчкі, быццам бы не маючы патрэбы сказаць нешта адзін аднаму ці хаця б абмяняцца рэплікамі. Пілі піва.

Цімоша зацягнуў песню:

Амэрыка люба-а, Амэрыка міла-а, Нашто ты, Амэрыка, Мяне загубіла-а?

Голас у спевака быў слабаваты, але нейкі прачулы і задушэўны.

— Добрая песня. Дзе гэта ты навучыўся?

— Нашы, эмігранты, спяваюць. — Цімоша яшчэ наліў піва. — Цяжка мне тут, браце… Не радуе і свабода. Ноччу, ведаеш, сніцца канвеер і крокі формана за спіною. Каб ён прапаў!..

— Дык думаеш, што мне лёгка? — Лявонка хацеў падняць у сябра настрой.

— Але ж вось неяк прыжыўся…

Лявонка чамусьці адчуваў сябе так, нібы ў нечым быў вінаваты перад таварышам. Але ж у чым яго віна? Можа, болей пашанцавала?..

— Мне думаецца, што я тут непатрэбны, — Цімоша здзіўлена паглядзеў некуды ўбок. — Дома і працуеш, і адпачываеш адначасова. А тут ужо калі працуеш, дык не адпачываеш.

«Шалапутны ты нейкі,— думаў пра Цімошу аднавясковец, — цяжка табе. А як дапамагчы?..»

Свой няпэўны настрой Цімоша назаўтра панёс і на працу…

* * *

Пасля першай змены Лявонка вяртаўся яшчэ да вячэрняга змроку. Выйшаўшы, як звычайна, на канцавым трамвайным прыпынку і купіўшы ў разносчыка газету, заспяшаўся на кватэру. Цікавасць у яго выклікала «Чыкага Трыбюн». Будзе што пагартаць — збольшага ён ужо чытаў па-англійску.

Гаспадыня смажыла свініну з цыбуляй. Адчыніўшы дзверы, пачуў пах. Джаана накачвала прымус. Ён павітаўся з ёй, ідучы ў свой пакойчык. Учора гаспадыня частавала яго пудзінгам і кавай з белым падсмажаным хлебам. Клапацілася пра бялізну. Праўда, бялізну сама яна не мыла, а аддавала ў пральню, але і за гэта можна было быць удзячным.

Па ўсім відаць, Джаана сімпатызавала пастаяльцу і нават не супраць была дапамагчы ў патрэбах цела. Ля яе ног цёрся, выгінаючы спіну і высока паднімаючы хвост, вялікі чорны кот. Лявонка прайшоў у сваю бакавушку, прылёг на ложак, разгарнуў «Чыкага Трыбюн». Газета паведамляла пра смерць Марка Твэна. У пакойчык, без стуку, увайшла Джаана, паглядзела на кватаранта сваімі зялёнымі вачыма. У левай руцэ дымілася толькі што пачатая папяроса. Пах дыму змешваўся з водарам парфумы. Пастаяльцу нават заказытала ў носе.

— Калгейтаўская, — з гонарам патлумачыла жанчына, маючы на ўвазе, відаць, гатунак парфумы.

Лявонка паглядзеў на яе паверх газеты.

— А хочаш, я табе пагадаю? Уэл?

Правай рукой, не выпускаючы з левай папяросы, яна ўзяла яго за гузік і асцярожна прыцягнула да сябе. Дым яна выдыхала кольцамі, якія доўга трымаліся ў паветры. Лявонка склаў газету.

— Табе ўжо гадоў дваццаць ёсць?

— Першага ліпеня споўніцца роўна дваццаць.

— Ты быў бы вельмі шчаслівы, калі б быў жанаты.

— Няўжо? А чаму?

Джаана засмяялася, павярнулася і пакінула пакой. Ён падумаў, што сёння яна прыйдзе да яго. Яна і сапраўды прыйшла.

Стомлены, ён спаў і не бачыў, як яна падышла да ложка, і адчуў яе толькі тады, калі Джаана ўжо апынулася пад коўдрай і шчыльна прыціснулася да яго ўсім сваім прагавітым целам. Пачуў пяшчотны, насычаны страсцю голас: