Выбрать главу

— Наіўны ты, хоць і кнігі тыя чытаў…— сказаў Кляновы. — Колькі табе гадоў?

— Дваццаць.

— Малады…

— А табе?

— Мне ўжо дваццаць два! — Ён паглядзеў на Лявонку з адчуваннем сваёй перавагі.

— Няёмка прызнавацца — амаль штоночы Пруска сніцца.

— Дзівак нейкі,— паціснуў плячыма Кляновік. — Пруска, радзіма… Хіба пра гэта сёння трэба думаць?

Кужаль ніяк не мог уцяміць, куды ён хіліць.

— Я на «Форд мотар» працую, — сказаў ён як бы дзеля таго, каб хоць як апраўдацца перад новым прыяцелем, — а вы?

— Ды мне, ведаеш, шчыра кажучы, не надта шанцуе. Напачатку быў у друкарню ўладкаваўся, газету выдавалі. «Новый Миръ», — можа, чуў?

— Не даводзілася. Тут некаторыя нашы хлопцы атрымліваюць газету з Вільна. «Наша ніва» называецца.

— Гэта не тое! — махнуў рукой Андрэй. — Давай яшчэ партвейну закажам.

Зноў паклікалі афіцыянта.

— Мне адзін чалавек казаў, што для Беларусі маюць даць аўтаномію, — Лявонка хацеў пачуць, як на гэта адзавецца Андрэй.

Той як бы нават усердзіўся:

— Не з гэтага трэба пачынаць! Нацыянальнае пытанне вялікага значэння не мае. На першым плане ў нас — сацыяльная перабудова грамадства. Мы — сацыялісты…

Памаўчалі, а потым Кляновік зноў паўтарыў:

— Як успомню таго салдаціка, дык, браце, і сляза навернецца. Не проста ўсё і ў Амерыцы! І расавай нянавісці хапае і іншага… Ку-клукс-клан, суды Лінча, сегрэгацыя…

— Тут так, — пагадзіўся Лявонка, — калі грошы ёсць — ты чалавек, а калі няма, дык ніхто твайго існавання і не заўважыць.

— Морганы і Ракфелеры ўсё прыбралі да рук! А нас тут лічаць смеццем, якое Еўропа выкінула ў Новы Свет. Мы для іх ніжэйшыя. Тут рабочы часам бядней жыве, чым у Расіі. У Расіі на Пуцілаўскім заводзе рабочы атрымлівае нават і дзвесце рублёў у месяц. А тут? Добра, калі пяць-дзесяць даляраў.— Прыгубіўшы партвейну, ён працягваў: — Але і ў Расіі рабочых прыціснулі. Пасля пятага года… Як што якое — за плот! Беспрацоўных там — процьма…

— Да гэтага часу не магу выслаць пану, у якога зямлю купіў,— як бы паскардзіўся Лявонка.

— Ты што? — Кляновік ажно падскочыў на сваім крэсле. — Высылаць пану грошы? Ашалець можна! — Яго абурэнню не было межаў.

А як жа? Я ж у яго пазычыў! Доўг, бачыш, мае ўласцівасць расці, калі яго дарэшты не выплаціць…

— Ну, брат, дзіўна ты разважаеш. Надта ты нейкі рассудачны. Прыйдзе час — зямлю раздадзім задарма!

Лявонка ўжо даўно прывык: дарма яму нічога не даставалася, таму падумаў, што таварыш агаварыўся.

— Як задарма?

— Задарма і пароўну.

Прускавец ажно рот раскрыў. Цяпер ужо ён мог сказаць: «Ашалець можна!» Але цёмна-шэрыя Кляновікавы вочы глядзелі смела і нават задзірыста. І тут, як і тады ў крэпасці, ён гаварыў так шчыра і пранікнёна, што нельга было не заслухацца.

— Пану свайму ты нічога не вінен, нават калі і пазычыў у яго. А ён табе — вінен! Абдурваў цябе і бацькоў тваіх усё жыццё…

Андрэй адкінуў плечы на спінку крэсла і, паманіўшы пальцам афіцыянта-негра, заказаў два куфлі таго ж імбірнага піва і, калі негр пайшоў выконваць заказ, блізка схіліўся над Лявонавым плячом, горача зашаптаў:

— Рэвалюцыйна-сацыялістычны рух набывае сёння вялікі размах па ўсім свеце! Лёс трэба браць ва ўласныя рукі!

Для большай пераканаўчасці Андрэй падняў свае здаровыя зграбныя рукі і патрос імі перад сабой. Вось, маўляў, гэтыя рукі і апроч іх няма нам на каго спадзявацца. Лявонка падумаў, што гэты чалавек сапраўды настойлівы і ўмее дабівацца свайго. «На Трахіма крыху падобны», — успомніў чамусьці свайго прускаўскага сябрука.

— Вы — сацыяліст?

Кляновік усміхнуўся.

— Дык што ж гэта такое — сацыялізм? Рэлігія новая, ці што?

Кляновік адмоўна пакруціў галавой.

— Не. Сацыялізм — гэта такое жыццё, парадак такі. Кожны ўносіць сваю долю працы, колькі ён можа ўнесці, а атрымлівае па патрэбах. Пры сацыялізме людзі будуць шчаслівыя, а значыць, і справядлівыя. А якая можа быць справядлівасць там, дзе аднаму належыць усё, а другому — нічога?.. Пасля адмены эксплуатацыі чалавека чалавекам дастаткова будзе працаваць дзве гадзіны ў дзень, а можа, і менш. Гэта — маё перакананне!