Выбрать главу

— Перакананне? — перапытаў прускавец.

— Так, кожны чалавек павінен мець сваё перакананне! — цвёрда адказаў Кляновік.

— Ну, а цяпер што вы робіце?

— За што мы змагаемся? Па-першае, за скарачэнне рабочага дня і павышэнне аплаты; па-другое, за страхаванне рабочых — хто пацярпеў ад няшчаснага выпадку, хваробы ці беспрацоўя; па-трэцяе, за пенсійнае забеспячэнне старых і калек, за забарону дзіцячай працы… За многае змагаемся. Дэтройтам мы пакуль што не задаволены. Сацыялістычны рух тут яшчэ адстае. Гэта не Чыкага. У Чыкага мы збіраем больш галасоў, чым дэмакраты! Тут да нас пакуль што не вельмі ставяцца…

Адчувалася, што ён ведаў настрой рабочых па ўсёй Амерыцы.

— Рэвалюцыянеры, брат, вялікія сябры! Для нас няма межаў і перашкод. Хто б ты ні быў — рускі, немец, француз, амерыканец, але калі мы з табой сацыялісты — мы сябры. Праўда, ёсць і здраднікі…

Яны нейкі час памаўчалі, потым раптам Кляновік сказаў:

— Цара мы павесім! — і ціха дадаў, гледзячы суразмоўцу ў вочы: — І іншым не будзе літасці!

Прускаўцу ажно заняло дых.

— Кіраваць будуць тыя, хто нічога не мае!

Тое, што гаварыў Андрэй, не месцілася ў галаве.

— Што ж для гэтага трэба?

— Згуртаванасць.

— Людзі ж не роўныя, адзін больш рухавы, другі — менш. Хто разумны — хто дурны? Як іх згуртуеш?

Кляновік паморшчыўся, як бы яму зуб забалеў ці што яшчэ.

— Гэта так. Але калі мы адчуем сябе адным класам, калі мы загарымся агульным пачуццём нянавісці і гневу, мы адчуем сваё адзінства. Гэта — галоўнае!

— Няўжо гэтак калі-небудзь будзе? — усумніўся Лявонка.

— Арганізаванасці нам яшчэ не стае, — прызнаўся прыяцель, уздыхнуў і прыгладзіў на галаве кучаравыя валасы. Раптам ён спыніўся і стаў глядзець некуды паверх Лявонавай галавы, у нешта ўслухоўваючыся. У вачах — мройлівасць. — Чуеш?

— Што?

— Музыку!

Лявонка прыслухаўся, але нічога не пачуў. Музыканты ў салуне якраз зрабілі перапынак — перасталі іграць. Прыяцель паглядзеў на яго з нейкім няўцямным шкадаваннем, як на блазна.

— Ведаеш? Мне яна начамі сніцца.

— Хто? Музыка?

— Рэвалюцыя!

— А калі ж гэта ўсё адбудзецца? — Прускаўцу перахапіла дых.

Кляновік заўсміхаўся:

— Дакладную дату, калі гэта выбухне, назваць цяжка, але к таму ідзе, — ён набраў поўныя грудзі паветра. — У мяне ўжо ў галаве, паверыш, гараць пажары!..

Тут яны абодва як бы знепрытомнелі.

Першы ачухаўся прускавец:

— А як жа потым?

— Што — потым? Галоўнае — уладу ўзяць, парадак навесці, па справядлівасці.

Прускавец ажно ўпацеў. Рашучасці яго новага знаёмага, здавалася, не было межаў.

— Цяжкая гэта, відаць, справа — рэвалюцыя?

Кляновік не паспеў адказаць. Да століка падышоў афіцыянт папярэдзіць, што салун хутка зачыняецца.

— Прыходзь заўтра на Дзірнборн, там мітынг мае быць. Беспрацоўныя вырашылі правесці, на раніцу назначылі,— сказаў Кляновік, калі афіцыянт адышоў.

— Які мітынг?

— Мітынг сацыялістаў. Заўтра ж Першае мая. — Кляновік устаў.— Я, браце, люблю сярод мас быць. Душой ажываю. Масы — гэта жыццё. Ну, будзь! Гуд бай!

V

З пахмелля шумела ў галаве, але пра мітынг Лявон не забыў. Апрануўшыся, выйшаў на вуліцу. Брудна-шэрыя хмары навісалі над горадам, чапляючыся за яго высокія цагляныя гмахі. Нейкае яшчэ бязлістае ці, можа, усохлае дрэва абсела чарада чорных птушак. Гэта былі звычайныя вароны. Радаваліся, відаць, вясне і ладзілі свае гульні.

Людзі ішлі па адным і групамі. Забаставалі, аказваецца, трамвайныя служачыя, таму давялося ісці пяшком. Лявонка дабраўся да Дзірнборна і накіраваўся ў самы цэнтр, на плошчу. Там ужо процьма народу — не адна тысяча. Мужчыны, жанчыны, людзі розных узростаў. Столькі і на фэст не збіраецца.

Нейкі хлюст у жоўтым капелюшы круціў галавой, як бы яна была ў яго на шарнірах, дзівіўся:

— Колькі народу! Гэта нават, калі кандыдат у прэзідэнты выступае, дык столькі не збіраецца…

«Можа, і дзядзька Васіль тут?» — мільганула раптам думка.

Многія трымалі лозунгі, транспаранты, на якіх Лявонка разабраў па літарах: «Патрабуем 8-мі гадзіннага рабочага дня», «Няхай жыве адзінства рабочых!», «Краўцы Дэтройта працуюць у цяжкіх умовах»… У цэнтры натоўпу — драўляная платформа, з якой меліся выступаць аратары. Натоўп чакаў. Гэта былі не тыя, у белых балахонах, якіх ён бачыў у Маршалтаўне. Звычайны рабочы люд.