Выбрать главу

— Далоў капіталізм! — закрычалі з натоўпу.

— Так! — махнуў рукой прамоўца. — Буржуазія якраз і нарадзіла клас, які пахавае яе. Гэта мы — рабочыя, пралетарыі!

— Хто ж, па-вашаму, павінен валодаць фабрыкамі? — абудзіўся чыйсьці густы бас.

— Вы, рабочыя! — У прамоўцы на гэты конт не было ніякіх сумненняў.

У натоўпе падняўся чырвоны сцяг.

— Вашай працай валодаюць іншыя, а вы асуджаны на пакуты. Вы наёмныя рабы. Вечная галеча — вось ваш лёс. А паглядзіце! У якой раскошы жывуць яны! Хіба што толькі птушынага малака не хапае…

Натоўп гудзеў абурэннем:

— Правільна! Яны хочуць распнуць нас на залатым крыжы.

— Драпежнікі, гатовыя на ўсё дзеля ўласнай выгады.

— Мы для іх смецце, яны плююць на нас!

— Ганьба эксплуататарам! — крыкнуў выступовец. — Ганьба крывасмокам! Мы не ўтойваем сваіх поглядаў і намераў. Пара рваць ланцугі! — У пацвярджэнне сваіх слоў ён падняў над галавой руку са сціснутым кулаком. — Мы павінны зруйнаваць існуючую капіталістычную сістэму і пабудаваць новае грамадства, у якім прадукты чалавечай працы будуць звернуты на ўсеагульную карысць!

Ён гаварыў так, быццам добра ведаў, што чакае ўсіх наперадзе.

— Яны супраць Амэрыкі! — віскліва крыкнуў нехта побач.

— Ён парушае антыманапольны закон! — пачуліся новыя галасы.

— У Амэрыцы і так усе свабодныя…

Прамоўца не звяртаў увагі на рэплікі і злыя галасы. І Кужаль адчуваў, што словы Кляновіка маюць сілу пераканання і — хацеў бы таго ён ці не — уздзейнічаюць на яго, уваходзяць у свядомасць і нешта тлумачаць у свеце.

Некалькі чалавек расцягнулі палотнішча паласатага амерыканскага сцяга і запрашалі кідаць на яго грошы.

— У карысць шахцёраў! — тлумачылі яны.

— Яны вымушаны да страйку!

На сцяг паляцелі цэнты і нават даляравыя паперкі, кінутыя чыёйсьці спагадлівай рукой. Да платформы, з якой выступалі прамоўцы, наблізіўся дзябёлы палісмен — павёў вачыма, але, відаць, не ўгледзеўшы нічога супрацьзаконнага, нетаропка завярнуўся і пайшоў у другі бок. Кляновіка змяніў новы выступовец.

Лявонка не заўважыў, а толькі адчуў, як нехта ззаду абняў яго за плечы, паціснуў руку. Азірнуўся. «Андрэй! Гэта ж трэба — убачыў яго ў натоўпе!»

— Добры дзень!

— Са святам! — Прыяцель прыгладзіў далонню сваю ўскалмачаную чупрыну.

— Слухай, Андрэй, я хацеў у цябе запытаць…

— Калі ласка.

— А што такое дадатковы кошт?

— Знайшоў пра што запытаць! Гэта, брат, складана. Быў адзін разумны чалавек, які ўсё падлічыў, усю бухгалтэрыю! І мы гэту бухгалтэрыю перайначым! Ты ж казаў, што чытаў Маркса?

Лявонка хацеў нешта сказаць, але раптам у натоўпе заспявалі. Песня нараджалася спакваля, не надта суладна, як бы абмацваючы прастору. Слоў нельга было разабраць — гаварылася ў ёй пра нейкі апошні бой, апошняе змаганне, і мелодыю ён таксама чуў упершыню.

— Ведаеш, што я табе скажу, — Кляновік зноў паклаў яму руку на плячо, — ідзі ты да нас. У адзіночку змагацца нельга. Нічога не атрымаецца. Па ўсім свеце людзі ідуць за намі. Улічы гэта, зямляк!

— Хто ж гэта «вы», якая партыя?

— РСДРП.

Непадалёк знаходзіўся, пагардліва пазіраючы з-пад шырокага казырка, палісмен з паласатай палкай у руках. Той самы, што падыходзіў да платформы. Павярнуўшыся да іх, ён голасна і адрывіста нешта выгукнуў.

— Што ён кажа? — пацікавіўся Лявонка, які стаяў крыху далей і з-за гаманы натоўпу не пачуў.

Кляновік пасміхнуўся:

— Што можа сказаць паліцэйскі! Кажа, што гэта падбухторванне да беспарадкаў…

Нейкая жанчына, маладая і вельмі прыгожая з выгляду, відаць, пазнала Кляновіка, кінулася яму на шыю і пачала цалаваць. Той ледзьве адбіўся. Гледзячы на іх, Лявонка крыху і пазайздросціў новаму знаёмаму. Што значыць быць у цэнтры ўвагі! Раптам Андрэй захваляваўся і пачаў некуды спяшацца.

— Ой, братачка, прабач, мне ж часу няма! — Ён зрабіў некалькі хуткіх крокаў, забыўшы нават развітацца з сябрам.

А далей адбылося нешта зусім нечаканае: Кляновіка перанялі двое палісменаў, узялі пад рукі, груба адштурхнуўшы Лявонку, які хацеў ім нешта растлумачыць, і, нічога не кажучы, кудысьці павялі. Праз колькі хвілін аднекуль з'явіліся пажарныя каманды і пачалі разганяць натоўп вадой са шлангаў. Дасталі і Лявонку. Ён ішоў дадому мокры. У галаве раіліся няпэўныя думкі і адчуванні. Цяжка зразумець што-небудзь у жыцці і рассмакаваць яго, калі ўсяго толькі пазіраць на яго збоку. Яно, безумоўна, хутчэй адкрыецца таму, хто прымае ў ім актыўны ўдзел, шукае, рызыкуе, імкнецца ўсвядоміць яго сэнс і праўду.