IV
Паказаліся першыя будынкі.
— Камянец! — усхапіўся Лявонка.
— Не, гэта яшчэ не мястэчка, — супакоіў Кірыла, — гэта Замасты, вёска.
Паабапал вуліцы стаялі звычайныя хаты, хлявы, прыбудовы, зелянелі агародныя грады. У гародчыках цвілі-асыпаліся апошнія вяргіні. Замасты аддзелены ад Камянца ракой Лосьнай, якая тут раздзяляецца ажно на тры рукавы. Над кожным пракладзены драўляны мост. Перад мастамі — з таго боку, адкуль наступаў вясенні крыгаход, — тырчэлі з вады магутныя дубовыя ледабоі. Унізе, на яшчэ зялёных паплавах, хадзілі чароды гусей. Адолеўшы апошні мост, нашы падарожнікі апынуліся на местачковым бруку. Загрукаталі аб каменні колы, грукат перадаўся целу, павялічыўшы непрыемную дрыготку.
Камянец — тыповы беларускі сярэдневяковы гарадок — мястэчка, заснаванае яшчэ ў XIII стагоддзі. Тады ж валынскім князем Уладзімірам Васількавічам — вялікім кніжнікам і філосафам — быў пабудаваны славуты Камянецкі стоўп — высокая абарончая вежа, від на якую адкрыўся нашым падарожнікам з Бабіцкай гары. Мястэчку ў Вялікім княстве надавалася немалое дзяржаўнае значэнне. Гадоў трыста назад па яго забрукаваных вуліцах звінелі конскія падковы вялікалітоўскіх рыцараў, якіх тут называлі драбамі.
Берасць першым з беларускіх гарадоў яшчэ ў канцы XIV стагоддзя атрымаў магдэбургскае права. Камянец займеў гэта права на пачатку XVI стагоддзя. Розным веравызнанням адпавядалі царква, касцёл, сінагога. Са шматлікіх крамаў плацілі падатак на карысць мястэчка, яно патроху расло, добраўпарадкавалася. У 1477 годзе мястэчка наведаў, кіруючыся ў Маскву, Амброжа Кантарыні — пасол і падарожнік. Быў тут праездам і славуты Зігмунд фон Герберштэйн. У XVI стагоддзі Камянец па колькасці насельніцтва — пяць тысяч чалавек — не саступаў Берасцю. Праводзіліся тут рыцарскія турніры, у адным з якіх браў удзел прынц Ланкастэрскі Генрых — будучы кароль Англіі.
Не адна вайна пракацілася праз старажытны Камянец. У 1657 годзе мястэчка рабавалі шведы. У 1655 і 1658 гадах наведаліся маскавіты ваявод Урусава і Барацінскага. Асабліва шмат шкоды нарабілі маскоўскія стральцы Івана Хаванскага: спалілі замак, ратушу, касцёл, царкву і 183 дамы з 286.
Мястэчка ўсё ж такі адбудоўвалася, але часы мяняліся і лёс яму не спрыяў. Чыгуначныя дарогі, якія звязалі Берасць і Гародню з Мінскам і Вільняй, Масквой і Варшавай, пакінулі Камянец убаку, і ён застаўся, як пісаў адзін этнограф, «вельмі бедным і нязначным мястэчкам Брэсцкага павета». Старажытны шлях, што ішоў з поўдня праз Берасць, Турну, Чарнаўчыцы, Відамле, Камянец, Камянюкі, Белавежу і вёў на Гародню, у бок Трокаў, канчаткова страціў ранейшую сваю ролю. Жыло тут народу тысячы чатыры, не болей. Жыхары мястэчка моцна трымаліся свайго мяшчанскага саслоўя і нават пачалі бунтаваць, калі аднойчы пасля апошняга раздзелу Польшчы, улады мелі намер зрабіць з іх сялян. Нават і цяпер тут захаваліся многія рысы даўнейшага ўкладу жыцця. У Камянцы жылі рамеснікі, гандляры, анучнікі, печнікі, кушняры, краўцы, шаўцы… Усіх цяжка і пералічыць. Каля палавіны з іх — як і ў большасці заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх мястэчках — яўрэі. Местачкоўцы — рамеснікі і гандляры — зямлёй не займаліся, і зямлі ў іх, па сутнасці, не было. Тут знаходзіліся базар, млын, сыраварня. Рабілі цэглу, чарапіцу, гонту, сельскагаспадарчыя прылады, посуд. Камянецкія кірмашы збіралі шмат народу, з усяе акругі. На іх можна было купіць усе патрэбныя жыццёвыя прыпасы. На вялікія кірмашы — раз ці два ў год — прыбывалі сюды цэлыя абозы балаголаў з Беласточчыны, Валыні, з Пружан, з Палесся, з-за Берасця і з многіх іншых бакоў. І чаго толькі не прывозілі — соль, мёд, збожжа, сала, рыбу, селядцы, сушаныя грыбы, лён, каноплі, воўну, шэрсць, скуры, дзёгаць, мыла, махорку. Хапала тут і пастаялых двароў — было іх з паўсотні. Адзін з іх і выбраў Кірыла. Орлік пакіраваў у двор да знаёмага местачкоўца яўрэя Нохіма, які займаўся шавецтвам і жыў адразу за трэцім мостам па Рымарскай вуліцы. Нохім асабліва славіўся ўменнем шыць дабрэнныя боты. Усю ноч можаш прастаяць у вадзе, а ногі будуць сухія. Конь добра ведаў гэты маршрут і ахвотна павярнуў у звычным кірунку, дзе паміж высокіх дрэў стаяла крытая пазелянелай гонтаю хата.