Выбрать главу

— Папаўся, чарнамазы!

Натоўп віраваў вакол чарнаскурага чалавека з відавочнай прымессю індзейскай крыві, пра што сведчыў ягоны твар.

— Папаўся, чарнамазы! — паўтараў сыты чалавек з вялікім падбародкам і жыватом.

— Бі яго! — хваляваўся натоўп. — Бі!

— Белыя! — лямантаваў негр. — Бог сведка, я нічога дрэннага не рабіў!

Перад Лявонкам мітусіліся налітыя крывёю твары, пырскаючыя слінаю раты з выскаленымі зубамі.

— За што ж гэта яго? — пытаўся хтосьці побач.

— Кажуць, згвалціў белую дзяўчыну. Яго ўжо вялі ў турму, але сабраўся натоўп, — расказваў чалавек з шэрым шчаціннем на твары.

— Да жанчыны прыставаў! — тлумачыў увішны тып у глыбока насунутым на вочы зялёным капелюшы.

— А хто бачыў? Можа, каму здалося, а негр невінаваты? — засумняваўся нехта.

Яго адразу ж перапынілі:

— Не ўмешвайся! Не твая справа!

— Няшчасны… — паспачуваў жаночы голас.

— Назад іх трэба — у Афрыку! — лаяўся і махаў рукамі тып у зялёным капелюшы.

— У якую Афрыку! Паглядзі — ён жа напалавіну індзеец! — пярэчыў чалавек з няголеным шчаціннем на твары.

— Годдэм! — пачулася чыясьці басавітая лаянка.

— Годдэм! Годдэм! — з асалодай паўтараў нізенькі бялявы мужчына са светлымі вадзяністымі вачыма, грэбліва скрывіўшы губы.

— Я ні ў чым не вінаваты! — плакаў негр, але яго ніхто не слухаў.

Нельга было без жаху глядзець на азвярэлы натоўп лінчавальнікаў, якія збіліся ў нейкі д'ябальскі клубок. Асуджаны апраўдваўся, крычаў, маліў аб літасці, як бы шукаючы некага сярод натоўпу апухлымі ад крывацёкаў вачыма. Лявонку падумалася, што ён ужо некалькі разоў бачыў такое забойства канакрада ў Прусцы. Ад гэтай думкі ён ажно здрыгануўся.

— Расшпілі яму штаны! Што там у яго? Пакажы ўсім! — крычаў усё той жа зялёны капялюш.

Плечы і рукі негра канвульсіўна калаціліся, з рота выпаўзалі бурбалкі белай пены. Яго павалілі і пачалі абвязваць ногі вяроўкай.

— Адрэзаць! Адрэзаць! — узвіўся над натоўпам прарэзлівы голас.

У людзях абудзіўся нейкі звярыны інстынкт, нічым не стрымліваемая жорсткасць. Асабліва стараўся, мітусіўся ўвішны чалавек у зялёным капелюшы. Ён жа і палез на тэлеграфны слуп з канцом вяроўкі, заціснутай у зубах, і перакінуў яго праз жалезны крук. Праз некалькі імгненняў негр вісеў уніз галавой. Выгляд яго наводзіў жах: твар пасінеў, вочы выкаціліся з арбіт, з рота тырчаў вялікі чорны язык. Але і гэта, відаць, не задаволіла натоўп.

— Падпаліць! Падпаліць! — раўлі лінчавальнікі.

— Нафтай яго абліць! Нафтай!

Але да нафты справа не дайшла (не знайшлі, можа, ці што), і няшчасны застаўся вісець.

Лявонку зноў падалося, што гэта Букер — той самы Букер Вашынгтан, з якім разам працавалі на ферме ў містэра Брыца. Але не — ні таго, ні другога ўжо няма на свеце.

«…Забілі невядома за што. Можа, ён і не вінаваты… Усе ж ведаюць, што Хрыстос патрабаваў, каб мы любілі бліжняга, як самі сябе…»

На біржу ў той дзень ён ужо не пайшоў. Зайшоў у парк, пастаяў сярод дрэў. «…Не, у натоўпу няма праўды, няма міласэрнасці. Хрыста некалі ніхто не пашкадаваў. Крычалі: „Распні!..“»

Пра ўбачанае ён нікому не расказваў.

Назаўтра Лявон ізноў стаяў ля біржы, але безвынікова. Зайшоў у салун, той самы — «Разгавор па-руску», і на апошнія дзесяць цэнтаў заказаў піва. Піва было пракіслым, але ён, каб перабіць голад, выпіў увесь куфель. Голад, аднак, толькі ўзмацніўся. Выходзячы з салуна, прыхапіў забытую нейкім аматарам піва ці віскі газету. Вулічная гарачыня здалася неверагоднай. Ногі зрабіліся цяжкія, як налітыя волавам. А страўнік і не думаў супакойвацца, не пераставаў нагадваць гаспадару аб сабе: «Падумай пра мяне, падумай пра мяне!» Калі яшчэ меў у кішэні колькі цэнтаў, дык мог нават два дні не есці, трываць, ведаючы, што ў любы момант можна схадзіць у сталоўку. Цяпер жа, калі ў кішэнях пуста, трываць было проста немагчыма.

Вырашыў падацца ў парк. Ад голаду пачало хістаць. «А што, калі аслабну зусім? Тады канец… Знікну, прападу, і ведаць ніхто не будзе. Можа, гэтак і здарылася з дзядзькам Васілём?..» Прыйшлі на памяць словы вярбоўшчыка: «У Амэрыцы нават самы бедны есць пірагі». Магазіны і лаўкі — што праўда, то праўда, — былі забіты прадуктамі: мясам розных гатункаў, каўбасамі, кансервамі, хлебам, булкамі. Кіруючыся ў парк, спыніўся перад вітрынаю. З вітрыннага шкла на яго глядзеў схуднелы чалавек з падупалым тварам, аброслым цёмным шчаціннем. Зусім не падобны на таго прускаўскага Лявонку, якім ён сябе заўсёды ўяўляў. Шчокі ўваліліся і шчыльна абцягвалі скулы, з-пад нізкіх броваў стомлена і прыгнечана глядзелі чорныя вочы.