Выбрать главу

Прыйшоў да памяці раніцай наступнага дня. Трызненне прайшло. Сэрца страпянулася ад радаснай думкі, што не загінуў, можа жыць, рухацца, бачыць святло. «А каб утапіўся, усё б страціў!»

VIII

Той раз бура на рацэ Гудзон і на возеры Эры патапіла не адзін іх смак, а ажно шэсць параходаў, забрала трыццаць пяць чалавечых ахвяр. Гэта праз колькі дзён яму паведаміў урач. Хворы глянуў на рукі з сінімі ўздутымі жыламі: «Вось табе і на! Зноў шпіталь…» Навакольны свет здаваўся яму цяпер нейкім крохкім і кволым. Зрэшты, як і ён сам. Доўга не праходзіў кашаль.

— Лёгкія ў цябе слабыя, нельга табе на вадзе! Табе сухі клімат патрэбны! — тлумачыў урач. — Ехаў бы ты, дружа, на поўдзень!

Пасля бальніцы, паправіўшыся, з'явіўся ў свой барак, у якім жыў, калі плаваў на смаку. З каманды ніхто не вярнуўся. Загінуў, мусіць, і Спайдэр, пра якога ў прускаўца засталіся добрыя ўспаміны. У бараку жылі ўжо новыя людзі — пра тых ніхто нічога не ведаў.

Тут яго дачакаўся нарэшце ліст з Прускі, і ён адразу ж пачаў чытаць. Пасля звычайных прывітанняў Тоня, відаць, пад сямейную дыктоўку, пісала:

«…Робіцца нешта і на небе, і тут, у нас. Гэта ж пабудавалі тую крухмальню. Крухмальня дае пану, вядома, добры прыбытак. Але здарылася і ў нас забастоўка. Новы настаўнік Мірон Міхайлавіч і раней казаў: „Несправядліва з вамі абыходзіцца Падгурскі. Вунь, кажа, у Амэрыцы па восем гадзін працуюць, не болей! А вы — самае малое па дванаццаць! Хаця б да дзесяці знізілі…“ Уступаць у перамовы ніхто не асмельваўся. Праца ішла па-ранейшаму, і ўсе думалі, што так і будзе. Ніхто ні разу не памкнуўся змяніць заведзены ход справы. І толькі калі Падгурскі знізіў расцэнкі: замест дваццаці капеек у дзень стаў плаціць пятнаццаць, — пачалося абурэнне. Бо пуд бульбы на базары і той каштаваў трыццаць капеек. Пачаўся склік. Людзі шумелі, спрачаліся, не пазнаць было нашых прускаўцаў. Забастоўшчыкаў пан хацеў прагнаць з работы. Але не. Нечакана для ўсіх згадзіўся пайсці на ўступку. Але хутка бульбу паварылі і праца на крухмальні скончылася, усіх распусцілі.

Як ты там? Цяжка, мусіць? Але спадзяёмся на літасць Бога, што ўсё будзе добра.

І яшчэ паведамляем табе, што з Амэрыкі вярнуўся Цімафей Хлябіч, твой таварыш. Кажуць, што гэну забастоўку ён і ўчыніў.

Яшчэ збіралі грошы на помнік трохсотгоддзю царскага дома дынастыі Раманавых. У нас ніхто дакладна не ведае, калі тое трохсотгоддзе. Бацюшка айцец Глеб і ўраднік Кастанты кажуць па-рознаму. Настаўнік Прускаўскай царкоўнапрыходскай школы Мірон Міхайлавіч Клімчук адмовіўся даваць, сказаў, што хутчэй утопіцца, чым зробіць гэта. Бацюшка айцец Глеб празваў яго вальнадумцам. Паліцэйскі ўраднік Кастанты данёс тыя словы станавому, і той чыніў допыт…»

Ліст, як звычайна, заканчваўся шматлікімі паклонамі, у тым ліку паклонам ад Ганны, пра якую было напісана:

«…Ходзіць Ганна як ружа, уся Пруска дзівіцца яе маладосці і хараству. Але ад Васіля з Амэрыкі па-ранейшаму нічога не чутно…»

Прачытаўшы, Лявонка замаркоціўся. Думаў пра Ганну, пра тое, што трэба вяртацца дадому. Там вунь якія падзеі. Успомніўся чамусьці Андрэй Кляновік. А можа, ён і мае рацыю? Яго прысутнасць на тым прускаўскім скліку была б вельмі дарэчы. І яшчэ больш захацелася дадому. Пакутлівая хвароба — настальгія. Ён адчуваў, як неадступным ценем ходзіць за ім яго адзінота. Вяртацца, вяртацца, вяртацца…

Трэба было зарабіць на дарогу і вяртацца. Але дзе знайсці работу аслабеламу пасля бальніцы? І тут у яго ўзнікла думка падацца на ферму да Бузукоў.

Стаяла лета. Білет купіў усё да той жа станцыі Маршалтаўн. Аконныя шыбіны ў вагонах былі прыспушчаны, і пасажыры адчувалі дыханне цёплага ветру, які нёс тонкі водар далёкіх траў і кветак. Лявонка ўглядаўся ў прывычныя ўжо краявіды — мільганне рэчак, азёраў, рэдкіх фермерскіх гаспадарак. Седзячы і заснуў.

У Ілінойс прыехаў пад раніцу. Нарэшце знаёмае:

— Маршалтаўн!

Трава серабрылася пад узыходзячым сонцам, але расы не было. Вось як здараецца: не спадзяваўся, што ізноў давядзецца ісці па гэтай дарозе. Тое самае наваколле, прырода, мясціны. Тыя самыя ільмы, толькі, здаецца, яшчэ больш магутныя, разложыстыя. Пад дрэвамі — каровы, авечкі. Пойма ўсё той жа Матушкі Волгі. Буслоў толькі чамусьці няма, і думка пабегла ў Пруску: а ў нас буслы — на кожнай балацявіне, на кожнай клуні. А як прыгожа ў Прусцы раніцай, калі сонца таксама толькі ўзыходзіць. Па расе прайсці, на дымок з комінаў паглядзець. Блінцамі, бульбай свежай пахне. Прускавец глыбока ўдыхнуў у сябе паветра. Цяпер хацелася толькі аднаго: крыху адпачыць, супакоіцца, сабрацца з сіламі і, зарабіўшы грошай на дарогу, вярнуцца дадому.