Выбрать главу

Квакеры як бы пахваліліся, што не бяруць у рукі зброю і што ў мінулым гэта прычыняла ім шмат непрыемнасцей.

Нейкі мужчына з пакалмачанай, як пакля, барадой, уважліва пазіраючы на Лявонку, сказаў:

— Фермеры па ўчастках жывуць — кожны асобна, а мы — селішчамі, супольна.

— У вас як бы свой невялікі горад…

— Не-е! У горадзе жыве д'ябал…

У размову зноў уступіў святар:

— Бог стварыў свет, прыроду і ўсё, што ёсць на зямлі, і падарыў чалавеку, сказаўшы пры гэтым: «Жыві з усім у згодзе!» А чалавек?

Прысутныя сумна ўздыхнулі.

— А чалавек, — працягваў святар, — аказаўся разбойнікам: хапае, ірве, нявечыць, знішчае… Усё гвалтам і гвалтам. Плуг прыдумаў, машыны… Распорвае жалеззем грудзі зямлі, кідае туды зерне: «Хочаш — не хочаш, зямля, а гадуй!» Вырасце тое збожжа, ён ізноў жалеззем яго пад корань!

Прускавец ніколі не думаў, што можна разважаць вось так.

Пасля непрацяглага маўчання чалавек з пакамечанай барадой сказаў:

— Мы жывём у дабрачэсціі, заставайся ў нас. У нас будзеш здаровым і багатым. Багацце — узнагарода за ўзорнае і бязгрэшнае жыццё.

Прускавец уважліва слухаў, а ў адказ сказаў:

— Для мяне новае, што я ад вас пачуў. Адразу адважыцца цяжка.

Вусны святара кранула ўсмешка.

Развітаўшыся з гасціннымі квакерамі, Лявонка падумаў пра тое, які разнастайны і шматаблічны свет. Квакеры чымсьці нагадалі яму дзівака Кузёмку з яго развагамі пра людзей, іх жыццё і норавы.

Калі станавілася асабліва самотна, успамінаў Пруску. Напісаў ліст.

«Дарагія мае мама, дзядуля і сястрычкі! За апошнія гады я шмат дзе быў, а цяпер зноў на той самай ферме, на якой працаваў раней. Не пісаў, бо пакуль пераехаў з азёраў, дзе меў сталую працу на караблі з рыбакамі. Таго гаспадара няма, памёр, гаспадарку вядзе яго сын Іван. Вядзе спраўна і жыве няблага. Я паназіраў. Адны тут жывуць добра, а другія — па гарадах — надта ж бедна, у вельмі цяжкіх умовах, але кожны імкнецца разбагацець. Дзеля гэтага людзі ідуць на ўсё. Але не кожнаму гэта ўдаецца…»

Ён успомніў капітана смака — няшчаснага Лукаса. Ці выплыў ён? А Спайдэр?

Напісаў пра сябе:

«…Шанцуе тут мне, як Кузёмку на попрадках. Прызнаюся, думаў нават ехаць у Канаду — там, кажуць, работу можна знайсці. Хутчэй. Тут з працай дрэнна. Колькі месяцаў працуеш, а потым ізноў без працы. Перадайце, хто збіраецца сюды, што я не раіў бы пакуль што кранацца з месца. Стала цяжка з работай. Ля біржы працы вялікія чэргі. Ноччу на адной з вуліц давалі галодным беспрацоўным па шклянцы кавы і па кавалку хлеба, але жадаючых збіралася столькі, што не даступішся. Часам за тым падмацункам даводзілася стаяць усю ноч, і часта ўсім не хапала. Пішу вам не тое, што чуў, а што сам ведаю. Тут у каго больш грошай — у таго і сіла. Беднаму не толькі не спачуваюць — ім нават пагарджаюць. Тут мне прапанавалі грамадзянства, бо я ўжо жыву ў Амэрыцы больш як пяць гадоў, але нашто яно мне, калі я знудзіўся па вас.

Напішыце, як там Ганна Васілішына? Перадавайце ёй прывітанне…»

У завяршэнне ліста ішлі шматлікія паклоны. У канцы прыпісаў:

«…Учора мне снілася Пруска. Наша поле ля Бярэзіны. Будзьце здаровенькі і шчаслівыя.

Ваш Лявонка 29.VII.1913 г.»

У разгар лета прыехала Анет. Адбылося гэта ў нядзелю раніцай. Ён прыбіраў пасцель у сваім павільёне і пачуў, як Мелані сказала:

— Ой, Ганначка! Каб ты ведала, хто ў нас! Лявон!

Ён не чуў, што адказала дачка.

Селі снедаць. Анет за сталом не было. На снеданне, як і раней, гаспадыня пякла аладкі, смажыла яечню, варыла аўсянку, густую і вязкую. І ўсё — смачнае.

Праз нейкі час, адпачыўшы пасля дарогі, выйшла Анет. Апранула, напэўна, лепшую сваю сукенку, падфарбавала вусны, прынесла ў пакой свежы водар чыстага дзявочага цела. Ён бачыў, як наліліся і акругліліся яе бёдры і плечы.

Павіталіся. Яна прыязна пасміхнулася. Лявонка заўважыў, што Анет шмат у чым змянілася з таго часу, здаецца, нават падрасла, але па-ранейшаму такая ж рухавая і жыццярадасная. У размову не ўмешвалася.

Гаварыў Іван:

— Вучоныя, кажуць, прыдумалі штучную яду. З'еў таблетку і цэлы дзень сыты. І ў поле не трэба абед браць. Знай сабе працуй…

— Не можа такога быць! — не паверыла Мелані.— Няўжо жанчыну калі-небудзь вызваляць ад кухні?

Іван паціснуў плячыма — на гэта ён не мог нічога адказаць…

Пад вечар Анет падышла да яго, калі ён сядзеў на лавачцы. Пасміхнулася. У вачах замітусіліся гарэзлівыя іскрынкі. Адчуўся ледзь улоўны пах парфумы. Мужчынская прырода, вядома, патрабавала блізкасці з жанчынай. Але вось цяпер, сустрэўшы яе, ён чамусьці не адчуў ніякага хвалявання.