Выбрать главу

Часцей сталі прыходзіць лісты з Прускі, якія ён перачытваў па некалькі разоў. Пачыналася яшчэ адна амерыканская зіма. Магчыма, пагэтаму ўзмацніліся сум, душэўная трывога. Іван і Мелані бачылі яго стан.

Неяк гаспадар сказаў:

— Чаго ты зажурыўся? Вазьмі закуры, весялей будзе!

Яны закурылі, але курыць не хацелася, і запаленая цыгарка пагасла.

Іван параіў:

— Грошай крыху пашлі. І табе, і ім весялей будзе.

Іх размову чула Мелані.

— Лявон, ты ўвесь час адзін ды адзін — гэта ненармальна. Табе патрэбна гаспадыня. — Мелані ўтаропілася на яго сваімі вялікімі чорнымі вачыма.

Ён спачатку нічога не адказаў, успомніў Анет, а потым адмоўна пакруціў галавой:

— Жаніцца мне няма як, місіс Мелані, мяне дома чакаюць. Я там за гаспадара…

— А мне, па праўдзе кажучы, — Іван падмаргнуў жонцы, — зяць патрэбен. Камусьці трэба ж ферму пакінуць…

Відаць, і Мелані гэтак думала.

— А што ты там рабіцьмеш, на радзіме сваёй? — спачувальна ўздыхнуў Іван.

— Што ўсе робяць. Поле араць…

Іван стрымана ўсміхнуўся:

— Сахою?

— Нічога! З цягам часу з Амэрыкі «Фардзон» выпішу! Калі гаспадаром стану… — чамусьці раптам шкада стала — і гаспадара і гаспадыню. Столькі добрага яны яму зрабілі.— А можа, і вярнуся. Жыццё пакажа.

— Лепш, чым у нас, ты нідзе не знойдзеш! — усміхнуліся і гаспадар і гаспадыня і разышліся — у кожнага была свая праца.

Тонкім, бліскучым лёдам пакрываліся лужыны. Патроху церушыўся снег. Лявонка чысціў сцежку ад ганка да стадолы, кінуў коням канюшыны, разам з гаспадаром пакарміў кароў. Захацелася яшчэ раз перачытаць атрыманы нядаўна ліст з Прускі. Ён зайшоў у павільён, узяў са стала ліст і разгарнуў яго. Ліст запоўнены вялікімі няроўнымі літарамі — пісала Барбарка:

«Дарагі сынок, брацік і ўнучак!

Як ты там маешся? Жывы, здаровы? О, як бы мы хацелі б глянуць хаця б здалёк на цябе, што ты там парабляеш, ці, можа, забыў пра нас. Гэта ж прайшло столькі часу. Ад Спаса мінула ўжэ шэсць гадоў, як ты ў той Амэрыцы. Добра, што ты адмовіўся ад амэрыканскага падданства. Нашто яно табе! Вяртацца пара!

Цяпер пра нашы навіны. У царкве была служба ў гонар юбілею трохсотгоддзя дома Раманавых. Усё было вельмі ўрачыста. Айцец Глеб справіў новую рызу. Кузёмка гэту зіму некалькі тыдняў пражыў у нас. Плёў пасталы. Сам, праўда, у ботах. Расказваў, што шмат народу з нашага краю едзе ў Сібір, на перасяленне. Мы іх шкадуем. Надта ж цяжка назаўсёды пакідаць бацькаўшчыну, але што зробіш — трэба. Доля такая. У школе на Ражаство была ёлка. Пан Падгурскі даў тры рублі, на якія купілі цукеркаў і пернікаў. Дзеці расказвалі вершы, спявалі, весяліліся, а потым дасталі гасцінцаў.

Ганну Васілішыну наша Фядорка бачыла з Трахімам. Ён ёй і раней праходу не даваў, усё заігрываў, але Ганна малайчына, трымаецца, цябе чакае. У Хомчыхі нарадзіўся сын. Назвалі Арывонам.

Ажаніўся нарэшце Аляксей Галёнка. Не адну дзяўчыну скрыўдзіў, пакуль ажаніўся. Паўла Гальяша забралі ў салдаты. Скончыць вучылішча яму, беднаму, не ўдалося — не хапіла грошай. Апошні час жыў пры бацьках, дапамагаў на полі і ў клуні.

У нас не перастаюць ліць дажджы. Разлілася Лосьна, і добрую палавіну сена знесла вадою. Падгурскі купіў ровэра на гумовых колах, пафарбаваных у чырвоны колер. Спрабаваў ездзіць, але па снезе колы коўзаюцца, і ровэр упаў, прываліўшы самога Падгурскага.

Дзядулю нашага раматус даймае, ногі ломіць. Збольшага дапамагае дзядзька Хведар. Усяго табе самага найлепшага. Калі б ты ведаў, як мы чакаем ліста ад цябе, то пісаў бы, напэўна, часцей.

Усе табе перадаюць паклоны, і дзядзька Хведар.

Пісала Барбарка».

Ён напісаў у адказ, што ўлетку будзе дома і што чакае не дачакаецца той хвіліны, калі яны нарэшце ўбачацца. І сапраўды, нейкая сіла цягнула яго туды, адкуль прыехаў, прымушала думаць пра тых, каго пакінуў у родных мясцінах:

«Дома, цяпер, вызваліўшыся з даўгоў, я буду вольны, ні ад кога не залежны, а тут усё не сваё… І Ганна!..» Зноў успомніў яе захапляльную прыгожасць, якой убачыў яе тады, у клуні, на світанні…

А праз некалькі дзён паштальён прынёс новы ліст з Прускі. Напісалі, відаць, не дачакаўшыся яго адказу на папярэдні. Ён разгортваў яго з трывогай. Спачатку ішлі, як звычайна, паведамленні пра здароўе, стан гаспадаркі, надвор'е, а потым ён прачытаў:

«…Лявонка, мы табе раней не пісалі, а цяпер вось вырашылі напісаць. Дарагі сыночак. Ганна Васілішына не дачакалася цябе, выйшла замуж за Трахіма. Адбылося гэта ўжо колькі часу назад. Было вяселле…»