Выбрать главу

Потым з шуфляды дастаў ліст паперы.

— Пішы заяву! На імя дырэктара народнага вучылішча. — І пачаў дыктаваць. Потым узяў напісанае Лявонкам, пакруціў у руках — Што ж, граматыку ведаеш. А як арыфметыку?

Экзамен па арыфметыцы праводзіў другі настаўнік. Давялося рашаць задачку. Лявонка са страхам сачыў, як натапырваліся настаўніцкія вусы і ўздрыгвала рудаватая бародка. Аднак задачка была з такіх, якія яны разглядалі ў школе.

Настаўнік задаў два-тры ўдакладняючыя пытанні, Лявонка даволі ўпэўнена на іх адказаў, і экзаменатар, здаецца, застаўся задаволены.

— Ты залічаны ў першы клас! — урачыста прамовіў інспектар.

Лявонка ад радасці адчуў сябе на сёмым небе.

— Паслязаўтра — на заняткі,— працягваў інспектар. — Як з кватэрай? Знайшлі?

Лявонка кіўнуў галавой, не ўцяміўшы як след апошняга пытання і забыўшы нават падзякаваць. Стаяў' і лыпаў вачыма.

— Можаце ісці.

Ён не пайшоў, а пабег. Дзеда знайшоў у канцы калідора, той, па ўсім відаць, добра-такі перахваляваўся за ўнука.

— Ну, як?

— Прынялі! Паслязаўтра — на заняткі!

Расчыніліся дзверы, і ў калідор выйшлі Лявонкавы экзаменатары.

— Дзякуй вам вялікі, паночкі! — сказаў Кірыла, прыціскаючы да грудзей шапку.

— Здольны, але старання трэба шмат! — нахмурыў бровы інспектар у зялёным сурдуце. — Каб не ленаваўся!

— З усіх сіл будзем старацца.

Дзед з унукам выйшлі з будынка вучылішча і, стомленыя перажываннямі, перад тым як ісці да Нохіма, прыселі на лавачку.

— Ну вось і скончылася тваё маленства, унучак.

Потым Лявонка доўга думаў над гэтымі дзедавымі словамі пра маленства, якое чалавек звычайна ўсведамляе і пачынае цаніць толькі тады, калі яно становіцца ўспамінам.

…Яго, адзінага сына, у сям'і вельмі любілі, але працаваць даводзілася нароўні з усімі, з пяці гадоў, калі працай лічыць тое, што Лявонка няньчыў сваю малодшую сястрычку Тоню, а потым і Фядорку… З самага раннягу ўзросту дзеці пачыналі хадзіць за скацінай. Кар'ера пастушка мела чатыры ступені. Пачынаў ён з гусей, праз год даверылі свіней, затым — авечак. Апошняя ступень — каровы. Пасвіў не толькі сваю, але і чужыя, бо трэба было зарабіць, каб вярнуць пазычанае. Міхаль пазычаў кожную вясну, а зімою абяцаў аддаць, — меркаваў, што за лета сын заробіць, пасучы кароў. Дамаўляліся— пуд за лета за кожную жывёліну А жывёлін тых быў заўсёды добры дзесятак. Сонца пячэ, дождж ліе, прымаразкі скавалі зямлю — а ты павінен пасвіць. «Пастолікі свае абарсай!» — звычайна казала яму раніцай Марыля, прыглядаючы, як ён абуваўся. Пастухоўская служба яшчэ не скончылася, а яго пачалі ўжо прывучаць да работы ў полі. Усяго было ў тым маленстве — і змрочнага, і светлага, і горкага, і радаснага. Лепшым сябрам быў дзед — з ім і ў поле, і ў лес. «Дзедо, дайце лейцы — я сам пакірую», — прасіў унук, калі яны ехалі ў поле. Кірыла даваў яму лейцы. «А што там? — унук паказваў туды, дзе поле прасціралася да лініі гарызонту і дасягала неба. — Край неба?» Дзед глядзеў туды, куды ён паказваў. «Так, небакрай». — «І далей ужо нічога няма?» — «Як няма? Далей — Бучамле». Так называлася вёска, што знаходзілася ў тым напрамку.

Дзед бараніў унука, нават ад бацькоў, калі тыя залішне сярдзіта паводзілі сябе ў дачыненні да сына. «Дзіця нельга біць, з ім гаварыць трэба! Біць дзіця ў ніякім выпадку нельга! Прыгледзься да яго, Міхаль, і зразумей». Кірыла часта браў унука з сабой на паляванне, вучыў ставіць пасткі, раскладаць агонь, збіраць грыбы. А грыбоў шмат: казлякі, сыраежкі, грузды, рыжыкі, ваўнушкі, краснюкі, маслюкі, лісічкі, апенькі, зялёнкі. З асалодай удыхалі грыбны пах зямлі. Лявонка заўважаў, што ў лесе, у полі, на лузе дзеду рабілася быццам бы лягчэй, ён адпачываў. У яго прысутнасці лес губляў сваю змрочнасць, станавіўся блізкі, свойскі. «Дзедо, а якая гэта птушка?» — «Сойка, унучак. Прыгожая, на вясёлку падобная, калі крылы растапырыць!..»

Да Нохіма вярталіся праз усё мястэчка, старанна абыходзілі гразкія месцы. Мястэчка нічым не нагадвала пра лес. Шыльды, шыльды, шыльды… Кірыла завярнуў у невялікую гаспадарчую краму — тое-сёе паглядзець. Наведаў некалькі знаёмых гандляроў. З Алты трэба было спагнаць грошы, якія той абяцаў аддаць Кужалям за цяля, што купіў у іх гэтай восенню. Гандляры ў чорных замусоленых лапсардаках, у такіх жа, як у Нохіма, ярмолках скардзіліся, што цяпер цяжка, ніякага барышу няма — амаль увесь прыбытак даводзіцца аддаваць спраўніку і іншым зацікаўленым асобам.

Нарэшце пастукалі да Нохіма, зайшлі ў хату. Хата ў шаўца была яшчэ меншая, чым у іх — у Прусцы. Нохім сядзеў у сваім кутку і сукаў дратву. На носе — акуляры. Убачыўшы прускаўцаў, не спыняючы работу, пацікавіўся: