У гэты дом, абмінуўшы лужыну, і накіраваўся Ясё Латушка.
Ураднік толькі што вярнуўся з аб'езду стомлены і злы. Клопатаў яму, трэба сказаць, хапала. Разам з валасным начальствам — пісарам Пацеем — збіралі з сялян-неплацельшчыкаў падаткі, нядоімку. Непрыемная, вядома, справа!
Ясё адчыніў цяжкія дзверы і, ступаючы на насках, увайшоў у сені. А куды, у якія дзверы кіравацца далей, не ведаў.
— Гаспадзін ураднік?
— Хто там не ў пару?.. — голас быў строгі і незадаволены.
— Я-а-а…
Ураднік адчыніў дзверы:
— Ну, што скажаш?
Ясё, трымаючы ў руках шапку, перамінаўся з нагі на нагу, паглядаў на гаспадара, аблічча якога, зрэшты, ён даўно ведаў: перад ім стаяў усё той жа пахмурны, непрыветны чалавек з мясістым чырвоным носам і ямкай на падбародку. На ўраднікавых грудзях, якраз пасярэдзіне, вісеў на доўгай стужцы нейкі вялікі, пацямнелы ад часу ці ад чаго іншага медаль, які яго ўладальнік не паспеў зняць ці, можа, лічыў патрэбным насіць і па-за выкананнем службовых абавязкаў у хатняй абстаноўцы. На лбе чырванеў след, адціснуты фуражкай.
— Мяне ўкрыўдзілі…
— Што здарылася? — ніжняя губа ўрадніка грэбліва адвісла. Стомлены розум яго, як і ўсё цела, быў надта ж цяжкі, павольны і замаруджаны. Кастанты паглядзеў у кут, як бы шукаючы дапамогі. У куце побач з абразамі вісеў партрэт цара, які паспелі ўжо, не разбіраючыся, хто ёсць хто, даволітакі бязлітасна забрудзіць мухі. Не звяртаючы ўвагі на чын, яны дакучалі і самому ўрадніку.
— Можа, хоць вы дапаможаце — надта сусед мяне крыўдзіць, і ніякай управы на яго няма, — Ясё апусціў галаву.
— Хто?
— Кужаль, Міхаль… Абараў!..
Рот урадніка скрывіўся ў іранічнай грымасе:
— Дык ён, здаецца, не з такоўскіх…
— Ой, вы яго не ведаеце! Ён такі!
Наступіла працяглая паўза. Нарэшце ўраднік сказаў:
— Як жа ён мог цябе абараць, калі ён сваю бульбу выбіраў?
— Вось столькі майго заняў,— Ясё развёў перад сабой далоні і паглядзеў на Кастантага, — на добры аршын!
— А да бойкі справа не дайшла?
Ясё адвесіў ніжнюю губу, як бы нешта цямячы:
— Віламі ў мяне запусціў — ледзь ухіліўся!
— М-м-м, — прамычаў ураднік, і не зразумела было, задаволены ён тым, што бойкі не было, ці, наадварот, — шкадуе, што яе не было.
Ясё надаў свайму твару выраз упартасці, адтапыраныя вушы наструніліся яшчэ больш.
— Я ў валасны суд паскарджуся! Я так не ўпушчу! Калі вы не пакараеце…
Ураднік ведаў гэту ўласцівасць мясцовага народнага характару — так званае «самаедства», схільнасць да пастаянных спрэчак, судовых працэсаў, суцяжніцтва.
— Ты што ўдумаў? Мір пазорыць хочаш? Дык калі дазнаецца Варфаламей Цітавіч, ён так цябе з дзярэўні папроць, што я не ведаю, дзе ты ачуцішся! — Кастанты дужа не любіў, калі, як ён казаў, з хаты выносілі смецце.
— А хто такі Варфаламей Цітавіч? — пацікавіўся Ясё.
— Ты што, не чуў пра Варфаламея Цітавіча? Аненкава-малодшага не ведаеш?!
— ?
— Становы прыстаў! З ім шуткі плехі!.. А з Кужалем я пагавару. Ідзі!
Ясю нічога не заставалася, як вяртацца дадому.
Назаўтра ў акно да Кужалёў пастукаў стараста: