— Міхаль! Ураднік кліча!
— Ураднік? — Кірыла паглядзеў на Міхаля. — З падаткамі, здаецца ж, разлічыліся…
— Гэта, відаць, ён, Ясё…
Міхаль апрануўся і накіраваўся да ўраднікавага дома.
Кастанты прымаў наведвальнікаў у службовай палавіне дома. Абышоўшы ўраднікаву прыгажуню-лужыну, Міхаль падняўся на ганак і нясмела пастукаў у дзверы, прадчуваючы нешта нядобрае. Пачуўшы стук, дзверы прачыніў сам гаспадар з тым жа медалём на шыі. Строга паглядзеў на Міхаля. Пазнаў:
— Заходзь!
Сам сеў за стол і адразу зашамацеў паперамі, павёў сваім чырвоным носам. З ураднікам у Кужалёў, трэба сказаць, склаліся не надта прыязныя адносіны. На думку Кастантага, гэта сям'я паводзіла сябе залішне незалежна і малапачціва.
— Што гэта ў вас з суседам адбылося?
Міхаль зразумеў, чаго яго паклікалі, і паспрабаваў патлумачыць, пачаўшы па парадку. Аднак гаспадар не надта быў настроены слухаць падрабязныя тлумачэнні.
— Так, значыць, да рукапрыкладства справа не дайшла, — перабіў ён Міхаля, і невядома, чаго ў яго тоне было больш — задавальнення ці шкадавання. — Але замахнуцца на чужую ўласнасць — гэта не жарт, гэта бунтам пахне! — Нос урадніка пачырванеў яшчэ больш.
— Якім бунтам? Што вы такое гаворыце, Кастанцін Цярэнцевіч?
— Ты мяне не вучы! — ураднік пырснуў слінаю. — Я рэвалюцыю за вярсту чую!..
Незнаёмае слова «рэвалюцыя» прымусіла Міхаля прымоўкнуць. Крыху ахалоў і Кастанты, перабіраючы пальцамі стужку, на якой вісеў медаль.
— Давядзецца аштрафаваць і яго, і цябе за парушэнне спакойствія.
Міхаль паціснуў плячыма.
— Ты нікуды больш не хадзі! — не паднімаючы ад папер вачэй, сказаў ураднік.
— Ды як так? Ён будзе на мяне плявузгаць, абражаць мяне, крыўдзіць, а я — маўчы? — Міхаль захваляваўся, пабляднеў.— Не, я даб'юся праўды! Быць таго не можа!
— Якой праўды ты яшчэ захацеў?
— Я дамагуся нарэшце, што ён адчэпіцца ад мяне! — Рысы Міхалёвага твару абвастрыліся, у абліччы дабавілася рашучасці.
— Шкада цябе, гаспадар ты ўпраўны, падаткі плаціш…
— Я не ў чым не вінаваты, я буду шукаць правоў. Колькі можна крыўдзіць…
— Іш ты яго! Правоў ён будзе шукаць… Не правоў шукай, а сведкаў, калі на тое пайшло!
— І сведкаў пашукаю.
— Калі так, дык пакінем справу да вясны. Снег растане, і ўсё відаць будзе.
Вяртаўся Міхаль дахаты расстроены, не ў гуморы.
— Так, тато, як мы і думалі, Ясё паскардзіўся.
— От нягоднік! — Кірыла пакруціў галавой, цяжка ўздыхнуў.— Мірна жыць не можа, усё каб сварыцца…
— Кастанты гразіцца аштрафаваць і яго, і нас. Судзіцца давядзецца, не інакш.
Кірыла моўчкі глядзеў на сына.
— Тады і сапраўды сведкі патрэбны!
Судзіцца для прускаўцаў — горш смерці. Марная справа. Праўда, быў выпадак, вёска судзілася з панам Падгурскім. Здарылася гэта пасля паўстання 1863 года. Паўстанне пацярпела паразу, але такія-сякія станоўчыя вынікі яно ўсё ж такі мела. Прыгон на Берасцейшчыне, як і па ўсёй Беларусі, быў скасаваны дарэшты, зменшылася плата за зямлю, сталі дазваляцца гуртавыя выпасы жывёлы ў панскіх лясах і на выганах. ІІрускаўцы таксама дамагліся ад пана права пасвіць скаціну на даволі прасторным лузе, дзе поле апускалася і пераходзіла ў сенажаць, якая далей прымыкала да поймы Лосьны. Сенажаць належала прускаўцам. Была, аднак, адна нязручнасць: вывозіць сена і ганяць кароў даводзілася балоцістым краем сенажаці — праз зямлю пан не пускаў. Жывёлы мясілі балота, грузнучы ў ім па самае вымя. Некаторых прыходзілася нават выцягваць на вяроўках. Прускаўцы вымушаны былі цярпець. Аднойчы — пасля ўжо таго злашчаснага паўстання — яны не вытрымалі і пагналі краем панскага поля. Сярод пастушкоў завадатарам быў Пракоп Пахолак. Падтрымлівалі, вядома, дарослыя. Выбухнуў канфлікт. Пан Караль Падгурскі, выйшаўшы з палаца, крычаў сялянам: «Вы ж лесам маім карыстаецеся і лазою — ніводнай жа капейкі не заплацілі!» «Вашага мы не чапаем…» — адказвалі сяляне. Прыскочыў на брычцы Кастанты. Пан Караль махаў рукамі, намагаючыся даказаць сваё. Угледзеўшы ўрадніка, ён пачаў скардзіцца яму. «У суд на іх, пане Караль! — кіпеў, ажно пеніўся, Кастанты. — Бунтаўшчыкі! Бачыш, чаго захацелі!..» На вочы яму трапіў Кірыла. «І ты тут, Кірыла?» — «А дзе ж мне быць?» — адказаў той. «Але ж бацька твой пакорлівы быў, а ты вона што!» — ужо амаль лямантаваў, не злазячы з брычкі, пачырванелы Кастанты. «Што зробіш, калі іншага выйсця няма». — «А ты хто, што адзін за ўсіх гаворыш, — стараста?» — выскаляўся на яго Кастанты. Прускаўскім старастам тады быў Якаў Галёнка — бацька Масея Касабокага. «А што, калі не стараста, то і слова сказаць нельга?!» — агрызнуўся Кірыла.