Выбрать главу

— Ходзіць Прузына, і я часам дапамагаю.

— Ты ім, кажуць, і печы паліш? — працягвала дапытвацца Марыля, нераўнадушная да лёсу сына.

— Палю, калі скажуць! У шабас. І ваду нашу…

— Чалавек вучыцца быць сярод людзей, — па-філасофску зазначыў Кірыла.

— Людзі яны не благія, — запэўніў унук, — але дома ўсё ж такі вальней сябе пачуваеш. — Памаўчаўшы, дадаў: — У іх свой клопат, наша іх не цікавіць. Толькі дзядзька Нохім часам распытвае.

— Жыды — разумныя! — пацвердзіла сынавы словы Марыля, як бы яна ўсё ведала.

Так, па традыцыі, прускаўцы называлі мясцовых яўрэяў, зразумела, не ўкладваючы ў гэтае слова ні кроплі якога-небудзь адмоўнага ці крыўдлівага сэнсу.

— Хітрыя, мужыка ўраз надуюць… — засмяяўся Міхаль.

— А ты не паддавайся! — у тон яму пажартаваў Кірыла.

— У суботу ляжаць ажно да захаду сонца. Вера ў іх такая, — працягваў Лявонка.

— Я пра гэта чула! А абедаць хоць устаюць? — пыталася Марыля.

— Чаму ж не?! У духоўцы смажаная курыца чакае.

— Ого!

— Ад звычаяў сваіх не адступаюць. Пані Малка, купляючы на базары яйкі, абавязкова пытаецца, калі іх знесла курыца. Калі ў суботу, то звычайна адмаўляецца.

— Сказана ж, таго, не чалавек дзеля суботы, субота дзеля чалавека, — паказаў сваю дасведчанасць Кірыла, але яго, напэўна, ніхто не зразумеў.

— Глядзі, з жыдамі жывеш — каб веры іх не пераняў,— у голасе Міхаля прагучала засцярога.

Кірыла, пагладзіўшы бараду, сказаў:

— Заходзіў я ў Камянцы ў іх царкву — пуста, адны сцены, не так, як у нас.

— У нашай царкве прыгожа! — падтрымала яго Марыля.

— Хто яго ведае, ці ёсць той Бог, — ні на кога не гледзячы, прамовіў Міхаль, але Кірыла быў гатовы і да такога павароту гаворкі.

— Есць! Але нават калі і ёсць, дык сёння людзі яго не надта баяцца. У Камянцы, я ўжо расказваў вам, Лейка — Нохімава дачка — з праваслаўным пабраліся, і нічога. Хоць усе былі супраць — і бацькі, і рабін.

— Гэта — праўда! — пацвердзіў унук.

— Дык жа ўцяклі некуды! Не проста гак… — напомніла Марыля.

— Знайшліся! У Берасці,— заспакоіў Лявонка.

Прускаўцы казалі не Брэст, а Берасць.

— Прысутныя ажывіліся.

— Знайшліся-такі? — па-жаночы ўзрадавалася Марыля.

— У кравецкай майстэрні працуюць! І ён, і яна…

— Не прападуць! — упэўнена сказаў Кірыла. — Свет, як ні кажыце, літасцівы да чалавека…

Назаўтра Міхаль з сынам, як толькі пачало світаць, падаліся ў клуню, на ток, малаціць жыта. Кірыла, яшчэ раней за іх, пайшоў даваць корм жывёле. Лявонка хуценька памыўся, апрануўся, рады, што хоць у нечым зможа дапамагчы бацьку.

— Ён яшчэ малы, не ўмее! — пашкадавала сына Марыля.

— Навучыцца! Хутчэй управімся, а то мышы паядуць.

У сялянскай клуні — свой свет, тут заўсёды цікава, у любую пару года. Нават пах нейкі асаблівы, прыемны. Пахне збожжам. Летам тут вяліся ластаўкі. Ляпілі пад дахам гнёзды, а на паветра, на прастор, выляталі праз дзіркі, якія свіціліся ў страсе. Зімой — цішыня. Паветра — чыстае, свежае, настоенае на пахах збажыны і сена, — прыемна казыча ноздры.

Малацьбіты разаслалі на таку пару снапоў і пабралі ў рукі цапы. Міхаль узяў звычайны цэп, сыну даў меншы, лягчэйшы, паказаў, як трэба з ім упраўляцца.

— Вось так, вось так! Цапільна да канца не апускай!

Дзверы ў клуню зачынены, але вецер дзьме ў падваротню. Міхаль сабраў некалькі кулёў саломы і заткнуў падваротню, каб памочніку было цяплей. Кволы — яшчэ, не дай Бог, прастудзіцца. Пачалася работа. Міхаль — добры малацьбіт, біў цэпам, ажно трашчала салома, Лявонку махаць гэтай прыладай было цяжэй, але стараўся не адставаць. Бацька паддаў ахвоты. Толькі чуваць: бах-бах, ба-бах!.. Абмалочаныя снапы акуратна вытрасалі, бралі з застаронка новыя. Хутка давялося распранаць світкі. Лявонкаў чуб прыліп да лба.

— Вунь да цябе сябар прыйшоў. Адпачні.

У дзвярах стаяў Павал Гальяш. Яго пухлы хлапечы твар свяціўся радаснай усмешкай. Сябрукі як-ніяк. У прускаўскай школе разам вучыліся.

— Дзядзьку Міхаль, дайце я крыху паб'ю!

— Умееш?

— А што тут умець?

— Ха-ха! — засмяяўся Міхаль. — У аднаго запыталі, ці ўмееш чытаць, дык ён адказваў: «Можа, і ўмею, не спрабаваў».

Хлопцы таксама засмяяліся на яго жарт.

— Не, я ўмею!

І абодва застукалі цапамі. Добра ўмарыўшыся, зрабілі перапынак.

— Маладзец! Добра б'еш — аж ток стогне… — пахваліў гаспадар Павала.

— Дзядзьку Міхаль, было б што! А ў вас, я гляджу, урадзіла.

Міхаль ссунуў шапку на патыліцу:

— Так, як і ў вас, аднолькава.