— Не, у нас менш.
— Гэта табе так здаецца, — Міхаль выкрасаў агню, распаліў цыгарку.
Павал павярнуўся да сябра:
— Лявонка, а як там у вас у вычылішчы? — Яму было цікава даведацца пра сябруковы справы.
— Вучымся, — няпэўна адказаў той, а потым, быццам успомніўшы нешта, прагаварыў: — Ведаеце, а наш настаўнік Станіслаў Арцёмавіч казаў, што блізкасць да зямлі ачышчае чалавека, робіць яго прасцей і мудрэй. Так сцвярджае Леў Талстой.
На гэта ніхто нічога не адказаў. Міхаль, зацягнуўшыся цыгаркай, нават з трывогай нейкай паглядзеў на сына, які ў яго вачах станавіўся як бы іншым чалавекам. Вось што значыць вучоны!
— Бацька і мяне абяцаў сёлета аддаць у вучылішча! — пахваліўся Павал.
— Ад зямлі адарвешся, а неба не дасягнеш… — як бы ў адказ яму прамовіў Міхаль, зацягваючыся дымам.
— Вунь, — сказаў Павал, — наш Фама Фаміч гаворыць, што мы ў цэнтры Еўропы жывём, у самай сярэдзіне, а граматных у нас ой як мала…
Усе ведалі, што ў Фамы Фаміча было адно дзіўнае захапленне. Ён чамусьці быў упэўнены, што цэнтр Еўропы знаходзіцца якраз у Прусцы. Узброіўшыся лінейкай і цыркулем ён цэлымі вечарамі гнуўся над картай, вымяраючы адлегласці ад Прускі ва ўсе бакі свету.
— Дык вось, ці не ад вялікай граматы блазнам стаў! — азваўся Міхаль, з крэктам беручы цэп.
Аднак хлопцы, відаць было, не падзялялі Міхалёвых жартаў. У іх — сваё.
— Ці пойдзеш з гвяздай? Такую прыгожую на гэты раз зрабілі! І свечку ўставілі — нават пры ветры гарыць! — ажыўлена расказваў Павал.
— Чаму ж не? Пайду, калі возьмеце! — загарэўся Лявонка.
…Абмалочанае збожжа веялі, ачышчаючы яго з дапамогай драўлянай лапаты ад асцюкоў і мякіны. Правеянае зерне ссыпалі ў мяшкі. Міхаль падмятаў ток. К вечару торп у застаронку, як адзначыў хлопец, на пару снапоў паніжэў.
VIII
Каляда і Ражство пачыналіся пасля зімовага сонцавароту. Каляда дбала пра людскі дабрабыт і — як на сялянскі розум — павінна была паспрыяць удачы.
Марыля гатавала святочную вячэру — куццю, калядны боршч. Мужчыны клапаціліся пра гаспадарку, асабліва пра жывёліну. Хрыстос у хляве нарадзіўся, дык жывёле на Ражство трэба асабліва дагадзіць. Кірыла не скупіўся ні на подсціл, ні на корм. Орліка ён пакарміў сечкай з бульбай, перасыпаўшы іх аўсом. Ланьцы (гэта — карова) у яслі паклаў мешанкі (сена з саломай), як звычайна, але ў дадатак яна атрымала яшчэ і бульбы. Калі свята, дык для ўсіх. На дзвярах і вушаках крэйдай намаляваў крыжыкі. Гэткім чынам гаспадары аганяліся ад чарцей-хлевавікоў, якія маглі прычыніць шкоду скаціне.
Вечарам нікуды не разыходзіліся, сабраліся ў хату, куды Кірыла ўжо прынёс невялічкую вязаначку сена і сноп абмалочанага жыта. Гэтага патрабаваў старадаўні звычай. Сноп стаў у покуці, пад абразамі, а сена тоненька разаслалі па стале, накрылі святочным настольнікам. І будзе стаяць гэты жытні снапок тут, у покуці, ажно да Вадохрышча.
У хаце панавала адчуванне нейкай урачыстай таямнічасці. Супакоілася нават Барбарка, лежачы ў калысцы з адкрытымі вачанятамі.
Вячэраць Кужалі селі, калі ўзышла першая зорка. Адзін толькі Лявонка не ўседзеў — пабег недзе з сябрукамі «гвязду» насіць.
— Марыля, — напомніў свёкар, — талерак пастаў ды лыжку пакладзі, а раптам хто з нашых завітае…
Кот, седзячы на лаўцы, умываў лапкамі мыску.
— Бачыце? — Марыля паказала на ката. — Гасцей трэба чакаць.
Звычайна гасцей на куццю не запрашалі, бо свята лічылася сямейным, але калі хто прыходзіў, былі радыя. Пад вокнамі нехта якраз і пратупаў, і тут жа ў воблаку пары, як аднекуль з неба, ускочыў у хату невялічкі чалавечак, увесь абсыпаны снегам.
— Кузёмка? — здзівіўся Міхаль.
— Ён, — счакаўшы, пацвердзіў госць.
Патупаўшы ля парога, ён абмёў венікам боты, і тыя раптам заблішчэлі, асабліва ў халявах, як бы толькі што наваксаваныя. Кузёмку часта пазнавалі перш за ўсё па ботах. Такія боты ў Прусцы з павагай называлі «афіцэрамі», бо бачылі, мусіць, на афіцэрах. Перад тым, як павітацца, госць зняў шапку-магерку, павярнуўся да покуці, размашыста перахрысціўся і голасна абвясціў:
— Добры вечар у хату!
Гаспадары ўбачылі на Кузёмкавых вуснах звычайную яго, крыху дзіўнаватую ўсмешку.
— Добры вечар! — тут жа азваліся Кірыла з Міхалём.
«От, на табе, прыпоўз, калі яго не клікалі,— падумала Марыля, — валацуга гэты…» Яна недалюблівала Кузёмку.
— Іду з Высокага ў Камянец, дай, думаю, зайду, праведаю.
— Дадому, ці што? — пацікавіўся Міхаль.
Вядома было, што дадому Кузёмка вяртаўся позняй зімой, астатні час бавіў, бадзяючыся па свеце, і так цягнулася гадамі. «Бедалага», — шкадавалі яго, хто ведаў лёс гэтага вандроўніка.