Выбрать главу

— Правільна зрабіў! Распранайся! — падбадзёрыў яго Кірыла.

— Не, мне мусова трэба ў Камянец! — сказаў Кузёмка.

— Куды ён дзенецца — Камянец твой! — супакоіў госця Міхаль.

— Распранайся!

— Ну, яно-то вядома!

Кузёмка, відаць, хацеў, каб яго яшчэ і папрасілі.

— Заставайся, заставайся! — падала голас Марыля.

— Ну і дзьме, аднака! — скрушна цмокнуў языком прышэлец, здымаючы свой падбіты ветрам кажушок. — Вельмі проста мог бы заблудзіцца! Калі б не прысады абапал дарогі, напэўна б, заблудзіўся.

— Дзе — у нашых мясцінах? — падзівіўся Міхаль.

— Каля Рудаўца дрэў няма, голае поле — дык і блудзіць пачаў.

Кузёмка цёр рукі, шумна на іх дыхаў і пасміхаўся. Усмешка ў яго была нейкая незразумелая: прыдуркаватая і хітраватая адначасова.

— Проста-такі аблуда на мяне найшла. Ой-ёй-ёй! А чаму гэта здарылася — ведаеце?

Зразумела, прысутныя не ведалі. Адкуль ім было ведаць, што і чаму здарылася з падарожным.

— А таму, што, ідучы ля крыжа, у пачатку вёскі, забыў перахрысціцца! Вось яно і здарылася! Малюся Богу, а сам, аднака, не ведаю, дзе я, за снегам нічога не відна, і вецер, здаецца, перамяніўся. Карчы нейкія, і снег ужо вышэй каленяў. А яна ўсё водзіць мяне, водзіць…

— Хто водзіць? — напалохана ўзняла бровы Марыля, але расказчык нават не пачуў яе пытання.

— А ў кустах нехта так жаласна-жаласна скавыча. У алёс завяла. Чую — пад нагамі чвякае.

— Нячыстая сіла? — насцярожыўся Кірыла.

— Яна! — пацвердзіў Кузёмка. — У мяне, паверце, магерка на галаве паднялася!

Што-што, а пагаварыць Кузёмка любіў, і часам цяжка было нават даўмецца, праўду ён гаворыць ці крыху фантазіруе. Паводле яго апавяданняў, свет здаваўся загадкавым і пагрозлівым. Кожны момант толькі і чакай бяды ці непрыемнасцей.

Пакуль ён расказваў, гаспадыня ўсё накрывала калядны стол.

— Кузёмка, ты, таго, падсаджвайся, калі ласка, да стала, — запрасіў Кірыла.

Госць сеў.

Калядны стол павінен налічваць не менш, як дванаццаць страў. Усё лепшае! І хлеб на Каляды выпякаўся з веянага жыта і прасеянай мукі. Пасля свят гэты хлеб хавалі для дзяцей — давалі ім потым па лустачцы, як ласунак. Скаромнага на Каляду не ядуць. Пост. Калі трэба засмажыць якую страву, ужывалі алей. Алей быў свой, бо ў кожнай гаспадарцы сеялі і лён, і каноплі.

Пачалі з капусты з грыбамі. Елі і хвалілі. Затым гаспадыня падала буракі з алеем ды цыбулю, смажаную рыбу, потым піражкі з капустаю, аўсяны кісель, аладкі, некалькі талерак узвару з сушаных груш і яблык. Апошняй стравай была куцця з падсалоджаным макавым малаком.

— А добра, людкове, сядзець у сваёй хаце, — сказала Марыля. — Каляда на тое і свята, што хоць пад'ясі ўволю.

— Каб заўжды так, то няблага было б, — пагадзіўся з нявесткай Кірыла.

Ад лучыны адваліўся вугалёк і зашыпеў у вадзе.

— Дай, Божа, заўтра тожа, — лоўка ўставіў слова Кузёмка, які засяроджана і ўдумліва смакаваў кожную з падаваемых Марыляю страў.

Дзіўны чалавек! Ніхто напэўна не ведаў, адкуль ён родам. Казалі, што з Вайской — так называлася вёска кіламетраў за дзесяць ад Прускі. Яшчэ казалі, што быццам бы Кузёмку, калі быў яшчэ малады, здрадзіла дзяўчына — Параска з двара пана Бяльчынскага. Пасля гэтага ён шмат хварэў, нават у беспрытомнасці знаходзіўся. Думалі, што з яго ўжо нічога не будзе, але чалавек ачуняў. Праўда, стаў нейкім іншым, непазнавальным. Як бы які зрух у ім адбыўся. Зрэшты, падрабязнасцей ніхто не ведаў. Прывыклі: ходзіць Кузёмка па свеце… Часам хто пашкадуе бедака — з харчу што дасць, сарочку чыстую, Кузёмка, трэба сказаць, надта любіў сарочкі мяняць, каб заўжды чыстыя былі. Бо як-ніяк — лічыў сябе кавалерам.

Прачнулася Барбарка, падала голас з калыскі.

— Тоня, пакалышы, я зараз, — усхапілася Марыля.

— Есці просіць, — усміхнуўся Кузёмка.

— Зараз пакармлю.

Звычайна зайшоўшы пад восень ці зімою ў вёску, Кузёмка шукаў, дзе сядзяць кудзельніцы. Не надта крыўдзіўся, калі ў хату не пускалі (здаралася і такое). Але часцей за ўсё пускалі, чакалі ад яго навін. Кузёмка — газета з нагамі. Усё ён ведае. І цяпер, у Кужалёў, Кузёмка чакаў моманту, калі ў яго пра нешта спытаюць.

— Дык што новага на гэтым свеце чуваць? — першы азваўся Міхаль, як бы адчуваючы стоенае Кузёмкава жаданне.

Госць, не задумваючыся, адказаў:

— Што новага? Канец свету ідзе. Страшны суд. Кажуць, на дваццатым стагоддзі ўсё і скончыцца.

— Дык ты казаў пра гэта. Той раз. Добра нашых прускаўцаў напалохаў!