…Ад хаты да хаты хадзілі з «гвяздай». Падышлі і да Кужалёў. Ля акна пачуўся званок, і адразу ж загрымеў бубен.
— Добры вечар шаноўнаму гаспадару! Праздраўляем з Ражаством Хрыстовым! Спяваць ці не?
Кірыла глянуў у цемру за акном, перад якім шумеў хлапечы натоўп і ўжо стаяла прыгажуня-«гвязда». Унутры яе за прамасленай паперай зырка гарэла свечка.
— Спявайце!
Калядоўнікі пачалі:
Хадзіць з «гвяздай» — стары звычай, які прыжыўся з часу уніяцтва. Прайшоў час, унію адмянілі, але многае засталося — і гэта «гвязда», і песня…
вылучаўся голас Трахімкі.
— Бач, як зацягвае Дармідонтаў сын! — не то з пахвалой, не то з усмешкай азваўся Кірыла.
— Тоня, вынесі ім пяць капеек… — сказаў Міхаль.
— Гэта шмат, хопіць і дзве! — паправіў яго Кузёмка. Тоня збегала на вуліцу, аддала грошы скарбніку (ім быў Павал Гальяш) і хутка вярнулася.
— На дварэ халадзёнка!
Сапраўды, к поўначы мароз стаў крапчэй.
— Бывайце здаровы, як у небе анёлы! — падзякавалі калядоўнікі.
Шум, весялосць, смех.
— Недзе і наш там, — усміхнулася Марыля. — Каб не прастудзіўся.
— Ганна Васілішына ходзіць разам з імі! — сказала Тоня.
Звычайна дзяўчат калядаваць не бралі — для Ганны зрабілі, відаць, выключэнне.
— Ну, то, мусіць, і Лявонка там…
— Дзіва што!..
Ён і сапраўды быў там — спяваў разам з усімі і ўкрадкай) пазіраў на Ганну. Пад нагамі рыпеў, як асенняя капуста, снег. Ганна выглядала самай вясёлай і смяшлівай. У мігатлівым святле «гвязды» тонкімі шнурочкамі чарнелі яе бровы. І там, дзе грудзі, у яе ўжо крышачку пуклілася. Ён узяў яе за руку і праз рукавічку адчуў, як яна дрыжыць. Ад хвалявання, відаць. Яны стаялі якраз насупраць Шведавай хаты.
— Не трэба, а то людзі шчэ падумаюць, што закахаўся.
— У цябе?
— А раптам? Усялякае можа быць…
— Не бойся, я нясмелы.
— Дык з нясмелымі гэта якраз і здараецца.
Ён маўчаў.
— А я зараз паваражу! — падхапілася яна, падбегла да плота, што аддзяляў Шведаў панадворак ад вуліцы, і пачала рукою ў рукавічцы пералічваць штыкеціны, страсаючы з іх снег.
— Што гэта ты?
— Не што, а хто…
— Загадала нешта?
— Не скажу…
Яму прыемна было знаходзіцца побач з ёю, хоць ён саромеўся гэта паказваць.
ІХ
Зіма выдалася халоднай. Пасля Каляд дні два галёкала завіруха, ды такая неўтаймоўная, што валіла з ног. Снег ажно пеніўся. Шалёны вецер круціў яго ў паветры і з размаху кідаў у вокны хат, у твары людзей, нібы жадаючы пакараць іх за нешта нядобрае, у чым яны маглі быць вінаватыя.
Кузёмка, жадаючы перачакаць мяцеліцу, з тыдзень жыў у Кужалёў, паміж дзяцей. Боты яго стаялі ў кутку і адтуль паблісквалі зіхоткімі халявамі. Уладальнік іх сядзеў на печы. Калі Барбарка пачынала хныкаць, Тоня гайдала калыску і страшыла жартам:
— Глядзі, не плач, а то Кузёмка ў торбу пасадзіць і панясе.
— Перастань, хіба так можна? — ушчувала яе Марыля.
Кузёмка, аднак, на гэта не крыўдзіўся, а толькі матляў галавою і пасміхваўся. Ведама, дзеці.
— Наадварот, — весела казаў ён з печы, — я суцешыць магу, думкі развеяць, а не тое, што пакрыўдзіць. Слухайце! — і пачынаў:
— А цукеркі? — цікавіцца Фядорка.
— Цукеркі на самым дне! — пасміхнуўся Кузёмка і паабяцаў: — Неяк абавязкова куплю ў Камянцы, прынясу і пачастую.
— Нас Лявонка частаваў! — хваліцца Фядорка.
«Дык ён і весялун, Кузёмка гэты!» — думала Марыля, стоячы ля печы.
— Эх, ведаеш, што б я зараз з'еў? — звярнуўся Кузёмка не то да Фядоркі, не то да Марылі і, не чакаючы ад іх адказу, прызнаўся: — Блінцоў аўсяных з гусіным шмальцам!
— Я таксама б не адмовіўся! — падтрымаў яго Лявонка, які тым часам завітаў у хату.
— Вось вясною развядзём гусей — тады будзе і шмалец, — жартам адказала Марыля.
— Доўга чакаць, — хіхікаў Кузёмка з печы. — А тым часам загадку вам загадаю: адгадайце, што на свеце саладзей за ўсё і што на свеце шпарчэй за ўсё?
Адказаць, як ні спрабавалі, ніхто не мог, нават Лявонка. Кузёмка растлумачыў: саладзей за ўсё — сон, а шпарчэй за ўсё — думка.