Дзеці і Марыля слухалі з цікавасцю, дзівячыся Кузёмкаваму ўсёведанню.
Прыкмячаючы, што прысутныя звяртаюць на яго ўвагу, дзівак не мог стрымацца, каб не пахваліцца:
— Ха! Думаюць — Кузёмка дурны? Аднак я ўсё бачу і ўсё разумею.
Была ў Кузёмкі слабасць. Зрэшты, даравальная. Любіў ён наведваць вячоркі, якія ў Прусцы называліся попрадкамі. І вабілі яго, не будзем утойваць, галоўным чынам жанчыны…
Асеннімі і зімовымі вечарамі збіраліся дзяўчаты і маладзіцы ў адной якой-небудзь хаце на попрадкі — прасці кудзелю. Дзе дзяўчаты — там і хлопцы. «Гэта лепш, чым калкамі біцца», — жартоўна гаварыў Кірыла. Да Кужалёў, праўда, не прыходзілі — лічылася, што ў іх шмат дзяцей ды і хата невялікая. Збіраліся пераважна ў той хаце, дзе была дзяўчына на выданні. І прыходзілі найбольш такія, якім замуж пара. Кожная — з кудзеляю, прыбраная.
Кузёмка гэта добра ведаў — цікавасць да жанчын у яго была вялікая і неспатольная…
…Сёння попрадкі прызначаны ў Васіля Каленіка. Лявонка звечара ўжо там. Зімою змяркаецца рана, і хата ўжо амаль поўная. Сціплая яна ў Васіля — Ганнінага бацькі, затое гасцінная. На лаўках, паабапал сцен, сядзела моладзь — хлопцы і дзяўчаты, чуліся жарты, смех. Былі тут не толькі дзяўчаты, але і маладзіцы: Прузына Відэрка і Апраска — жонка Пятра Ламакі ўжо стракаталі калаўротамі. Прынеслі сваё начынне і Хомчыха з Аленай Дармідонтавай — селі на лаву і ўзяліся за кудзелі.
Жанчыны, калі збіраліся вось так разам, у адной купнасці, станавіліся весялейшымі, больш шчырымі, адкрытымі, нават жыццярадаснымі і прыветнымі адна да адной. На вячорках можна было даведацца пра навіны з усёй ваколіцы: хто збіраецца жаніцца, хто выходзіць замуж, у каго нарадзілася ці народзіцца дзіця… У хаце панавалі шум, смех, гамана. Кудзельніцы спрытна смыкалі лён, раскручвалі калаўроты, ведаючы недзе ў глыбіні душы, што вытканае з нітак, спрадзеных марозным зімовым вечарам, палатно будзе трымаць цяпло ў сцюдзёную пару і прыемна халадзіць цела ў летнюю спёку.
У куце стаяў вялізны, зрэзаны нажамі стол, за які прыстроіўся дзядзька Васіль і крышыў самасад. Ён пакідаў уражанне дабрадушнага, незласлівага і вясёлага чалавека, але самы моцны тытунь — у яго і ў Захара Відэркі. Твар у Васіля ў некалькіх месцах заклеены паперкамі. Відаць, толькі што, рыхтуючыся да вячорак, галіўся, бо як-ніяк жанчыны прыйдуць, дзяўчаты… Ля пліты корпалася Васіліха.
— А ты што кажуха не здымаеш? — звярнуўся гаспадар да Аляксея Галёнкі, які сядзеў побач з ім.
— А, так…
Усе ведалі, што Аляксей, маючы неблагі кажушок, хацеў ім пахваліцца перад дзяўчатамі, таму і не здымаў на працягу ўсяго вечара.
Разам з Аляксеем прыйшоў сарамлівы Міхаль Тупчык і адразу палез у куток. За ім — Павал Гальяш.
— Здарова, кавалерка! — з парога гукнуў, вітаючыся з хлопцамі, Дармідонтаў Трахімка, моцна бразнуўшы дзвярыма. На галаве ў яго фуражка з бліскучым казырком (магерку не носіць), на плячах — спраўны кажушок. У паставе, як заўсёды, ганарыстасць — так бы і любаваўся на сябе. Дробныя прышчыкі на твары сведчылі аб раннім хваляванні крыві.
Алена — мачыха — зірнула на яго і зачырванелася.
— Ого, гэтак ты мне і хату разваліш! — занепакоіўся гаспадар.
— Нікуды не дзенецца ваша хата, будзе стаяць! — смеючыся, запярэчыў Трахімка.
Але ад Трахімкі ўсяго можна чакаць. Чмутарскіх здольнасцей яму не пазычаць. На гагатуху (так у Прусцы называлі багаты вечар перад Новым годам) Трахімка, які любіў чыніць розную непатрэбшчыну, і на гэты раз не ўтрымаўся, каб не заткнуць Масею Галёнку комін кулём саломы.
З'явіліся Цімоша з Піліпком, а за імі і Фэдар Швед — усе ў добрым настроі. Прывалакла свой калаўрот, ажно з канца вёскі, Гальяшова Луша. У хаце гуло. Асабліва разняволена пачуваў сябе Трахімка — то слоўца якое асаблівае кіне, то адмысловы жарт раскажа. Прысутнасць мачыхі Алены ён як бы і не заўважаў. Ды і не на шмат яна старэй за яго. Гадоў на дзесяць якіх…
Хлопцы прыставалі да дзяўчат — тыя ружавелі, адмахваліся, рабілі выгляд, што гэта іх зусім не цікавіць.
Оргій Відэрка кідаў позіркі на чарнявую Хомкаву дачку Вольку, але прысутнасць яе і сваёй матак астуджала і яго, і яе. А на Цімошу, Трахімавага брата, зазыўна глядзела Сонька — дачка каваля. Цімоша ці не бачыў гэтага, ці не хацеў звяртаць на Соньку ўвагі. Ды і выглядаў ён не па-даросламу, а хутчэй як падлетак.
Найбольшы спрыт і нейкае асаблівае нахабства ў дачыненні да дзяўчат — у Трахімкі.
— О, цыцкі! — з захапленнем прытуліўся ён раптам да Волькі, не зважаючы на тое, што тут жа, у хаце, знаходзілася яе маці — Хомчыха.