Волька, усхваляваная і задаволеная Трахімавым кампліментам, затулялася рукамі, круціла галавой.
Кудзельніцам гэта, мяркуючы па ўсім, таксама было цікава. Не адрываючыся ад калаўротаў, яны, у тым ліку і Алена, стрымана пасмейваліся.
— Дзядзьку Васіль! — Трахімка павярнуўся да гаспадара, які канчаў крышыць самасад. — Давай закурым!
Скруцілі цыгаркі. Трахімка падышоў да печы, дастаў вугельчык і прыпаліў ад яго цыгарку. Адразу ж важна зацягнуўся і, адтапырыўшы тоўстую ніжнюю губу, з шумам выдыхнуў цэлую хмару тытунёвага дыму.
— Гэтак ты, хлопец, нас падушыш, — незадаволена прабубніла Хомчыха.
— Нічога! — адмахнуўся Трахімка і зацягнуўся яшчэ глыбей.
Прапанаваў закурыць брату, але Цімоша адмоўна пакруціў галавой. Трахімка і Цімоша — поўная супрацьлегласць, хоць і ад адной маці, былой панскай пакаёўкі. Выдаў яе некалі пан Падгурскі за свайго гаёвага Дармідонта, але не доўга за ім пажыла. Памерла, пакінуўшы яму двух сыноў — Трахіма і Цімошу. Трахімка нарадзіўся неўзабаве пасля вяселля. Калі яго хрысцілі, дык бацюшку, казалі, у царкве мову адняло, слова не мог выгаварыць — заікаючыся, макнуў дзіця ў купель і вярнуў куме: «На, трымай…» Такі выпадак у вачах прускаўцаў прадказваў нейкую незвычайную будучыню. Трахімку, калі падрос, прускаўцы чамусьці абыходзілі, як бы не хацелі з ім мець справу.
Цімоша быў іншы. Ён з самага пачатку здаваўся не то хваравітым, не то ленаватым. З малых год яго зняважліва, хоць і не без падстаў, дражнілі Серуном. Аднойчы бацька неасцярожна назваў яго гэтак пры аднавяскоўцах — і прыкрая мянушка замацавалася за Цімошам…
Пасля смерці першай жонкі Дармідонт узяў вясковую дзяўчыну з Зінькоў — маладую, чырванашчокую Алену Гезаву. Яна і сядзела сёння на попрадках.
Не вымаючы з зубоў цыгарэты, Трахімка ад Волькі перакінуўся на цельпукаватую Грушу Чапёрку, а Міхаль Тупчык — вось табе і сарамлівы! — падлабуньваўся да Гапкі Грудкі, што прытэпала ажно з Выгнанкі. Міхаль няўклюдны, а Трахімку смеласці не пазычаць. Але і Груша хоць не ганарлівая, але і не такая, каб адразу паддацца.
— О, які цваны!
— А што? — прытварыўся Трахімка.
— Не чапай, а то кепска будзе! Бессаромнік…
Трахімка заўсміхаўся і паказаў пальцам у куток.
— Бачыш, як павук муху абняў ды смокча. Не дае спуску!..
На Трахімавым твары адбіўся вясёла-цынічны выраз.
Усе, хто пачуў, зарагаталі і паглядзелі ў той куток, куды паказаў дасціпны Трахімка, аднак ніякай мухі не ўбачылі, бо было цёмна. Разам з усімі звонка засмяялася і Алена — мачыха, паказаўшы белыя зубы.
— Ты надта шмат жартуеш, Трахім! — заўважыў гаспадар.
— А што? — ухмыльнуўся Трахімка. — Плакаць?
Васіль устаў, запаліў яшчэ адзін каганец, стала святлей.
Ля парога сціпла перамінаўся з адной нагі на другую Гамон, не здымаючы з галавы шапкі.
— А Май там чаго стаіць? — кінуў вокам на яго Трахіма.
— Я не Май, я Гамемнан.
Гамон — сын аднаго з братоў Гальяшоў, што жылі на самым канцы Прускі.
— Дык не саромся, Гамемнан!
Айцец Глеб даў яму пры нараджэнні, глянуўшы ў святцы, імя Агамемнан, але яно аказалася цяжкім для прускаўскага вымаўлення, і вяскоўцы перарабілі яго на Гамон. А можа, яшчэ і таму, што ён дрэнна вымаўляў «р». Гаварыў Гамон неяк у нос — зразумець яго было не проста, але хто прывык, той разумеў. Гэта быў худы хлапчына, са скрыўленай шыяй і спакутаваным выглядам, як быццам яго толькі што дасталі з пяцелькі, на якой ён вісеў. Прыўзнятыя лініі броваў надавалі яго абліччу выраз пастаяннага здзіўлення. Гамон кожнага году ніяк не мог дачакацца вясны (сям'я галадала) і нецярпліва прыспешваў час: «Ой, людкове, калі ўжо той май прыйдзе?» За гэта атрымаў мянушку — Май. Але калі называлі Маем, крыўдзіўся.
Жанчыны і дзяўчаты ціснулі нагамі на понажы, раскручвалі калаўроты з такім імпэтам, што спіцы зліваліся ў адзін суцэльны круг.
Лявонка ўпотай прыглядаўся да Ганны, але тая сарамліва хавалася за сваёй кудзеляй. Каханне, як вядома, узбуйняе любую дробязь і прымушае соладка хвалявацца сэрца. Гэта быў мясцовы тып прыгажуні: стройная дзявочая пастава, сама чарнявая. У тоўстай, перакінутай цераз плячо касе — чырвоны каснічок. І губы таксама ярка-чырвоныя, як ягады дзікага глогу. Ён бачыў, як шэрыя прамяністыя вочы Ганны ззялі іскрынкамі задзірыстай усмешкі, калі яна кідала позірк на каго-небудзь з гасцей. На шыі і на грудзях цьмяна зіхцелі рознакаляровыя пацеры. «Каб ты ведала, як ты мне падабаешся!..» Як бы пачуўшы Лявонкавы думкі, яна жвава адсмыкнула ад кудзелі, тут жа рвануў і заспяваў калаўрот, пачала сукацца тонкая нітка.