Выбрать главу

Лявонка, як і ўсе ў яго ўзросце, адчуваў у сваім целе з'яўленне дарослай сілы і прыліў новых, незнаёмых да гэтага жаданняў. «Ці здагадваецца пра гэта яна? Мусіць, не. Яна думае пра нешта сваё… Нашто ёй я?..»

— Бач, кавалерыцца Марылін сын, — гаварыла Хомчыха суседцы Апрасцы, пераходзячы на шэпт, каб не пачулі маладыя.

— На вялікую навуку, кажуць, пайшоў…

Жанчыны, як звычайна, абмяркоўвалі, хто каму больш падыходзіць па характары і матэрыяльных запатрабаваннях.

— Добрая дзеўка ў Васіліхі паднялася, тварык чысценькі.

— Мусіць, будзе браць…

— Васіліха добрага прымака хоча мець…

Вуркатанне калаўротаў парушыла песня.

Пачала Ганніна сяброўка Гэлька Відэрка:

Зялёная вішня з-пад кораня выйшла…

Падцягнулі Прузына Відэрка і іншыя кабеты. Сумная песня, але праўдзівая…

У Лявонкі дару спеваў не было, затое ён любіў слухаць, як спяваюць. Песні краналі сэрца.

Не аддай мяне, маці, дзе я не прывычна…

— Дзеўкі замуж хочуць! — рагатнуў Трахімка, калі даспявалі песню.

— А што? — азвалася Хрысціна Рапацюк, не адрываючыся ад калаўрота. Яна прывалаклася з ім ажно з Выгнанкі і начаваць, мусіць, будзе ў каго са знаёмых.

— А ці ўмееш ты хоць кросны ткаць? — спытаў Трахіма.

— Многа ты хочаш — каб і кросны ткаць!

Цяпер ужо рагаталі над Трахімкам.

«Зялёную вішню» змянілі «Тры крынічанькі», «Ой, за лесам…», потым яшчэ і яшчэ — традыцыйны прускаўскі рэпертуар.

Не прамінулі і гэтую: Малады хлопец, Я цябе даўно знаю, Ты мяне любіш — Я пасагу не маю…

Лявонка кінуў погляд на Ганну — дзяўчына прала, апусціўшы вейкі, узіралася ў кудзелю і, здаецца, не звяртала ўвагі на песню.

— Гармоні няма, каб падыграць! — пашкадаваў Трахімка, выняўшы з рота цыгарку.

— І бубна! — у тон брату дадаў Цімоша.

Пасля песень пераходзілі да казак і розных здарэнняў, паслухаць якія любілі ўсе. Хомчыха ведала іх асабліва шмат. І ўсё, пра што б яна ні расказвала, здаралася з ёй самой.

— Было гэта гадоў з дваццаць таму, вясной. Ужо цёпла было. Іду гэта я басанож з Зінькоў (з суседняй вёскі, адкуль Хомчыха родам). Спяшаюся, бо цямнець пачало, а месяц яшчэ не ўзышоў. Пачала ўжо агінаць могліцы — тым бокам, што пад гарою, ад ракі. Хоць і прывыкла да гэтай дарогі, а страшнавата. І сапраўды, гляджу на пагорак — стаіць!

— Хто — стаіць? — пусціўшы хмару дыму, запытаў Васіль.

Спыніліся калаўроты. Усе ўважліва слухалі, што ж было далей.

— Нейкі мужчына… Можа, думаю, мой Назар страчае? Ажно не. Прыгожы такі. Хто б гэта мог быць? Углядаюся, ці не пазнаёміцца хоча. Але я ж, думаю, замужам. «Чаму босая ідзеш?» — пытаецца. «Дык зямля цёплая», — гавару. «А без хусткі?» Памацала галаву — завязвала, здаецца, хустку, дзе ж яна? А ён гэтак глядзіць на мяне і кажа: «А сама чаму голая?» А людкове мае, а як глянула на сябе, так і войкнула — голая!

— Цітко, Цітко! Страшна! — дрыжачым голасам паскардзілася Луша, якую ўжо і сапраўды пачало калаціць.

А тут яшчэ якраз у гэты момант ціха бразнула клямка, асцярожна адчыніліся дзверы, і нехта наважыўся ўвайсці ў хату, але не рашаўся, стаяў у сенях. Усе насцярожыліся. Чалавек марудзіў. Нарэшце ён усё ж такі зрабіў рашучы рух, але зачапіўшыся нагой за парог, грымнуўся на падлогу і расцягнуўся на ўвесь рост. Шапка-магерка пакацілася жанчынам пад ногі. Ад нечаканасці ўсе панямелі, але, прыгледзеўшыся, пазналі Кузёмку.

Трахімка штурхнуў Грушу ў бок:

— Гэта ён да цябе падкаціцца хацеў!

Бухнуў рогат.

— Скажаш…

— Дзеля гэтага і спатыкнуўся!

Зноў рогат.

— Чаму да яе? А можа, шчэ да каго! — заступіўся за Грушу Васіль. — Кузёмка, уставай і прысаджвайся да кампаніі,— запрасіў ён.

Той падхапіўся, разгублена агледзеў свае боты, але, упэўніўшыся, што яны не згубілі свайго бляску, сеў побач з іншымі. Нехта падаў дзіваку яго шапку.

— Я, людкове, дапраўлю тое, што пачала, — напомніла пра сябе Хомчыха. — Стаю як ёсць, голая. Сорам. Не ведаю, што і рабіць. Рукамі абхапіла сябе, прынікла да зямлі. Хоць ты кідайся ў раку ды тапіся. А ён, прыгажун гэты, кажа: «Анцярэсная ты, ды часу, жаль, няма, пагаварыць бы нада. Дазнацца, кажа, я нечага б хацеў. А адзенне тваё за тым кустом — там спадніца ляжыць, і кофта, і хустка там». Сам раптам прапаў. Толькі як бы загуло за ім. Кінулася я за той куст, а там усё маё пакінута. Апранулася я хуценька і дадому барзджэй патупала. Нікому не расказвала. Вам першым кажу.

— І што гэта магло быць? — паціснула плячыма Апраска.