Выбрать главу

— А можа, гэта Кузёмка? — азваўся Гамон. — Ён жа ўсюды ходзіць…

Усе з нейкай палёгкаю засмяяліся.

— Там заўсёды лякае! — рагатнуў Трахімка з выглядам чалавека, які ўсё ведае і нічога не баіцца. — Ля могліц!

— Цябе не злякае! — з упэўненасцю сказала Хомчыха.

— Мяне — не, — згадзіўся з ёй Трахімка.

— Не. Гэта, аднака, табе маладзіца, мусіць, сон такі прысніўся, — запярэчыў Кузёмка, аправіўшыся збольшага пасля свайго падзення. Пасля гэтага ён падышоў да вядра з вадой, што стаяла ў кутку ля дзвярэй, узяў кубак, зачарпнуў і выпіў да дна.

— Кузёмка, а чаму гэта сонца днём свеціць, а нанач хаваецца недзе, — спытала наіўная Волька — Хомчыхіна дачка.

Кузёмка зірнуў на жанчын і дзяўчат, на падвязаныя пад падбародкамі хусткі, усміхнуўся так, як бы гэтага пытання ён і чакаў.

— Вучоныя нам даводзяць, што яно хаваецца за зямлю, а чаму, дык не ведаюць. Аднака я вам скажу — на ўсё ёсць свая прычына, — у голасе яго з'явіліся ноткі павучальнасці і самаўпэўненасці.— Як Бог стварыў свет, дык загадаў сонейку свяціць на добрых і на ліхіх. Сонейка не хацела свяціць на ліхіх і пачало жаліцца Богу, што яму цяжка заўжды свяціць. Тагда Бог вялеў сонейку свяціць толькі ўдзень, а ўночы, як гуляюць ліхія, не свяціць.

Пасля пачутага ў хаце ўсталявалася працяглая цішыня. Толькі мякка вуркаталі калаўроты.

— Змысліў,— не паверыў Гамон, але на яго словы ніхто ніяк не адрэагаваў.

Недзе ў куратніку заспяваў певень, яго падтрымалі іншыя, суседскія. Хутка заспявалі па ўсёй вёсцы.

— Рана яшчэ. Гэта толькі першыя, — сказаў Трахімка. — Зрэшты, пайду гляну. — Ён павёў вачыма па хаце і без шапкі выйшаў на двор — як бы астудзіцца.

Праз нейкі час спыніла калаўрот і паднялася Алена:

— Пайду паклічу. Каб не прастудзіўся. Гэта ж трэба — без шапкі!

Яна зачыніла за сабою дзверы. Праз аднастайны гул калаўротаў пачулася, як там, за дзвярыма, у сенях, дзе стаялі мяхі з бульбай, нехта цяжка соп, нібы цягаў тыя мяхі. Потым пачуўся стрыманы жаночы стогн…

Кудзельніцы сцішылі свае «машыны», услухаліся.

— Аднака чорт змушае на ліхое! — пракаменціраваў гэты стогн Кузёмка. — Як каты!

Усе, у тым ліку і гаспадар, задаволена засмяяліся. Адна толькі Васіліха, седзячы ля печы, адносілася да ўсяго спакойна і нават абыякава.

Лявонка зірнуў на Ганну і заўважыў, як ізноў пачырванеў яе тварык і бліжэй да кудзелі апусціліся вочы. Падумалася, што Ганна, напэўна, ведае пра яго пачуцці. Ведае і маўчыць.

Апраска перавяла ўвагу на новую тэму:

— Я чула, што некаторыя ў Амэрыку едуць — там шчасця шукаюць.

— Не, не едуць, — паправіў яе Кузёмка, які, аказваецца, і пра гэта ведаў,— на караблі плывуць. Амэрыка — за морам.

— Ну хай сабе на караблях плывуць, — уступіў у размову Васіль.

— Во каму добра! — сказаў Цімоша, паказаўшы на ката, які, не звяртаючы ні на кога ўвагі, спаў на прыпечку, звесіўшы адтуль хвост.

Разыходзіліся з попрадак позна. Праспявалі ўжо трэція пеўні. Хлопцы праводзілі дзяўчат, дапамагалі несці калаўроты. Ганну не трэба было праводзіць — яна ж дома. Лявонка шкадаваў. Зрэшты, можна было выклікаць яе на вуліцу. У душы ён праклінаў уласную нясмеласць.

…Заначаваў Кузёмка зноў у Кужалёў. Лявонка чуў, як ён расказваў малым казку (колькі ж ён іх ведаў?):

— За лясамі непраходнымі, за балотамі топкімі, за рэкамі бурлівымі, за морам-акіянам стаіць высокая абрывістая гара. Расце на той гары залатое дрэва. Сядзіць на тым дрэве каршун ды крыніцу з жывою вадой сцеражэ. А крыніца тая з-пад карэння залатога дрэва б'е. Вось як хто прынясе тае жыватворнае вады, дык свет пераменіцца і людзі паробяцца шчаслівымі. Але ведайце: шлях да крыніцы з жыватворнаю вадою вельмі цяжкі і небяспечны. Многа людзей туды пайшло, а назад ніхто не вярнуўся. Бо нельга, туды ідучы, страху ў сваім сэрцы мець, нельга саступіцца ці адпачываць і аглядацца таксама нельга. Хто ад гэтых слабасцей сябе не захавае, адразу каменем-скалою становіцца.

Але к вечару знік і Кузёмка — гэтаксама нечакана, як і прыйшоў. Абуў свае боты з блішчастымі халявамі, не забыўшы яшчэ раз працерці іх нейкай анучай ці хусткай, якую насіў у кішэні, на плечы накінуў кажушок, зашпіліўшы яго на гузікі, на галаву насунуў шапку-магерку і знік, не палічыўшы патрэбным дачакацца гаспадароў, каб развітацца. Толькі дзецям і Марылі сказаў: «Ну, я пайшоў!»

Праз некалькі дзён, як толькі скончыліся канікулы, паехаў у сваё вучылішча і Лявонка.

— Глядзі ж, каб паслушны быў! Настаўнікаў слухайся!

— А то я не слухаюся?..

Х