Выбрать главу

Чаго Міхаль пайшоў да папа — на гэта пытанне не адказаў бы нават і ён сам. Трэба было шукаць нейкага ратунку, бо Ясё збіраўся, як сказаў Кастанты, падаваць у суд. Свайго папа прускаўцы не надта любілі — чыноўнік. Такі ж амаль, як і ўраднік Кастанты. Але, як той казаў, раптам што і атрымаецца… Айцец Глеб жыў па другі бок гасцінца, побач з самім царкоўным храмам, як ён называў гэтую звычайную драўляную цэркаўку, зрэшты, па-свойму прыгожую, пафарбаваную ў нябесны колер і атуленую з усіх бакоў старымі разгалістымі дрэвамі. Некаторыя з такіх цэркавак захаваліся да нашага часу, а з паўстагоддзя назад у гэтай мясцовасці — як і ўсюды ў заходнім Палессі — іх было шмат. Стаяла сціплая прыгажуня на ўзгорку, і адсюль была відаць яе блакітная званіца. Прускаўцы ёю ўпотай нават ганарыліся. Каля царквы — некалькі магіл. Пахаваны былыя настаяцелі. Раз у год, на Радаўніцу, айцец Глеб служыў каля гэтых узгоркаў паніхіду, думаючы, не інакш, над цяжкім пастырскім лёсам.

Існавала паданне, што даўней на гэтым месцы, дзе стаяла царква, шумеў бярозавы гай. Такое магло быць. З таго часу хрысціянскія запаведзі і водгукі язычніцкіх паданняў перамяшаліся ў свядомасці мясцовага люду. Сярод жыхароў навакольных вёсак захаваліся незаўважныя для іх саміх рэшткі язычніцтва. Прускаўцы, напрыклад, верылі, што ў Лосьне жывуць русалкі, што ноччу яны выходзяць на бераг, бушуюць у збожжы, залазяць на дрэвы і гушкаюцца, зачапіўшыся юсамі за галіны. Часам яны затрымліваюць прахожых, казычуць іх, вабяць у Лосьну. Як казаў Кузёмка, русалкі — гэта душы маленькіх дзяўчатак, якія памерлі да хрышчэння, або цені задушаных ці ўтопленых жанчын. Ранняй вясною юнакі і дзяўчаты залазілі на маладыя бярозы, што раслі пры гасцінцы, і гайдаліся — гукалі вясну. Водгукі язычніцтва праяўляліся і ў рэлігійна-царкоўных святах, нечым нават па-свойму аздаблялі іх. Праўда, святары змагаліся з бесаўскімі ігрышчамі, лічылі іх праяўленнем распуснасці і строга праследавалі рэшткі напаўзабытых ці забытых поўнасцю вераванняў. І ўсё ж такі ў які б бок ні мяняліся духоўныя ўяўленні прускаўцаў, яны заставаліся глыбока нераўнадушнымі да з'яў, колераў і гукаў таго прыродна-побытавага ўлоння, у якім паўсядзённа знаходзіліся і ў якім усё было звязана паміж сабой.

За тыдзень перад Гіасхай — Вербніца. Прачыналася, набракала сокам вярба. Галінкі вярбы неслі ў царкву — свяціць. Неблагім тонам лічылася, калі падлеткі і моладзь злёгку лупцавалі адзін аднаго гэтымі свянцонымі галінкамі, прыгаворваючы:

Вярба б'е — не я б'ю, За тыдзень — Вялікдзень! Не ўсірайся, не ўсцыкайся, Будзь здаровы, як вада, Расці хутка, як вярба!

Перавітыя чырвонай стужкай галінкі ўтыкаліся чамусьці ў падстрэшша і сохлі там цэлы год, пакуль іх не замянялі свежыя.

Шырока святкаваўся Вялікдзень — Пасха. Тут яе называлі Паскай. Гаспадыні фарбавалі яйкі — курыныя, гусіныя, качыныя, якія хораша аздаблялі святочны стол. Падлеткі выбіралі з іх мацнейшыя і выбягалі на вуліцу «на яйцы біцца». Трэснутае аддавалася таму, хто выйграў.

Моладзь адзначала Купалле — дзень летняга сонцастаяння, хоць царквой гэта свята не падтрымлівалася. На Купалу з 23-га на 24 чэрвеня, на золку, сонца іграе, ззяючы ўсімі сваімі радаснымі колерамі, святлом. Дзень летняга сонцавароту. Гляне ранкам прускавец на сонца, а яно кіпіць, пераліваецца.

Міфапаэтычныя адносіны да свету, у аснове якіх ляжала ўяўленне пра цыклічнасць, замкнёнасць развіцця, заставаліся тут вельмі моцнымі.

Прускаўская царква ведала розныя перыяды сваёй гісторыі. Будавалася яна як праваслаўны храм, але з цягам часу стала уніяцкай. Унія была заключана ў Брэсце, у канцы XVI стагоддзя. Паводле яе ўмоў, праваслаўная царква Беларусі і Украіны прымала каталіцкія догмы, хоць як быццам бы і захоўвала ранейшыя праваслаўныя абрады.

Па часе уніятамі зрабіліся і прускаўцы. Праўда, не адразу. Правы праваслаўнай веры адстойваў, пакуль жыў, бунтоўны іераманах Афанасій Філіповіч. Пасля яго ціск на праваслаўе ўзмацніўся яшчэ больш. Адзін час справа дайшла нават да таго, што, паколькі прускаўцы не хацелі з праваслаўнай, рускай, як яны казалі, веры пераходзіць да уніі, мясцовы пан (католік, ніхто ўжо не помніў яго імені) аддаў царкву ў арэнду камянецкім адкупшчыкам. Гэта значыць — ключы ад царквы знаходзіліся ў арандатара і, каб іх ад яго атрымаць, людзі павінны былі яму плаціць.

Унія была выкарыстана для паланізацыі беларусаў і ўкраінцаў, аднак у многіх месцах яна змагла супрацьстаяць працэсу паланізацыі і стаць апірышчам мясцовых нацыянальных традыцый. Прускаўцы, прыняўшы уніяцтва, доўгі час трымаліся гэтай веры і толькі недзе ў сярэдзіне XIX стагоддзя вярнуліся ва ўлонне праваслаўя. Вяртаць уніятаў у праваслаўе пачаў цар Мікалай Першы. Толькі што, здавалася, прыжыліся, прывыклі, асвоіліся ў новай канфесіі, і на табе — пераапранай душу ў іншую вопратку. «Альбо… праўдзівая вера, альбо сто палак», — казаў ураднік, і паспрабуй яго не паслухай! Вяртаючы з уніяцкай веры назад, у рускую, тых, хто не паддаваўся, секлі розгамі, адліваючы, калі была ў гэтым патрэба, вадой. Замест уніяцкага святара, які ўзносіў хвалу папе рымскаму, у Пруску прыехаў праваслаўны поп. З'явіўся новы іканастас з райскімі варотамі, а лаўкі, на якіх сядзелі вернікі, і фантанчыкі з свянцонай вадой, што стаялі пры ўваходзе, у бабінцы, выкінулі.