Папа прускаўцы пачалі называць бацюшкам.
Ля царквы Міхаль на хвіліну прыпыніўся, каб перавесці дыханне. Павявала вясной. У высокіх царкоўных прысадах звонка крычалі вароны. Прадчувалі, напэўна, вясеннія гульні. Хату айца Глеба акружаў сад. Міхаль заўважыў, як на бледна-бардовых ствалах вішань і сліў свяціўся празрысты янтар вязкай смалы.
— З чым прыпажалаваў, сын мой? — сустрэў яго айцец Глеб, калі неспадзеўны госць, зняўшы шапку, стаў на парозе папоўскай хаты, угнуўшы плечы.
Па праўдзе кажучы, свайго святара прускаўцы звычайна абыходзілі бокам, а калі хто сустракаў на вуліцы, то абавязкова хапаўся за гузік, каб чаго не здарылася. Вось і цяпер вочы айца Глеба глядзелі сурова, засяроджана. Відаць было, як ён дыхаў: шырокая барада, што ляжала на грудзях, узнімалася і апускалася ў такт дыханню. З ікон на сценах маўкліва пазіралі незнаёмыя абліччы святых.
— Непрыемнасці, бацюшка, — сказаў Міхаль, апусціўшы галаву і пазіраючы пад ногі.
Святар, трэба сказаць, нягледзячы на некаторую адасобленасць свайго службовага становішча, ведаў мірскія страсці ва ўсёй іх жыццёвай разнастайнасці і нечаканасці і здзівіць яго чым-небудзь было цяжка.
— Бог аднолькава прымае чалавека — і ў шчасці, і ў бядзе, аднолькава адорвае міласцю сваёй. Што ў цябе?
— Сусед у суд на мяне падае…
Айцец Глеб памаўчаў, абмацаў густую, з сівізной, бараду.
— На ўсё воля Божая… Ведаю я таго Латушку. Зламыснік! Царкву забыў…
Міхаль чакаў, што ж ён нарэшце скажа. Гледзячы на яго, святар напэўна адчуваў тую спрадвечную сялянскую цярплівасць, якая зыходзіла ад гэтага чалавека, але чым ён мог дапамагчы — пагаварыць з ураднікам?
— Духоўным асобам, сын мой, забаронена ўваходзіць у мірскія справы.
«Дарэмна я сюды ішоў», — падумаў Міхаль.
— Дараваць трэба ворагам нашым, як сам Бог наш Ісус Хрыстос дараваў.
На гэтым гаворка, па сутнасці, і скончылася. Сказаўшы: «Ну, то я пайду», Міхаль выйшаў з папоўскай хаты.
На зацярушаных снегам лісцях рабін, што стаялі пры гасцінцы, гайдаліся сарокі — клявалі працятыя марозам цёмныя гронкі, што там-сям яшчэ захаваліся паміж галін. На аснежанай, пакрытай інеем чаромсе, затрашчала сініца. Пад нагамі па-зімняму рыпеў снег. Міхаль не чуў і не бачыў гэтага. У думках панавала разгубленасць. Цябе крыўдзяць, а ты павінен дараваць?..
Пры гасцінцы, побач з царквою, стаяла карчма, і ногі Міхаля неяк самі сабой павялі яго туды. Хоць кажуць, што чужая бяда людзям за вяселле, але раптам што добрае пачуе.
Цяпер той карчмы даўно ўжо няма — казакі спалілі яе пры адступленні рускай арміі яшчэ ў чэрвені 1915 года, у Першую сусветную вайну Рассеяліся па свеце нашчадкі яе ўладальніка. На той час гаспадарыў у ёй Мордка Вінаград. Пра сябе ён казаў: «Мордка Вінаград гасцям заўсёды рад». Сюды і накіраваўся Міхаль. У карчме прускаўцы даведваліся пра самыя апошнія навіны і свайго краю, і ўсяго свету.
Ля ўвахода ў карчму расла прыгожая елка, стаялі некалькі слупоў для прывязі. На ўпрыгожаных разьбой дзвярах зіхцела медная клямка. Міхаль узяўся за яе і адчыніў дзверы. Карчма займала палавіну хаты, у другой жыў з сям'ёй сам Мордка. Печ — агульная, на дзве палавіны. Ля абшарпаных сцен чарнелі нічым не пакрытыя сталы і лаўкі каля іх. Гонарам прускаўскай карчмы лічыўся вялікі гадзіннік, што стаяў у цёмным кутку і час ад часу падаваў адтуль хрыплы рыпучы звон. Тут заўсёды хто-небудзь ёсць. А ў нядзелю дык да самага панядзелка, да раніцы, звіняць шыбы ад песень і стогне гліняная падлога ад п'яных, з прыстукамі, танцаў. Асабліва весела было, калі на Лосьне, якраз насупраць, спыняць свае плыты асначы, што гоняць лес з пушчы ў Буг, і зойдуць у карчму. Гэтыя любілі пагрэцца! Плытнікі спускалі ў карчме ашчаджаную дзеля гэтага прыпынку капейчыну і ўжо ўлегцы плылі па Лосьне далей. Шырокага размаху людзі. Калі яны пакідалі Мордкаву ўстанову, то і сам гаспадар, і яго жонка Дзішка ўздыхалі спакайней.