Выбрать главу

— Ты і сам палітычна неблаганадзейны!

Карчмар колькі разоў ціха кашлянуў. Ён разумеў, куды хіліць ягоны госць і чаго ён хоча, і, не марудзячы, зноў напоўніў тую самую пасудзіну на тоўстай ножцы.

— Будзьце ласкавы, Кастанцін Цярэнцевіч, выпіце на здароўе — азабочанасць здымае.

Ураднік не палічыў патрэбным сябе доўга ўгаворваць, падняў чарку, выпіў, глыбей насунуў на галаву фуражку з цэшкай і, хістаючыся і не зважаючы на прысутных, выйшаў з карчмы, бліснуўшы на развітанне сваім тоўстым каркам, што ўзвышаўся над каўняром паліцэйскага мундзіра.

Прускаўская кампанія ажывілася, пачула сябе ямчэй. Закурылі.

— Ну і карак у яго! — з захапленнем і зайздрасцю заўважыў са свайго месца Дармідонт, цмокнуўшы языком так, што ажно затрэслася яго рыжая барада. — Шапка на галаве не трымаецца — злазіць!

— Не дзіва, што ён за казырок увесь час хапаецца, — паспяшыў пагадзіцца з ім Масей.

— Не, гэта ён чэсць аддае, — выказаў меркаванне каваль, іранічна пасміхнуўшыся.

— Чэсць? А каго ён тут роўняй сабе лічыць?! Нікога! — у голасе Дармідонта пачуліся рэзкія ноты. Гаварыў ён хрыплым, пракураным голасам і непрыязна паглядаў навокал.

— Паехалі, хлопцы, у Амэрыку! — ні з таго ні з сяго сказаў Васіль, расшпіліўшы на сабе кароткі і добра пацёрты кажушок, які насіў, здаецца, круглы год — узімку і летам.

— Хто нас дзе чакае! — усміхнуўся шчарбатым ротам Масей.

— А раптам пашанцуе! — не пагадзіўся Васіль.

Над галовамі сівымі клубамі віўся дым ад самакрутак.

Прускаўцы былі людзьмі з некалькі, як кажуць у такім выпадку мовазнаўцы, замаруджаным моўным тэмпам. Думкі варочаліся ў іх галовах з эпічнай непаспешлівасцю.

— Ну, як здароўе? — паглядзеў на Міхаля Пракоп.

— Байкі.

— Выпі, во! — Пракоп падсунуў бліжэй да Міхаля кілішак з тоўстага шкла і наліў у яго гарэлкі.

Міхаль паслухмяна выпіў.

— Закусвай! — падбадзёрыў Масей.

Да выпіўкі гаспадары павінны былі даваць і закуску, што яны і рабілі, але не надта ахвотна і вельмі ж эканомна. Кавалачак селядца, цыбулю ды акраец хлеба.

— Ну як, захарашэла? — засмяяўся Масей, не вымаючы з рота цыгаркі.

Міхаль, успёршыся на кулак, думаў пра сваё. Кампанія глядзела на яго са спачуваннем.

— Сусед яму назаляе! — сказаў Васіль.

— Хто гэтага Яся не ведае! З ім звяжыся толькі! — махнуў рукой каваль.

— Усе глумяцца з бедняка, нават свой брат, такі ж самы бядняк, — па-філасофску зазначыў Масей і засмяяўся, як бы ва ўсім гэтым было нешта смешнае.

Дармядонт падняўся са свайго месца і падышоў да стала, за якім сядзелі прускаўцы.

— А я вам скажу: усе — сволачы! — ударыў ён кулаком аб стол, ажно падскочыў пусты кілішак.

Рыжая барада Дармідонта яшчэ больш ускалашмацілася, ён адвярнуўся і злосна плюнуў.

— Ша! — падняў абедзве рукі Мордка.

— Гэтак, чалавеча, ты нам увесь посуд пераб'еш, — буркнуў, не паглядзеўшы на лесніка, Пракоп.

— А я хачу побач з кавалём пасядзець, — сказаў Дармідонт і, забраўшы са свайго стала зялёную пляшку з селядцом, перасеў да прускаўцаў, наліў кілішак і пусціў яго па крузе.

— Ну, як там твае паны? — з усмешкай кінуў на яго вокам Пракоп.

— А, халера іх не брала.

Калі кілішак абышоў застолле, Дармідонт наліў сабе, выпіў, выцер вусы.

— Нешта ты як незадаволены чым?

— Я заўсёды незадаволены — панам не дагодзіш.

— Тут сваім не дагодзіш, — Масей кіўнуў на Міхаля, — не тое што панам.

— Душу ён мне топча! — скрыгатнуў зубамі Міхаль.

— А каб яго громам трахнула! — ізноў паспачуваў Масей і пацёр лоб.

Пракоп пашукаў вачыма Мордку — той нешта рабіў, сагнуўшыся за прылаўкам.

— Налі паўкварты!

Карчмар тут жа кінуўся выконваць просьбу кліента.

Міхаль паглядзеў на прынесеныя паўкварты і сказаў, жуючы селядзец з хлебам:

— Толькі што ў папа быў, хацеў як-небудзь залацвіць, але што ён…

— Знайшоў да каго ісці — да папа! — перабіў яго Дармядонт, махнуўшы рукой.

— Зайшоў у бабінец, а там чорт сядзіць, — паддакнуў яму Масей, намякаючы на тое, што поп — апора ненадзейная.

— Усе ашукваюць мужыка, здаўна так павялося… — нібы падсумаваў агульныя меркаванні Пракоп. — Шмат начальства над намі: і пан, і поп, і ўраднік, і суд…

— Праўду гаворыш, — пагадзіўся Васіль, — час такі, што трэба ўмець круціцца.

Ізноў выскачыў Масей:

— Ураднік забярэ, суддзя абдзярэ!

Гэта атрымалася ў яго як бы нейкая прымаўка. Ізноў усе засмяяліся. Міхаль спрабаваў смяяцца разам з усімі, аднак яго не весялілі ні Масеевы досціпы, ні гарэлка.