Выбрать главу

— Пішы прашэнне!

— Ды я, таго… — сумеўся Міхаль, — не надта ўмею.

Пісар дастаў са стала яшчэ адзін шматок паперы і хуценька, размашыстым почыркам, накідаў нейкія словы. Міхаль падпісаўся — паставіў нейкую загагуліну.

— Каморнік разбярэцца ва ўсім, але сведкі спатрэбіцца могуць!

— Але ён грошай запросіць!

— Ну, дзела вядомае…

— Буду шукаць, — няўпэўнена сказаў прускавец.

— Ты, Міхаіл, я табе пасаветаваю, звярніся да суседзяў. Усё ж такі суседзі ёсць суседзі…

Дадому Міхаль ішоў не спяшаючыся, у галаве раіліся розныя думкі, прыкідваў: «Да каго ж звярнуцца?» Уперці вырашыў зайсці да Захара Відэркі. Ды і хата яго была якраз з краю. Высокую, сухарлявую постаць Захара ён убачыў здалёк. Той развешваў і латаў рыбацкую сетку.

— Божа памагай!

— Казаў Бог, каб ты памог.

Захар шырока пасміхнуўся, паказаў свае са шчарбінамі зубы і падаў Міхалю агрубелую ад рыбацкіх заняткаў руку з прыпухлымі суставамі. На падворку скакалі і шчабяталі, не зважаючы на холад і слату, вераб'і.

— Захар, справа да цябе ёсць.

— Якая справа? — у прыжмураных вачах прускаўскага рыбака пасміхалася стоеная хітрасць.

— Хацеў цябе прасіць, каб ты за сведку ў мяне пабыў! Быў я, ведаеш, у воласці, і мне Пацей нараіў. Папрасі, кажа, добрых людзей.

Захар як бы замяўся, уздыхнуў, паглядзеў на Міхаля.

— Я не бачыў.

— Але ты ж маё поле ведаеш!

Захар яшчэ раз уздыхнуў, па ўсім відаць, спачуваючы.

— Ведаеш, мне не выпадае…

— Што не выпадае?

— Ну, за сведку быць. Не ведаю я твайго поля, бо і на сваім рэдка бываю. Як я за сведку пайду? Што мне ў судзе скажуць? Падвяду я цябе. — Крыху памаўчаўшы, Захар дадаў: — Натура ў чалавека такая. Я пра Яся кажу — хіба ты яго не ведаеш?

Кужаль яшчэ крыху пастаяў, падумаў і накіраваўся да Гаўрылы Шведа. Можа, ён?

Гаўрыла са старэйшым сынам Фэдарам малацілі жыта, увішна махаючы цапамі. Адчувалася, што гэта было прывычным для яго заняткам. Фэдар — плячысты дзяцюк з васпаватым тварам — не саступаў бацьку і таксама гучна грукаў цэпам аб ток.

— Мацак! — пахваліў хлапца Міхаль і прывітаўся.

Малацьбіты прыпынілі працу, закурылі. У гэты час якраз і зайшоў у клуню прускаўскі стараста Мітрафан Давыдзюк. Выглядаў строгім і негаманкім. Нахмураныя бровы сышліся ў адну шырокую чорную дужку.

— Я вось кажу, — пачаў Міхаль, — што Фэдар хоць малады, а надта спраўна круціць цэпам.

Аднак стараста чамусьці не схільны быў падтрымаць размову. У яго, па ўсім відаць, была нейкая важная справа. Ён паглядзеў на Фэдара.

— Так-то яно так, але, браток, давядзецца табе, відаць, з цэпам на час развітацца!

Ён стараўся гаварыць голасна, каб чулі ўсе, хто быў побач. Як бы камандаваў. Усе насцярожыліся, чакалі.

— У армію цар цябе кліча! Пад сваю высокую руку!

Хлопец зірнуў на старасту, потым перавёў вочы на бацьку. Абодва знямелі, як бы пазабывалі ўсе словы, якія ведалі. Фэдар — весялун, пажартаваць любіў, а тут і мову заняло.

«Не толькі ў мяне клопаты, — падумаў Міхаль, — у людзей таксама. Салдатчына — гэта табе не жарт…»

Гэты цяжар — рэкрутчына, служба ў царскай арміі — зваліўся на Пруску даўно, адразу ж пасля далучэння Беларусі да Расіі. Прызваныя ў армію навабранцы служылі далёка ад родных краёў. Служба часта расцягвалася на некалькі дзесяткаў гадоў. Малады вяртаўся старым чалавекам. А часам і не вяртаўся — адвыкаў ад роднай хаты, прыжываўся ў чужых краях, калі не гінуў на якой-небудзь вайне. У Рускай імперыі можна было адкупіцца ад арміі, але гэта было пад сілу толькі багатым сем'ям. У такой сітуацыі ў армію бралі бяднейшых, сыноў удоў, сірот. Гаўрыла быў і не з самых бедных, але вызваліць сына ад рэкрутчыны наўрад ці мог.

Гаварыць аб сваім клопаце, пачуўшы такую вестку, Міхаль не пасмеў.

Пайсці сведкам адмовіўся і стараста. Калі яны выйшлі са Шведавай клуні і Міхаль расказаў старасту аб сваіх клопатах, Мітрафан пазяхнуў: мне, маўляў, усё вядома, але…

— Міхаль, ты ж ведаеш, мне не выпадае: стараста я… Хіба што я, можа, пагавару з гэтым дурнем?

— Гаварылі ўжо з ім…

На гэтым і разышліся.

Родная хата сустрэла цяплом. Ён зняў закарэлыя ад марозу пасталы і сунуў іх пад печ. Глянуўшы на сына, Кірыла ўсё зразумеў.

— Ой, Міхалка, у нас жа бяспраўе — хіба ты не ведаеш…

У голасе старога чулася і спачуванне, і шкадаванне, і нейкая пракаветная асуджанасць.

— Думаеш, Пацей той надта справядлівы? Ён, таго, сваю карысць хоча мець.

— Каморніка трэба наймаць і сведкі патрэбны.