— Вучыцца!
— Правільна! Навука — рэч патрэбная. Вось навастрыць зуб да бараны таксама трэба ўмець!
Міхаль расказаў, як ён хадзіў да Пацея і як насіў яму кручка, а той параіў яму наконт каморніка і сведкаў.
Пракоп паспачуваў:
— Сваіх шмат, а як прыходзіцца тапіцца, дык няма за каго ўхапіцца.
Міхаль уздыхнуў і пашкроб за вухам:
— Каморнік гэты столькі будзе каштаваць, што і грошай не хопіць. Тады і, можа, вучылішча тое кінуць давядзецца.
— Неяк яно будзе!
Міхаль выглядаў разгубленым.
— Пачакай, Міхаль, нешта прыдумаем! — запэўніў каваль і пачаў раскручваць горн.
Частка другая
І
Вучоба Лявонкі пасоўвалася сваім парадкам і даволі паспяхова, цікавасць да заняткаў не змяншалася. Ён вельмі перажываў, калі аднойчы спазніўся і давялося прастаяць амаль гадзіну ў калідоры, пакуль скончыцца ўрок. Матэматык Савелій Яўхімавіч — той, што прымаў уступны экзамен, — накрычаў і не пусціў. Непрыемна было стаяць у калідоры і адчуваць сябе вінаватым як бы нават і не па сваёй віне. Што зробіш — праспаў! А матэматык надта, як ён сам казаў, любіў парадак. Нездарма, апроч таго, што Савелій Яўхімавіч выкладаў у вучылішчы, ён быў яшчэ і старастам камянецкай царквы Сімеона Столпніка.
Пасля заняткаў, вярнуўшыся на сваю Рымарскую вуліцу, кватарант скрушна паскардзіўся гаспадару:
— Спазніўся. Настаўнік на ўрок не пусціў. Дома ў нас певень будзіць. А тут няма.
— Шкада цябе будзіць.
— Будзіце! — папрасіў пастаялец.
У хаце панаваў устойлівы і цяжкі пах смажанай цыбулі, алею, селядцовага ляку і моцных прыпраў.
На вячэру ў гаспадароў звычайна фішбульбэ — бульба з цыбуляй і перцам. Малка ўмее прыгатаваць яе так, што па смаку яна нагадвае рыбу.
Нохім, мяркуючы па ўсім, знаходзіўся ў добрым настроі.
— Не пераймайся надта! — Ён паправіў ярмолку, што сядзела ў яго на самай макаўцы. — Певень у нас ёсць! — шавец зрабіў націск на слове «ёсць».
— Нешта я не бачыў вашага пеўня. Дзе ж ён у вас?
— Ну, не. ў нас — у суседа. А якая розніца? Гэта ж побач…
— Дык што ж ён маўчыць — певень той? Чаму не спявае?
— Спяваць — ён спявае, але на паўгадзіны пазней!..
Шавец меў схільнасць да смехатлівых анекдотаў.
— Шкада-а… — у тон яму сказаў кватарант. — Дзіўны нейкі певень.
— Трэба было б яго падрамантаваць!
— Пеўня?
— Пеўня! А што? Аднесці да гадзіннікавага майстра!
Лявонка зарагатаў. Ён ведаў, што Нохім вельмі марыў пра гадзіннік з ланцужком, і нарэшце здагадаўся, пра што ідзе гаворка.
— Пеўня?
— Герцэле Астраполер у такім выпадку так і рабіў!
Лявонка тады яшчэ не ведаў, што Герцэле Астраполер — жартаўлівы персанаж многіх яўрэйскіх казак і анекдотаў. Жарт дапамагаў людзям жыць. Скрухі як і не было.
Спадабалася маладому прускаўцу наведваць бібліятэку пры вучылішчы. Прачытаў паэму «Адысея» грэчаскага паэта Гамера. Столькі кніг яму даводзілася бачыць упершыню. Творы класікаў — расійскіх і замежных. «Кабзар» Тараса Шаўчэнкі. «Вечары на хутары каля Дзіканькі» Гогаля. Вершы Кальцова і Някрасава. У бібліятэцы меліся таксама некалькі гадавых камплектаў часопісаў «Нива» і «Вокруг света» з рознымі дадаткамі, з якіх асабліва папулярнай была серыя прыгодніцкіх раманаў. Сярод аўтараў гэтых кніг былі Фенімор Купер, Жуль Верн, Густаў Эмар, Луі Бусенар, Луі Жакаліо, Віктор Гюго… Аднойчы да яго трапіла тоненькая кніжачка Францішка Багушэвіча. Не бібліятэчная, праўда, — Змітрок Зуб даў пачытаць, папярэдзіўшы, што кніжачка недазволеная. Адкуль яна ў яго, Лявонка не ведаў. Здзівіў верш «Дурны мужык, як варона». Пасля, у думках, не раз вяртаўся да яго: чаму ж так здарылася, што чалавек гэтак здурнеў, хто адабраў у яго розум?
І яшчэ адна кніга запомнілася — пачарнелая ад часу, у тоўстай скураной вокладцы. Колькі ёй было гадоў, ніхто не ведаў, але, пэўна, больш, чым сто. Пад вокладкай, на першай пажаўцелай ад часу старонцы стаяла назва, набраная старымі літарамі: КАТЕХІЗІС. Крыху ніжэй значылася імя і прозвішча аўтара Іасафат Кунцэвіч. Напісана кніга старажытнаю мовай. На кожнай старонцы пытанні і адказы на іх. Многія дзівілі сваёй строгасцю, прастатой і нейкай унутранай пераконлівасцю.
«Которые суть учінкі міласерные телесные?» — назідальна пытаўся аўтар і тут жа даваў адказ з сямі пунктаў:
«1. Алчущего накормити
2. Жаждущего напоити
3. Нагого приодети
4. Вязня откупити
5. Недужного наведити
6. Странного в дом принята
7. Умершего погрести».