«А што, калі ён угледзіць брашуру? — мільганула ў галаве. — Яна ж ляжыць тут жа пад сшыткамі, перад яго носам! Каб як схаваць!» Але схаваць не паспеў — інспектар ужо цягнуў руку да яго сшыткаў і кніжак і пачаў пераглядаць і перакладваць іх адну за другой. І раптам, відаць, неспадзявана для сябе натрапіў на тое, чаго, можа, і не чакаў — забароненую брашуру. Так і ёсць! «Женщина и социализм» Аўгуста Бебеля. Лявонкава сэрца абрынулася некуды ўніз. Ён быў бездапаможны хоць як перайначыць рух падзей, якія з усёй відавочнасцю ішлі да свайго непапраўнага канца.
Інспектар нічога не сказаў, не спяшаючы паклаў брашуру ў скураную папку, а калі ўрок скончыўся, выйшаў на сярэдзіну класа, дастаў Бебеля і — у пакоі адразу ўсталявалася цішыня — наўмысна ціха, дрыжачым голасам спытаў:
— Што гэта такое?
Клас змоўк, стаіўшы нават дыханне. Інспектар пагражальна патрос брашурай.
— У каго я знайшоў гэту брыдоту?
З-за парты падняўся дарэшты сканфужаны Лявонка. Усе павярнуліся да яго.
— У мяне.
Няёмка было і Станіславу Арцёмавічу, які таксама маўчаў.
Пасля ўрокаў усіх сабралі ў актавай зале, дзе інспектар гаварыў доўгую прамову, у якой вельмі ж асудзіў тых няўдзячных людзей, чыя дзейнасць падрывае грамадскую раўнавагу, спакой і непахісныя ўстоі ацечаства. У заключэнне ён сказаў, што Лявонцію Кужалю, у якога знойдзена падрыўная брашура, выносіцца суровае папярэджанне, а калі будзе заўважаны ў паўторным нейкім благім учынку, то яго чакае выключэнне з вучылішча, не менш, бо такіх цярпець нельга. І ён будзе пазбаўлены права паступіць у другую навучальную ўстанову. Адразу ж выклікалі да дырэктара. Лявонка дрыжачымі рукамі зашпіліў каўнерык сарочкі, абмацаў гузікі. Ішоў — падкошваліся ногі. Спадзяваўся на самае горшае. «Вось і скончылася твая навука, браце! А што дома скажу? Сораму — не абрацца. А так усё добра пачыналася…» Пастукаўшы і атрымаўшы дазвол, увайшоў у дырэктарскі кабінет. Прычыніў за сабою цяжкія дзверы. У крэсле сядзеў пажылы чалавек з вялікай лысінай, маршчыністым ілбом, густой барадой з сівізной. Гэта быў сам Васіль Іванавіч, якога баяліся ўсе — і вучні, і настаўнікі. Дырэктар адкінуўся на спінку крэсла і шумна пацягнуў ноздрамі паветра, нібы прынюхваўся да Лявонкі, і ўпёрся ў яго цяжкім поглядам.
— Відаць, табе надаела вучыцца ў нас? — разважліва сказаў ён, складваючы на жываце белыя, дагледжаныя рукі.
Лявонка заўважыў, як востра бліснуў камень у пярсцёнку на яго тоўстым пальцы, і адчуў, што ён поўнасцю ва ўладзе гэтага чалавека.
— Адкуль гэта ў цябе? — дырэктар узяў са стала тую самую недарэчную брашурку «Женщина и социализм».
Да падобнага пытання Лявонка быў ужо гатовы. Не, хлопцаў ён не выдасць.
— На дарозе знайшоў,— адказаў ён і правёў далонню па лбе, адчуўшы, як раптоўна павільгатнеў чуб і пачырванеў твар.
Васіль Іванавіч не зводзіў з яго цяжкога пагляду.
— Ты што — сацыяліст?
Хлопец ніякавата паціснуў плячыма.
— А ці падумаў ты пра таварышаў? Ты ж іх з пуці збіваеш…
Лявонка ўздыхнуў. Што на гэта адкажаш?
— Я нічога не хацеў… Нічога благога… На дарозе знайшоў…
— Каму яшчэ даваў чытаць?
— Сам прачытаў… некалькі старонак…
Дырэктар бачыў, што вучань перажывае і хвалюецца, ажно ўпацеў.
— Чуў, што сказаў інспектар?
— Чуў.
— Мы не можам гэтага цярпець!
Твар у дырэктара стаў чырвоны. Відаць было, як выдаўся наперад і быццам павялічыўся яго і без таго цяжкі падбародак.
— Май, калі ласка, гэта на ўвазе. Выключым, і будзеш пазбаўлены права паступлення ў іншыя навучальныя ўстановы! Ідзі!
Лявонка памкнуўся быў нешта сказаць, але дырэктар перапыніў яго:
— Маўчаць! Пасля класаў — у карцэр!
— Толькі прашу вас, — выціснуў з сябе вінавата, — бацькам не паведамляйце.
Дырэктар прамаўчаў.
Карцэр размяшчаўся пад лесвіцай. Нара. Ні вокан, ні дзвярэй. Не было нават на што сесці. Лявонка, сагнуўшыся, так і прастаяў у ім, не еўшы, увесь пасляабедзенны час. Выпусцілі толькі пад вечар, калі ўжо добра сцямнела.
Гэта было для яго як грэхападзенне, за якім павінна наступіць — як у той Бібліі — выгнанне з рая. Усёй яго свядомасцю авалодаў адчай. З вучылішча, аднак, не выгналі. Гэтага ён баяўся найбольш, і вось, дзякуй Богу, пакінулі. Васіль Іванавіч, мяркуючы па ўсім, палічыў больш прымальным замяць скандал у самым пачатку.