Выбрать главу

ІІІ

Прыйшла вясна і ў Пруску. У нізінах яшчэ ляжаў снег, а на раніцу ўжо падавалі пяшчотныя галасы журавы і, адпачыўшы на прускаўскіх паплавах, цягнуліся далей на поўнач. Пяшчотна зазелянелі першыя атожылкі крапівы, што паспелі ўжо адскочыць ад зямлі. Зацвіла Шведава бяроза — з галін пазвісалі жаўтлявыя каташкі. Прырода напаўнялася цяплом і радасцю жыцця, і яно знаходзіла хвалюючы водгук у чалавечым сэрцы.

Уставалі Кужалі рана, як і ўсе ў Прусцы. Першым, як звычайна, падняўся Кірыла, за ім Марыля з Міхалём. Памылі рукі, асвяжылі халоднай вадой твары, і кожны ўзяўся за сваю работу, а потым усе разам сабраліся, каб паснедаць. Паўставалі і дзеці. Марыля падала на стол міску таўканіцы, прынесла з каморы галоўку квашанай капусты. Хлеба ўжо не было. Яго ледзьве хапала да вясны, і то напалам з мякінаю, а далей на бульбу спадзяваліся, а часам і на лебяду пераходзілі. Пакуль што, дзякаваць Богу, бульба яшчэ не вывелася. На ўсякі выпадак пару мяшкоў пазычылі ў Хведара са Свішчова. У таго ў самога не густа было, але даў. Збожжа засталося толькі каб пасеяць. Недатыкальны «фонд».

Кужалі дружна абселі сямейны стол. Таўканіна здалася нейкай саладжавай — відаць, бульба крыху прымерзла, але на гэта не звярталі ўвагі.

Усё ж такі вясной чалавек весялей глядзіць на жыццё, хоць клопатаў, вядома, хапала. Асабліва турбавалася гаспадыня.

— Міхалка, схадзіў бы ты да Падгурскага, хай бы жыта пуды са два пазычыў — на праснакі,— папрасіла Марыля.

— А можа, таго, у каго з суседзяў? — разважыў Кірыла.

— Не, я сёння ў Ратайчыцы мушу ісці.

Усе ведалі, што судовая справа зацягнулася, і ўсіх не пакідаў клопат пра сведкаў.

— Няўжо не знайду праўды? — услых, з нейкай пакутлівай бадзёрасцю, падумаў Міхаль.

Марыля ўздыхнула. Апошнім часам жыло ў ёй смутнае прадчуванне чагосьці нядобрага.

Паснедаўшы, Міхаль накіраваўся-такі да Пацея.

…Пісар, убачыўшы наведвальніка, лыпнуў вачыма і кінуў позірк на Міхалёвы кішэні:

— А-а, ты? Не спяшайся. Каморнік будзе, калі падсохне. Не палезе ж ён у гразь…

Міхаль хацеў нешта сказаць, але Пацей перабіў яго:

— Ты сведкаў толькі знайдзі, а я ўжо навучу іх, што гаварыць! — у голасе Пацея гучала, як заўсёды, калі ён на падпітку, незадаволенасць разам з самаўпэўненасцю. — Ідзі, куслівая! — раздражнёна адмахнуўся ён ад першай ажынай мухі, што рвалася сесці на яго чырвоны нос.

Міхаль пачасаў за вухам.

— А лепш за ўсё памірыцца вам трэба, прасіце адзін у аднаго міру! Цяпер жа з Японіяй вайна, чуў? Нашто нам яшчэ адна?

— Дык гэта не проста.

— Не проста, вядома. Падумай!

З валаснога ўпраўлення Міхаль выйшаў з цяжкім сэрцам. На дварэ — непагадзь. Сонца і не думала выглядаць з-за хмар. З поўдня дуў вецер, ад якога набракала вільгаццю паветра і станавілася густым і цяжкім. З Ратайчыц да маёнтка Падгурскага ішоў па дарозе, а далей вырашыў ісці праз Плісу, напрасткі. Там яшчэ з восені ляжала добра ўмацаваная кладка, якую не знесла нават веснавое паўнаводдзе. Накрапваў дождж. Ногі грузлі ў падталым снезе. Боты разбухлі ад вады і сталі цяжкімі. Чутно было, як па хмызняках шырокімі хвалістымі крокамі хадзіў вецер.

Кладка — адно бервяно. «Каб не паслізнуцца!» — падумаў Міхаль, ступіўшы на бервяно, і амаль адразу ж страціў раўнавагу і паляцеў уніз, дзе аддавала холадам вада. Хутка памацаў дно і ўстаў на ногі. Вады было якраз па пахі. Халодная, а пякла, як агонь. Бераг, на шчасце, побач. Ён учапіўся за нейкае ламачча, ачуняў і перавёў дыханне. На парог з'явіўся ўвесь мокры. Нават боты не выцер, што звычайна не забываў рабіць.

— Ой, людкове, што з табой?! — заламала рукі Марыля.

— Дай як абагрэцца! — Міхаль выглядаў разгубленым. Хлюпалі размоклыя боты і дыхаў цяжка. — Чабохтаўся ў той рацэ, пакуль выбраўся.

— Хуценька пераапранайся ў сухое! — замітусілася Марыля.

Памяняўшы бялізну, Міхаль узабраўся на цёплы запечак. Марыля згатавала і адразу ж напаіла яго адварам ліпавага цвету. Відаць было, як Міхаля даймалі дрыжыкі, лоб блішчэў ад поту. Тым не менш раніцай ён падняўся.

«Дзякуй Богу, ачуняў!» — узрадаваўся Кірыла.

Міхаль і сапраўды на першых парах адчуваў сябе быццам бы і не блага. Паспеў нават пасадзіць бульбу, але пасля гэтага раптоўна занямог і злёг. Тоня з Фядоркай якраз вучылі хадзіць маленькую Барбарку. Міхаль ляжаў на ложку, глядзеў на дачок. Твар у яго быў спакойны, але ў галаве віхурыліся думкі: «Божа мой, нашто я іх на свет пусціў, сірацінак?!»

— Тоня, падай вады! Стаміўся я нешта сёння… — папрасіў дачку.

Вечарам нават не дакрануўся да малака, што ўскіпяціла яму жонка. Кірыла падышоў да хворага і прыклаў руку да лба.