Выбрать главу

У сумных пахавальных справах дапамагалі суседзі — Хомчыха і Васіліха. Прынеслі начоўкі з вадою, на падлозе разаслалі куль свежай саломы, палажылі на яе нябожчыка. Абмывалі кужэльным ручніком і, абрадзіўшы таксама ў кужэльнае адзенне, паклалі ў труну.

У хату патроху збіраліся людзі. Прыйшлі, сумна ўгнуўшы плечы, каваль і іншыя мужчыны: Масей Галёнка, Захар Відэрка, Гаўрыла Швед, Пятро Ламака, Васіль Каленік… Труна стаяла ў покуці на шырокім услоне. У ёй ляжаў Міхаль, апрануты ў новую сарочку. У кутку над узгалоўем гарэла вялікая свечка, кідаючы водбліск на аблічча нябожчыка, складзеныя на грудзях рукі. На твары застыў выраз задаволенасці. Усім сваім воблікам нябожчык быццам бы гаварыў: «Ну вось, нарэшце я ўсё адолеў і прыйшоў да мэты».

Подых смерці прымусіў Лявонку тужліва задумацца. Як і кожны, ён баяўся смерці. «Дык вось яна якая… Няўжо і я таксама памру?» — падумаў ён і здрыгануўся.

На пахаванне швагра прыехаў Марылін малодшы брат Хведар — невысокі, плячысты дзяцюк, апрануты ў даматканую світку і зрэбныя парткі, у ботах. Дзядзька Хведар жыў на хутары Салавей паміж Свішчовам і Царкоўнікамі.

Убачыўшы брата, Марыля сашчапіла рукі і пачала галасіць як не сваім голасам. Хведар стаў яе супакойваць: «Неяк яно будзе». Матчына ўтрапенне перадалося дочкам.

Раптам вырвалася ў Тоні:

— Ой, татачка-татачка, чаму ж вы нас пакінулі?! Адкуль вас цяпер выглядаці?! Не ступяць больш вашы ножанькі цераз парог, не будуць хадзіць па сцежачках!

— Ой, татачка-татачка-а! — уздыхала Фядорка.

Зноў падхапіла Марыля:

— Не глянуць ужо больш твае Бочачкі на жыцейка ў полі! — і, крыху счакаўшы, як бы перавёўшы дых, працягвала: — А другіх жа мужыкі б'юць, а ён жа мяне ніколі не біў…

Ад жалю разрывалася сэрца.

А Тоня з Фядоркай не змаўкалі:

— Чаму ж вітэ, татачка, да нас не адазвецеся?! На каго вітэ нас, сірацінак, пакінулі?!

Марыля ўпала на труну, абняла нябожчыка за ногі.

— Хай бы ты, Божа, мяне лепш забраў,— з болем вымавіў Кірыла ў наступіўшай цішыні. Ён трымаўся мужна, як бы падаючы прыклад астатнім.

Нехта падказаў пакласці ў труну трошачкі жыта, на тым свеце, маўляў, спатрэбіцца. Мужчыны пайшлі капаць магілу.

Разам з іншымі з'явіўся і Ясё. Як-ніяк сусед. Патаптаўшыся ля парога, спачувальна пацмокаў губамі і пайшоў.

Сярод людзей стаяла і Ганна. Лявонка, хоць і быў як непрытомны, заўважыў…

Прыйшоў дзячок Садоўскі з псалтыром у руках, пачаў чытанне. Ля нябожчыка сядзелі ўсю ноч. Назаўтра труну адвезлі ў царкву. З'явіўся айцец Глеб, апрануты паверх падрасніка ў жалобную пахавальную рызу. Увайшоўшы ў царкву, адразу пачаў адпяванне:

— Все бо ісчезаем, все умрем, царі же і князі, судьі і насільніцы, багатае і убогіе і все естество человеческое. Со святымі упокой!..

Тры разы абышоў вакол труны, акурыў прысутных ладанам, акрапіў свянцонай вадой.

Могілкі знаходзіліся непадалёку. Назар, трымаючы лейцы, панукаў Орліка, які, напружваючы жылістую шыю, цягнуў калёсы праз глыбокія выбоіны. Следам, цяжка сапучы, ступаў айцец Глеб. Побач з ім — дзяк Садоўскі з крапідлам. Хомчыха з Васіліхаю і Прузына вялі пад рукі абяссіленую Марылю — цяпер ужо ўдаву. Крыху далей — дзядзька Хведар, прускаўскія мужчыны і жанчыны. Паперадзе ішоў Пракоп — нёс свежы драўляны крыж. Нарэшце наблізіліся да таго месца, дзе павінна было знаходзіцца вечнае Міхалёва прыстанішча. Каля магілы — гурбы жоўтага жвіру.

— Упакой, Госпадзі, раба божьего Міхаіла… — пачаў айцец Глеб, але маленне працягвалася не доўга. Святар хутка скончыў. Родныя пачалі развітвацца з нябожчыкам, цалаваць рукі, лоб, апошні раз углядацца ў аблічча…

Пятро Ламака з Масеем Галёнкам ужо прыладжвалі да труны вечка. Дыхтоўна, учэпіста ўгрызаліся ў дрэва цвікі. Лявонка няўцямна сачыў за іхнімі рухамі. «Няўжо і мяне гэта ўсё чакае?» — ізноў падумаў ён. Адказам на яго думкі былі грудкі зямлі, што сцвярджальна забарабанілі па вечку труны. Глухі гук незваротнасці. Пачуў, як сказаў Кірыла:

— Бывай, Міхалка, і, таго, мяне там чакай!

Паставілі драўляны крыж з выразаным на ім надпісам:

Здесь покоітся рабъ божій

Міхаілъ Кужаль

Пракоп патаптаўся вакол крыжа, умяў пясок нагамі. Некаторыя пайшлі па могілках глянуць на магілкі сваіх… Потым усе вярнуліся ў Міхалаву хату памянуць нябожчыка. Прывезлі і айца Глеба з дзяком Садоўскім, якія, распрануўшыся разам з усімі, памаліўшыся, моўчкі выпілі па кілішку самагонка Закусілі. Елі моўчкі, але шчыльна. Мужчыны хвалілі характар нябожчыка.