З гэтымі думкамі Лявонка выйшаў з хаты. Сталасць для хлопца наступіла неяк адразу. Трэба было брацца за гаспадарку. Яна, хоць і невялікая: конь, карова, пара парсюкоў, некалькі авечак, але патрабуе догляду.
Выйшаўшы на падворак, агледзеўся. На чаромсе, што расла на той бок вуліцы, валтузіліся шпакі, ваюючы з вераб'ямі, кружыліся, пералётвалі на вярбу, свісцелі, ціўкалі і, відаць, перадражнівалі адзін аднаго. Погляд міжвольна спыніўся на хаце. Першае, што неабходна было зрабіць, — пабудаваць новую хату. Жыць у старой ужо не было як— пастарэла, згорбілася пад цяжкім саламяным дахам. Пара б і пра новую падумаць. Пра ўсё гэта аднойчы вечарам ён сказаў Кірылу і маці. «Гарачы ты залішне, таго, унучак, — пацмокаў языком Кірыла, — з Падгурскім за зямлю яшчэ не расплаціліся…» «Расплацімся, неяк жа яно будзе…» — узяла сынаў бок Марыля. Кірыла ўжо сядзеў на прызбе, грэўся на сонейку і, здавалася, з асалодай і ўдзячнасцю ўбіраў у сябе веснавое цяпло. У барадзе яго за апошні час добра-такі прыбавілася бела-курчавых нітак. Ён ажывіўся, убачыўшы ўнука:
— Гной пара вывозіць, — як бы самому сабе сказаў ён. — Карова ў хляве бэлькі хрыбтом дастае.
Лявонка ўздыхнуў — ён таксама думаў пра работу, якая, зразумела, не магла чакаць.
— Трэба, каб, таго, усё ў час паспець…
«Як бы я сам гэтага не разумею», — падумаў унук, а ўголас сказаў:
— Мусіць, за ярыну трэба брацца?..
— Ярыну будзем сеяць, калі зямля добра падапрэе, пад дождж.
Ён ужо прывык бачыць дзядулю ў пастаянным, але нязмушаным, як бы натуральным клопаце, які, аднак, не толькі не замінаў яму ў яго штодзённым існаванні, а наадварот — нават дапамагаў жыць. Кірыла добра ведаў, калі і што сеяць і дзе сеяць. Умеў ён дакладна прадказваць надвор'е, назіраючы за паводзінамі жывёл, птушак і нават за выглядам дрэў. Калі бяроза распускаецца роўна знізу даверху — будзе цёплае лета, калі толькі знізу — халоднае. Работа селяніна быццам бы і не складаная, але ўсё трэба ўмець. Умець узараць, забаранаваць, пасеяць. І больш за ўсё Кірыла марыў пра жалезны плуг. Сын Міхаль ставіўся да гэтай навінкі трохі насцярожана, аднак урэшце ўдалося пераканаць і яго, і такі плуг у гаспадарцы з'явіўся. Прывёз яго Міхаль з Камянца. Паўвёскі высыпала ў поле, на Малы Трыб, паглядзець, як ён будзе араць. Пракоп падвастрыў лемех. Араў Кірыла. Ён неяк адразу авалодаў гэтым уменнем. За плугам ён ішоў лёгка, без натугі, нават, па ўсім адчувалася, з асалодай ступаў босымі нагамі па свежай разоры. Ад бацькі навучыўся сын. Аднойчы Міхаль паставіў за плуг Лявонку, даў паараць. Ручкі плуга аказаліся высокімі, трымаць іх было нязручна. Ногі напачатку блыталіся, але потым усё пайшло як быццам добра. Роўна клаліся чорныя барозны. Па іх дзелавіта хадзілі гракі, нешта вышукваючы ў свежых пластах зямлі. Лявонка азірнуўся назад, і плуг выскачыў з разоры. І тут бацька сказаў — не то сыну, не то самому сабе: «Паклаўшы руку на плуг, не аглядайся». Не сказаць, каб сын адразу ўцяміў сэнс бацькавых слоў, але запомніў іх…
Успаміны перарваў Кірылаў голас:
— Вось Орлік нешта занядужаў.
— А што такое?
Яны разам пайшлі ў хлеў, дзе стаяў конь.
Адна бяда, як кажуць, не ходзіць, а вядзе за сабой другую. Следам за гаспадаром пайшоў і конь — як бы сумна яму стала без Міхаля. Яшчэ адно няшчасце абрынулася на Кужалёў. Кірыла бачыў недамаганні каня і разам з унукам хацеў неяк паправіць справу.
— Конь, братка, таго, такі ж разумны, як і чалавек, толькі што не гаворыць, — не раз казаў ён унуку.
Кармілі жывёліну не блага — і сена давалі, і сечкі, і аўса. У нядзелю Лявонка з ведама Кірылы намяшаў Орліку ў сечку сырой бульбы, і, можа, зашмат. Думаў падтрымаць жывёліну (гэта быў ужо немалады конь), але — не. У панядзелак Кірыла не пазнаў каняку. Орлік узмакрэў і дрыжаў сваімі худымі, але распёртымі і ўздутымі бакамі.
— Каб хоць пасеяць ён нам даў,— з трывогай глядзеў на каня Кірыла.
Аднак конь ужо не паднімаўся. Кінуліся шукаць хоць якога паратунку — клікнулі суседзяў. Мужчыны прасунулі пад Орліка вяроўкі і дапамаглі беднаму каню ўстаць на ногі. Той, здавалася, падбадзёрыўся, нават ступіў колькі крокаў, але капыты яго ўжо не трымалі, і ён усімі чатырма нагамі абрынуўся на дол.
— Насланнё нейкае, — загаласіла Марыля і ўсплёснула рукамі. Жанчына зайшлася ад слёз.
Жаласліва глядзеў і Кірыла. «Не памірай, конік, хутка лета прыйдзе», — казалі яго вочы. Прайшло колькі часу. Орлік ляжаў нерухома і ўжо, відаць, паспеў акалець. Кірыла разам з Лявонкам узялі ў Хомкі кабылу і, прывязаўшы Орліка за шыю, адцягнулі яго за клуню і закапалі.