— Купалле хутка! — сказала Марыля. — Да Купалля трэба паспець…
— Паспеем! — запэўніў свёкар, які сачыў, каб усё ў гаспадарцы рабілася своечасова.
— Пайду ўжо я, — заспяшалася Марыля, скончыўшы абяртаць пакосы, — дарогай, можа, зёлак збяру. Зверабою шмат у кустах, доннік лекавы ў раўку ёсць.
— І кмен на горцы ля поплаву ўжо збіраць можна, — падказаў Кірыла.
V
Характэрная рыса прускаўскага ўкладу жыцця палягала ў тым, што яно, гэтае жыццё, з часоў Адама мела сваёй першаасновай апладненне — зямлі і хатніх жывёл. Вядома, і чалавек не знаходзіўся ў баку ад гэтага спрадвечнага быційнага працэсу. Пa традыцыі купальскага дня чакалі ўсе. Прускаўцы ўжо з раніцы былі як не свае. «Грала» сонца, шчодра абпырскваючы зямлю залатымі промнямі святла.
— Прачынайцеся, паглядзіце на сонца! — будзіла дзяцей Марыля.
Лявонка зірнуў у акно, у якое зырка свяціла сонца. Паднімалася яно над лініяй далягляду, з боку Камянца, і з ім відавочна нешта адбывалася.
— Бачыце, як іграе?
— А і праўда — пераліваецца! — узрадавалася Тоня.
Яно, здавалася, распадалася на некалькі частак, якія ігралі і пераліваліся — кожная сама па сабе, а потым ізноў збіраліся разам, спалучаліся ў адно вялікае, прамяніста-радаснае кола.
Моладзь прыбіралася ў лепшае адзенне, усе чакалі той пары, калі сонца зойдзе за панскі лес і малочна-мглісты змрок абляжа зямлю, схавае ў сабе і кусты, і хаты, і асобныя дрэвы, і ўсю прускаўскую вуліцу разам з наваколлем. Тады ўгрэтая шчодрым сонцам зямля пачне вяртаць накопленае за дзень цяпло. Хлопцы і дзяўчаты, як звычайна, збяруцца на беразе Плісы, ля мастка, пад вербамі, а там ужо дамовяцца, што рабіць далей.
Дачакаўшыся вечара, Лявонка збольшага перакусіў, накінуў на плечы ясёнку і выйшаў на вуліцу, збіраючыся ісці да мастка, дзе вечарамі сыходзілася моладзь. Тоня, відаць, была ўжо там. Толькі што з свайго канца праз усю Пруску прайшоў Ламакаў Піліпко з гармоняю. Гарманіст з яго слабы, але трохі рыпае. Піліпко — худзенькі, нізенькі расточкам, з-за гармоні яго амаль не відаць, а побач з ім — высокі Гамон. Гамон спрабаваў прысвістваць і біць у бубен.
За імі прашпацыраваў Павал Гальяш. Ён таксама жыў з краю вёскі. Сёлета ён рыхтаваўся ў вучылішча. Гармоня (так тут называлі гармонік) і бубен уносілі вясёлую разнастайнасць у жыццё вёскі, збіралі народ, асабліва маладзейшых. Ля мастка цераз Плісу, на поплаве, ужо стаяла моладзь — свае, прускаўскія, і з суседніх вёсак. Прыйшлі па-святочнаму апранутыя. На зімовых вячорках весела было, але тут, ля мастка, яшчэ весялей. Па-заліхвацку расцягваў гармонік Піліпко.
— Добра грае! — пахваліла музыканта ўсмешлівая Гэлька Відэрка — Ганніна прыяцелька.
Дзяўчаты ўбраліся ў белыя вышываныя сарочкі, паласатыя, сваёй работы, спаднічкі, паверх якіх былі павязаны белыя, з вышыўкай фартушкі. Лявонка заўважыў Тоню, якая ўжо круцілася паміж дзяўчат.
На ваду насоўваўся лёгкі туман, ахутваючы нізкія берагі і пакручастае рэчышча Плісы.
Падышлі дзяўчаты з Выгнанкі — Галеня, Верка Гагалюк, Тапка Рудка, з Зінькоў — Жуфея. Таксама дзіўнае імя — невядома нават, адкуль такое магло ўзяцца. З ёю сяброўкі — Маня Конаўка і Шура Гаўрылюк, а з імі Оргій Маркаў — сын Марка Замагільнага. Праўда, знешне Оргій нічым не нагадваў бацьку, быў, як і ўсе, — звычайны чалавек.
Угнуўшы галаву і незаўважна жуючы скарынку хлеба, уліўся ў гурт Міхаль Швед. Па натуры Міхаль — маўчун, абыходзіцца нават без таго, каб павітацца пры сустрэчы. Старэйшы брат яго Фэдар — весялун і жартаўнік — пайшоў служыць у войска.
Быў малады яшчэ вельмі Хвядзюшка Шпунт — і яго цягнула ў гурт.
Нават Ясеў Грышка, Латушкаў сын, які, здавалася, ні з кім не вадзіў кампаніі, і той прыйшоў, пакінуўшы дома ціхманага меншага брата Мішу. Пад носам у Грышкі востра вытыркалася верхняя губа, закрываючы ўсю ніжнюю. І, вядома, не магло абысціся ігрышча без Дармідонтавых Трахімкі і Цімошы і Цішкі Пахолка — кавалёвага сына. Зухаваты Трахімка стрыг вачыма, кідаў вакол сябе кароткія позіркі.
— Ну што, мацакі? Пайшлі на Лосьну!
Сапраўды, ля мастка не выпадала паліць купальскае вогнішча. Вёска побач. Ды і царква стаяла непадалёку. Айцец Глеб з матушкай не ўхвалялі купальскія ігрышчы.
Вясёлым натоўпам пайшлі берагам уздоўж Плісы — туды, дзе яна ўпадае ў Лосьну. Купальня — завецца гэтае месца. Тут прускаўская моладзь купаецца, тут звычайна гарэлі купальскія вогнішчы. Лявонка — разам з усімі.
Прыгожая Пліса! Не надта вялікая і не надта малая, плыве яна паміж палёў і сенажацяў, аднастайна лапоча — перамаўляецца пра нешта з берагамі. То на паплавец выскачыць, то ў альшаніку схаваецца, то шырока разальецца па балоце, — вось як тут, дзе агінае Пруску з поўдня. З высокай выспы глядзіць на паводку панскі палац.