І рыба розная ў Лосьне водзіцца, і ракі ёсць. Вада празрыстая — кожны каменьчык відаць. А па берагах растуць высокія касачы. Пры такіх сімпатычных рэчках звычайна і сяліліся ліцвіны.
Ідучы, дзяўчаты рвалі касачы, лугавыя кветкі і вілі з іх вяночкі, спаборнічаючы паміж сабой — чый прыгажэйшы. У ноч на Івана Купалу яны гадалі на вянках. Кожны, ідучы, гаманіў пра сваё. Гугнявіў, нешта расказваючы, Гамон:
— Пелядаваў Астап з Блянавіч — таксама плідзе з гальмоняй.
— У нас гарманіст свой! — ганарыста азваўся Трахімка. — Піліпко — не хто-небудзь! Як зайграе — не ўстоіш… Праўду я кажу, Цімоша? — звярнуўся ён да брата, якога дома толькі што пакрыўдзіў, з'еўшы яго скварку.
— Ну, так, — пагадзіўся Цімоша і паціснуў плячыма.
— Чаму ты такі сумны? — спыталася нейкая з дзяўчат у Цімошы.
— Крыўдзяць яго ўсе — і матка, і бацька, — з прытворным спачуваннем адказаў за брата заўсёды дасціпны Трахімка.
— А хто болей? — выскаліўся Цішка Паходак, зразумеўшы яго жарт.
— Хто болей часу мае!
Рогат.
Лявонка прыкмеціў, як звонка засмяялася, паказаўшы беленькія зубкі, Ганна, і неяк нават пазайздросціў яе весялосці. Казалі — ён не ведаў, верыць гэтаму ці не, — быццам у Прусцы самае сіняе неба, самая смачная вада, самыя пахучыя кветкі і самыя прыгожыя дзяўчаты. Калі меркаваць па Ганне, дык гэта, безумоўна, так. Яе такі мілы яму галасок міжвольна вылучаўся з агульнага дзявочага шчэбету. Гнуткая і ўжо спелая Ганніна постаць часта трапляла пад хлапечыя погляды. Цёмныя валасы, як звычайна, заплецены ў доўгую тоўстую касу, апранута ў лёгкі станік і пярэсты андарачок. Але, мусіць, часцей за ўсіх пазіраў у той бок Лявонка. Яго больш за ўсё вабіла таямнічасць яе шэрых вачэй. У іх нешта было такое, што хвалявала і прыцягвала. Яму зрабілася ажно горача, калі ён другі раз пачуў яе звонкі смех. Яна ж яго як бы і не заўважала. Ну, вядома чаму. Паводле прускаўскіх уяўленняў аб гонары, паводзіны дзяўчыны не павінны выдаваць яе пачуццяў у адносінах з тым хлопцам, які ёй падабаецца.
Відаць было, як няўзнак прыглядаўся да Ганны і Трахімка. Часам, стоячы побач, вельмі ж імкнуўся як бы выпадкова дакрануцца, а то і жартаўліва ўшчыпнуць за што-небудзь. Вось і цяпер, разам ідучы, ён усё бліжэй ціснуўся да яе. Ганна адступіла ўбок.
— Ты што, Трахімка?
— А я нічога.
— Нічога? Ты вачыма глядзі, а рукам волі не давай! — успыхнула дзяўчына.
— Але ж ты вунь якая!
— Якая? — павярнулася яна да жартаўніка. — Ты мне зубы не загаварвай!
Лявонка стараўся не глядзець на Трахімку, быў злы на яго. Учора вечарам ён пайшоў на луг па дзядзькавага каня і ніяк не мог яго злавіць. Спачатку палічыў, што конь дзядзькі Хведара яшчэ не паспеў прывыкнуць да яго. Растлумачыў усё Назар: «Гэта табе Трахімка з Грышкам Ясевым зрабілі». «Што зрабілі?» — не зразумеў Лявонка. «Каня табе зняверылі. Я ў карчах стаяў і ўсё бачыў. Насунуць яму вуздэчку на галаву і ў персі нагой… Потым ізноў — ловяць, насоўваюць вуздэчку і нагамі лупяць». Не хацелася нават верыць, што Трахімка на такое здольны. «За што ж гэта ён? Сволач…» — «Не пераймайся надта», — параіў Назар. Доўга ў той дзень хадзіў ён за канём, пакуль змог злавіць яго. Не рабі, як кажуць, бліжняму таго, чаго не хацеў бы, каб зрабілі табе. А Трахімка, выходзіць, робіць…
Тут раптам завяла частушку Гэлька — Ганніна прыяцелька. Голас у яе тонкі і звонкі:
Вецер крутнуў яе зялёным андараком і агаліў стройныя шчыкалаткі.
Лявонка паглядзеў на яе: «Як бы ведае, гіра што я падумаў?» А падумаў ён пра тое, што праз пару дзён трэба вяртаць дзядзьку каня і ці ўправяцца яны к гэтаму часу звезці сена ў клуню.
— О, і Лявон тут, — нібы здзівіўся Грышка Ясеў. За ім ужо стала замацавалася, перайшоўшы ў спадчыну ад бацькі, вясковая мянушка Жур.
— А дзе ж яму быць? — не сцярпела, абараніла Лявонку Ганна.
Нарэшце наблізіліся да купальні — якраз тут Пліса ўпадала ў Лосьну. Па берагах — чароты, сітнягі, вербалоз. Зверху — вокам не зміргнуць — праносіліся чыркі. Пачалі распальваць касцёр. Лявонка стаяў побач з Павалам Гальяшом і назіраў, як агонь агортвае сухое ламачча, якое хлопцы назбіралі на касцёр. За ракой, над лесам, загараліся першыя зоры. Ноч абяцала быць цёмнай і парнай.