Выбрать главу

Да купкі дзяўчат падышоў Трахімка, глянуў на хлопцаў і выдаў частушку, прытанцоўваючы і прымінаючы нагамі траву:

А я ўсё дзіўлюся, Дзе мая Маруся, А я ўсё дзіўлюся, Дзе мая Маруся…

Гамон ударыў у бубен, але не патрапіў у рытм. Трахімка махнуў на яго рукой. У дзявочым гурце дружна засмяяліся. Усе даўно ўжо прывыклі да таго, што ён, як заўсёды, імкнуўся звярнуць на сябе ўвагу, неяк вылучыцца з грамады. Асабліва гучна смяялася цельпукаватая Груша Чапёрка.

— Эх, дзевачкі-красачкі-і! — Трахімка шырока расставіў рукі, памкнуўшыся залучыць у свае абдымкі ўвесь дзявочы гурт. Але тыя са смехам разбегліся — хто куды. Чутно было, як па беразе затупалі яго цяжкія крокі, але дзе ты іх дагоніш!

Зырка гарэла купальскае вогнішча.

— Ну што, Лявон? Дзевак тлеба мацаць, а ты стаіш… — зарагатаў Рамон, крывячы шыю набок.

— Ён толькі і глядзіць, каб цапнуць каторую за грудзі! — ашчэрыўся Трахімка.

— Яму няма як — ён вучоны… — у тон сябру, з «падкавыркай», сказаў Грышка.

— Дзіва што! — азваўся Гамон, які ўжо прытаміўся стукаць у бубен і перадаў яго Павалу Гальяшу.

— Адчапіцеся ад чалавека! Чаго прысталі? — пачала бараніць Лявонку Гэлька.

— Ты, Гамонка, за сабой глядзі! — адказаў на жарт Лявонка.

— За мной дзеўкі самі бегаюць! — пахваліўся Гамон і ў доказ паспрабаваў абняць Гэльку. — Плявільна, Гэлька?

— Ой, не чапіся ты! — вырвалася ад яго дзяўчына.

— Запрасіла б у клуню, то, пэўна, пабег бы, — блазнаваў Трахімка.

— Усё б яму жыраваць! — упікнула яго Волька.

Па беразе набліжаўся да вогнішча хлопец з гармонікам пад рукой, па-кавалерску кучаравы, худы, цыбаты, як певень.

— А вось і Аляксей! — першым згледзеў яго Гамон.

Гэта быў Аляксей Шаўчук з Бранавіч.

Ён весела павітаўся з гуртам і адразу ж зайграў, а дзяўчаты распеўна зацягнулі:

Купалінка-а, Купалінка-а…

Піліпко спрабаваў падыграць на сваім гармоніку, але ў яго не вельмі выходзіла, ніяк не мог навучыцца, хоць гэта песня апошнім часам часта чулася ў прускаўскім наваколлі.

Цёмная-я но-очка… —

звонка разлегліся над ракой дзявочыя галасы.

— Э-эх, гітары няма, а то я б вам падыграў,— уздыхнуў кавалёў Цішка, — без гітары не па мне, я гітару люблю!

Трахімка зноў выкрыквае частушку — яго моцны барытон перакрывае ўсе астатнія галасы:

Я Марусі сёе-тое, Маруся не хоча… Я Марусю — за цыцусі, Маруся рагоча!..

Ліха, хоць і без асаблівага ладу наярваў на бубне Павал Гальяш.

Заспявала яго дваюрадная сястра Луша:

Я на кладачку ступіла, Кладачка зыбнулася, Верна, мілы ўспамянуў, Лёганька ікнулася-я…

Лоўка засвістаў, стараючыся паўтарыць мелодыю, Аляксей Галёнка. Добра пахваліцца перад дзяўчатамі. Піліпко стараўся патрапіць на гармоніку, але не змог. Выручыў Аляксей з Бранавіч, які, па ўсім відаць, у гэтай справе меў больш спрыту.

Пачаліся скокі цераз касцёр.

— Хто вышэй скочыць? — падаў думку Трахімка.

Хлопцы, паддаючы адзін аднаму ахвоты, спаборнічалі паміж сабой. Вось разагнаўся, крывячы шыю, Гамон, але залішне высока ўзяў і ўваліўся ў вогнішча. Добра, што з краю. Зноў па рацэ пракаціўся дружны рогат. Оргій Відэрка нечакана спатыкнуўся на купіне.

— Каб ведаў, што ўпадзеш, саломы падаслаў бы, — засмяяўся Грышка Латушка.

…Здалёк пазіралі на купальскае вогнішча, выйшаўшы з хаты ў сад, айцец Глеб з матушкай. Адтуль добра быў відаць купальскі касцёр і мітуслівыя вакол яго цені.

— Скамарохі, кудзейнікі, глумцы! — злаваўся айцец Глеб. — Грэшнікі!

— Бамбізы праклятыя! — у тон бацюшку адгукалася матушка, стоячы крыху ззаду.

— Скачуць…

— Скачуць, каб мужыка не хацелася…

— А можа, каб хацелася…

…Немагчыма заснуць у купальскую ноч. Тым больш калі ты ў вясёлым гурце, сярод такіх жа юнакоў і дзяўчат, як і сам. Нават і думка пра сон не з'яўляецца. Вакол — скокі, смех, гамана. Але нарэшце дзяўчаты, крыху супакоіўшыся, паселі вакол вогнішча на траву. Трава мяккая — мурог. Агонь свеціць і грэе, праганяе мараў і зло. Трашчыць, нібы злуючы на кагосьці, сушняк. Задзівіліся на агонь і хлопцы. Лявонка кінуў у касцёр некалькі галінак, і паляцелі ў неба, вышэй галоў, зыркія іскры. Паляцелі, але, не адолеўшы вышыні, атухлі і зніклі, растварыўшыся ў густым цемрыве ночы.

Гурт аціх, аднак ненадоўга.

— Ужо ж поўнач хутка! — занепакоілася Гэлька.