Звычайна бліжэй да поўначы дзяўчаты ідуць да ракі пускаць на ваду вянкі. Традыцыйны звычай.
Ускочыла са свайго месца Луша:
— Ну што, пабеглі?
— Пабеглі! — азваліся сяброўкі, пабраўшы вяночкі. Жаночая палавіна гурту са смехам і жартамі памкнулася да таго месца, дзе бераг быў ніжэйшы і дзе зручней было апусціць на ваду вяночак.
— А хто зловіць мой вяночак? — са смехам крыкнула Ганна, смела зірнуўшы на хлопцаў, сярод якіх стаяў і Лявонка, і кінула свой вяночак далей ад берага.
Усе ўважліва сачылі, як яны плылі, адзін за адным, павольна гушкаючыся на хвалях. Ганнін вянок даплыў амаль да Прыдушні (так называлася месца, дзе ў Лосьну ўпадала Пліса і дзе вада была асабліва глыбокая), пакруціўся на вірах і, зачапіўшыся за бераг, стаў.
— Бачыш — стаў…— паказала рукой Гэлька.
Іншыя вянкі ўсё больш аддаляліся па плыні ракі, хаваючыся за паваротам. Дзяўчаты пазіралі ўслед цікаўнымі вачыма. Некаторыя сумна заўздыхалі. Але хіба дазволяць прускаўскія хлопцы сумаваць дзяўчатам у купальскую ноч! Трахімка, не доўга думаючы, залавіў Грушу, атуліў сваёй світкай і павёў, абняўшы за плечы, кудысьці ўздоўж берага. Над ракою клубілася густая пара, ахутвала лес, лазовыя кусты, кралася ўверх, да гасцінца, да крайніх хат. Дзесьці ўдалечыні, чутно было, гукала сава. Спяваў-цёхкаў салавей, ды так залівіста і звонка, быццам хацеў, каб яго чула ўсё наваколле.
Лявонка раптам смела — салавей таму прычынай, ці што? — падышоў да Ганны, узяў за руку:
— Хадзі, нешта скажу…
Гэта заінтрыгавала дзяўчыну. Яны ціха адышліся на некалькі крокаў.
— Што?
— Чуеш? — ён прыслухоўваўся да нечага. — Русалкі спяваюць… Дзядуля наш кажа, што тут, у рацэ, русалкі жывуць.
— Што ты маніш! Я ж не маленькая.
Яны ўслухаліся ў начную ціш: чуліся як бы нейкія галасочкі.
— Сапраўды… — узрушана зашаптала дзяўчына, нібы дакрануўшыся да нейкай таямніцы.
Пад берагам хлюпала вада. Цененька папісквалі камары ці яшчэ якія боскія стварэнні. Ён яшчэ мацней сціснуў Ганніну руку:
— Зараз выскачыць якая ды казытаць пачне!
Ганна міжвольна прыхінулася да яго плечука.
— Русалак баюся!
— Не палохайся. Яны цяпер у жыце. У жыце спяваюць.
— А што — тут іх няма?
— У жыце яны. З імі лепш не сустракацца, бо заказычуць.
Унізе, пад ценню высокага берага, чарнела рачное прадонне. Лявонка паглядзеў у вадзяны змрок. У глыбіні рачной тоні мігцела і нібыта пасміхалася, пакалыхваючы сваімі сярэбранымі промнямі, прыгожая зялёная зорка.
— Глянь!
Дзяўчына паглядзела пад бераг, куды паказваў Лявонка.
— Нічога не бачу!
— Вунь, на самым дне гайдаецца, скрозь хвалі відаць, — паказаў ён рукой.
— Што — гайдаецца?
— Зорка!
— Зорка?
— А хіба не бачыш? Вунь яна — прыгожая, зеленаватая, і промні вакол яе мігцяць…
Ён ніколі не ўмеў гаварыць з дзяўчатамі, а тут адкуль і мова знаходзілася. Не пазнаць было хлопца.
— Можа, ужо якая русалка цябе казытнула, Лявонка? Бо надта прыгожа гаворыш…
— Ганначка! Давай вось што зробім: не будзем чакаць апоўначы. Пойдзем у лес, сядзем каля куста папараці і свайго не ўпусцім! Дажджэмся!
— Ты так думаеш?
— Пра гэта мне дзядуля расказваў. Толькі так можна дачакацца, калі яна зацвіце. Дзядуля ведае!
У начным сутонні ён заўважыў, як здзіўлена ўзняліся Ганніны тонкія броўкі.
— Маці сёння ў лес хадзіла, зёлкі збірала, а пра папараць нічога не казала…
— А раптам пашанцуе!
— Хлопцы! — гукнуў нехта з гурту. — Апаўночы хутка! Пабежымо ў лес!
— А можа, і сапраўды цвіце! — спрачаўся з кімсьці Цімоша.
Гурт ажыў, заварушыўшыся.
— Як убачыш, што зацвіла, — тут жа рві! — настаўляў некага Піліпко. — І жаданне прыдумай!
Паміж высокай травы замільгалі дзявочыя белыя кофтачкі з вышытымі рукавамі. Лявонка з Ганнай пабеглі, узяўшыся за рукі. Начны лес сустрэў густым цемрывам і насцярожлівым маўчаннем; пругка дыхнула ў твар водарным настоем траў, імхоў, папараці. Востра запах чабор.
— Каб на лесуна не натрапіць, — затрывожылася дзяўчына.
— Не бойся, не натрапім.
Ля іх ног шамацелі зараслі дзікага малінніку і ажыны. Нарэшце пад месячным святлом заблішчэлі кусты папараці, і яны адшукалі самы высокі і разложысты куст.
— Глядзі ўважліва. Як толькі загарыцца кветка, адразу, не бойся, рві! — усхвалявана шаптаў хлопец. — Сарвеш — да лба прыкладай! — Яны адначасова прыселі ля куста на кукішкі, і ён адчуў, як локцем дакрануўся да яе грудзей і як Ганна не адхінулася ад яго.
Пачуўся пошчак салаўя. Недзе ўспырхнула начная птушка, скрозь дрэвы відаць было, як узышоў маладзік і абліў усё навокал ціхім святлом.