Выбрать главу

У натоўпе аб'явіліся прускаўскія хлопцы — Трахімка з Цімошам і Грышкам, пачаліся смех, жарты. Прывалокся Гамон. Потым прыбеглі Піліпко з Цімошкам. Непаспешлівы Назар Хомка далучыўся да гурту.

— Гэй, Ружа, хадзі сюды. Пан да нас прыйшоў, пагадаць хоча, — паклікаў яе Піхта, які зноў апынуўся каля Кірылы з Лявонкам. Ён засопся пасля заліхвацкага плясу.

— Абмане яна, — ухмыльнуўся Трахімка, выдыхнуўшы дым ад тоўстай самакруткі.

— Абмануць таксама трэба ўмець, — патлумачыў Піхта. — І ведаць, каго абмануць. Добрага чалавека не трэба — грэх. А вось калі ён ды нядобры…

Лявонка стаяў з краю, і цыганка падышла да яго, узяла за руку, пяшчотна пагладзіла і раптам усёй постаццю прыльнула да хлопца:

— Ой, які ты!

«П'яная!» — асуджальна падумаў Лявонка, аднак не адступіў.

— О-о! — ажывіўся гурт.

Мякка зазвінелі каралі, у гарачым дыханні цыганкі чулася незразумелая ўзбуджанасць. Потым яна, нібы апамятаўшыся, адхінулася і падняла яго руку, далонню уверх, да сваіх вачэй.

— Кажы праўду, пустога не мялі! — крыкнуў ззаду нехта з прускаўцаў, здаецца, усё той жа Трахімка.

— Як цябе зваць, хлопец?

— Лявон.

— Вось твая лінія, Лявон. Бачыш? Шмат пражывеш. Доўгая дарога табе суджана. Далёка завядзе яна цябе. Шмат дзіўнага пабачыш на белым свеце…

Лявонка адчуў яе пах — цыганка, відаць, націралася нейкім духмяным зеллем.

— У цябе добрыя лініі. Лінія сэрца, лінія галавы…

Ізноў чамусьці падумалася пра Амерыку, пра тое пытанне, якое задала нядаўна Ганна: «Няўжо я калі-небудзь паеду? Не, мусіць, такога не здарыцца ніколі».

— А тут, здаецца, яшчэ адзін паварот, у другі бок!

Варажбітку акружыў натоўп, большасць — прускаўцы.

— Далёка ад радзімы будзеш жыць, ад бацькавай хаты. Нетутэйшая жанчына цябе пакахае.

— О-о! — здзівіўся Гамон.

Прысутныя зарагаталі. Разам з усімі засмяяўся і ахмялелы Піхта. Цыганка не выпускала Лявонкаву далонь са сваіх мяккіх, але ўчэпістых рук.

— Цяжка хварэць будзеш, але хвароба пройдзе, паранены будзеш — выратуешся, — варажбітка яшчэ ніжэй схілілася над яго далонню. — Але памрэш у роднай хаце.

Усе прымоўклі.

— І губляецца лінія!..

Хлопец і верыў, і не верыў цыганчыным словам, ён сунуў руку ў кішэню і аддаў ёй усё, што там было, — некалькі капеек.

— Нейкая яна непадобная на вас, — сказаў Кірыла Піхту.

— А як інакш? — матлянуў галавой той. — Яна з далёкага табару.

У цыганоў такое здараецца спрадвеку. Піхта стаў казаць яе гісторыю. Аднойчы ноччу знянацку, калі яна ішла з вёскі да сваіх, на яе накінуліся, схапілі і павезлі, і яна вымушана была выйсці замуж за чужога цыгана. Сам барон гэта ўхваліў: загадваў голас прыроды, бо ў табары ўсе перарадніліся і трэба была свежая кроў. Даведаліся бацькі — развялі рукамі: «Што паробіш — доля наша такая, цыганская…»

«Нялёгка ж, відаць, гэта — жыць сярод чужога народа, — у думках разважаў Лявонка, — але чаго толькі лёс не робіць з чалавекам…»

Да кастра наблізілася старая цыганка з шэрымі, як дым, валасамі, што выбіваліся з-пад хусткі, прыпаліла ад жарынкі люльку і пачала яе раскурваць.

З начнога цемрыва выбрыў і падышоў да кастра пан Адась — малодшы сын пана Падгурскага. Ён меў хмурны выгляд і бледны, як у сухотніка, твар. Сівавалосая цыганка курыла люльку, абыякава аглядаючы наваколле. Паніч моўчкі працягнуў ёй далонь.

Цыганка паўзіралася ў яе, трымаючы люльку ў зубах, і, пыхнуўшы дымам, сказала:

— Ой, чалавеча, кароткая твая лінія…

Па бледным твары Адася пайшлі цёмныя пляміны. Ён апусціў вочы і наском бота пачаў нешта калупаць у зямлі.

Маладзенькая цыганка заспявала зноў:

Галубо-о-чак, Летуно-очак, Эх, да навучы ты Мяне лятаць! Эх, невысо-ока. Эх, не далё-ёка, Ліш бы мілага відаць!

Пачуўшы песню, пан Адась адарваў позірк ад кастра, прыслухаўся, паглядзеў кудысьці паверх вогнішча. Некалькі гадоў назад ён пакахаў старэйшую дачку пана Бяльчынскага (яго маёнтак быў у Вайской) Лёдзю. Чаму — невядома, але Лёдзя тая не адказала яму ўзаемнасцю, і Адась доўга перажываў. Пасля гэтага ён увесь аддаўся вынаходніцтву. Спачатку працаваў над перпетум мобіле, але, так і не рэалізаваўшы яе, з такім жа імпэтам узяўся за лётню, маючы намер, як ён і абяцаў Лёдзі, прыляцець да пана Бяльчынскага па паветры. Казалі, што нарэшце ўсё ж такі нібыта вынайшаў тую лётню.