Выбрать главу

Нарэшце Лявонка з маці паставілі першыя ляшкі і прыселі ў цяньку перадыхнуць, папіць квасу.

Кірыла таксама адпіў квасу з цыбуляю, што стаяў паміж снапоў у ляшцы, зрабіў унуку заўвагу:

— Шчыльна снапы стаўляеш — прадухі знізу не будзе.

— А па-мойму ў самы раз, — не згадзілася маці.

У паветры стаяў сухі пах свежай пожні.

— Шчаслівы, хто жне, — задумліва сказала Марыля, глыбока ўдыхнуўшы гэтага паху.

На нейкі момант усе замаўчалі, прыгадаўшы нябожчыка гаспадара…

— Шчаслівы… Але ж, я думаю, шчаслівы і той, хто сее… — у адказ нявестцы прамовіў Кірыла.

Марыля ўздыхнула:

— Гляджу я на нашых дзяўчатак, і часам такі жаль возьме…

— Чаго ўжо гэтак? Неяк жа яно будзе, — азваўся Кірыла.

У Лявонкі ў галаве адна Ганна. Апошні час ён думаў толькі пра яе. Марыля ўжо заўважыла, што сын вырас і з ім дзеецца тое, што і з усімі ў яго ўзросце. Яна і цяпер прыкмеціла яго задуменнасць: не то ён побач, не то ў іншым нейкім месцы, далёка ад іх. І Васіліха апошнім часам часцей стала да іх заходзіць — пазычыць што ці проста перакінуцца словам. Марыля таксама забягала да Васіліхі — з'явіліся як бы агульныя інтарэсы. Але былі і сумненні…

Марыля глянула на сына:

— Табе і сапраўды падабаецца Ганна?

Лявонка пасміхнуўся, няпэўна кіўнуў галавой.

— Але ж яна бедная.

— Нічога. Ганна — увішная дзеўка, — падтрымаў унука Кірыла і падправіў яшчэ не зусім сівы вус.

— Мамо, вы ж самі казалі, што яна спраўная!

— Што з таго, што спраўная… — Марыля яшчэ раз наліла ў кварту квасу. — Зямлі ў іх замала, менш, чым у нас. Ды яна і старэйшая за цябе.

— Ну і што, што старэйшая. На колькі там старэйшая — на год які…

— Ой, мусіць, на два!

«Ох, гэтыя сямейнікі,— злаваў у думках Лявонка, — цяжка ім што-небудзь даказаць…»

…Свежыя, прасушаныя снапы звозілі ў клуню, складалі ў застаронак. Цыганчык (так назвалі каня, што купілі ў Піхты) паказаў сябе рухавым конікам, цягавітым ў працы. Наперадзе яе шмат. Даспявала ярына — пшаніца, ячмень, авёс. Пасля рабочага дня людзі, павячэраўшы, дабрыдалі да пасцелі і валіліся спаць.

Лявонка, адвёўшы Цыганчыка на выган, за Жырыло, пабег на спатканне з Ганнай. Заходзіла, хавалася ў карчах сонца, фарбуючы ў чырвоны колер вершаліны выносных вольхаў. Ганна ўжо чакала. Некалькі дзён не бачыліся. Выглядала яна нейкай засмучанай. Селі пад вярбой.

— Цяпер, напэўна, пакінеш? — Ганна перакінула з грудзей на спіну сваю прыгожую касу, якая так пасавала ёй.

Нарэшце ён зразумеў: гэта яна мела на ўвазе тую іх ноч у клуні. Прускаўскія хлопцы часта, пасля перамогі, паспытаўшы першага кахання, кідалі дзяўчат, нават не адчуваючы драматызму становішча і сваёй віны.

— Чаму ты так думаеш?

— Паспытаў…

Відаць, праўду кажуць, што жанчына раз у жыцці губляе розум.

— Што ты, Ганначка! Ніколі цябе не пакіну!

Ён і сапраўды быў бязмерна шчаслівы і адначасна пакутаваў ад таго, што яна сумняваецца ў яго шчырасці. Божа мой! Якая яна прыгожая, якая незвычайная! Сёння яна чамусьці нагадвала яму пяшчотную шыпшыну, што расцвіла ў зацішным лясным кутку.

— Што ты зараз пра мяне думаеш?

— Ты прыгожая сёння, як шыпшына…

Ганна адвярнула галаву ўбок.

— Ты заўсёды нешта прыдумаеш…

Аднак параўнанне, відаць, прыйшлося даспадобы.

— Я жыць без цябе не магу.

— Так ужо і не можаш! Як бы не такая, як усе…

— Ты лепшая за ўсіх!

— Скажаш…

— Ганулька!

— Што?

Ён паспрабаваў прыгарнуць яе да сябе.

— Пацалуй!

Але дзяўчына не рэагавала на яго жаданні. Наадварот, надзьмула губкі, быццам была на каго сярдзітая.

— Дык што, так і будзем?

— Я не чакала, што ты такі…

— Які?

У паглядзе яе шэрых вачэй мільганула капрызлівасць:

— Як Трахім. Кажа: усіх дзевак не перабярэш, але старацца трэба…

— Дык гэта, можа, Трахім, але не я.

— Усе вы аднолькавыя.

Над галовамі зашапацела вярба — ад ветру ці што праляцела.

— Гануся!

Ганна маўчала.

— Ганусенька!

Ганна не адказвала.

— Эх, камень у цябе замест сэрца!

— Цяпер багатых шукаюць, — сказала Ганна. Паміж брывамі ў яе з'явіліся тонкія крыўдлівыя складачкі.

— Нешта я цябе не разумею, — паціснуў плячыма Лявонка, — я ж таксама небагаты…

І тут Ганна не стрымалася:

— Што ты хочаш сказаць? Што я бедная? Дык пашукай сабе другую — багатую!

Яна ўстала і пайшла ад яго нейкай неўласцівай ёй ганарыстай паходкай, як бы жадаючы падкрэсліць сваю незалежнасць. Ці, можа, хацела крыху памучыць яго? Думае, што ён пачне ўтрымліваць? А ён вось і не ўтрымлівае!.. Толькі наўздагон крыкнуў: