Выбрать главу

— О, Васілішын зяць прыйшоў! — адразу ж паддзеў Трахімка, які ўжо даўно тут бавіў час.

Побач сядзеў Аляксей Галёнка — Масееў сын.

— Лявоне, хадзі сюды! — паклікаў ён.

Адчувалася, што кампанія была ўжо цёплая. Лявонка агледзеўся. З гармонікам упраўляўся Піліпко. Пры бубне — Павал Гальяш. Тут жа і Гамон, і Хвядзюшка Шпунт. Папрыходзілі сталыя мужчыны, якіх часта можна было бачыць сярод кліентаў Мордкі Вінаграда: Пракоп, Захар Відэрка, Мікіта Чапёрка, Каленік Сцяпан…

— Ого, народу колькі! Цэлая гамэрня сабралася… — пажартаваў Лявонка, далучаючыся да кампаніі.

— Выпі, тагды смялей будзеш, — падбадзёрыў каваль.

Лявонка кульнуў чарку і папярхнуўся.

— Зажуй! — Захар Відэрка падсунуў хвост селядца.

— Яму ані ў знак! — пахваліў Гамон, які да гэтага сядзеў моўчкі.

— Здаровы! — ашчэрыўся Трахімка.

— З гаспадаркай упраўляецца, хату новую паставіў! — сказаў Захар, як бы гэтага хто не ведаў.

— Мордка, святла дабаў! — загадаў Пракоп.

У каваля, відаць, часцей, чым у каго, вадзіліся грошы, каб наведаць карчму.

Мордка запаліў яшчэ адну сальную свечку.

У кутку тоўпіліся дзяўчаты: Гэлька Відэрка, Луша Гальяшова, Груша Чапёрка, Сонька Пракопава, Волька Хомкава. З Выгнанкі прыйшлі Верка і Хрысціна. Цемнавата — усіх не ўбачыш, але ён нейкім дадатковым чуццём улавіў, што Ганна таксама тут.

— А ты, чарачка, ты забавачка, не стучы, не гручы, каля сэрца ідучы, — нібы праспяваў Пракоп, беручы другую чарку.

Другая чарка сапраўды пайшла лягчэй. Моладзь пачынала танцы. Пачуўся гармонік, а за ім Гэлька Відэрка завяла частушку — хіба яна ўцерпіць!

Каб ты знаў, то й не браў Такую маленьку, Мяне маці гадавала Як курку рабеньку.

— Умее! — цмокнуў губамі Трахімка, маючы, відаць, на ўвазе Гэльку.

— Дзіва што! — у тон яму важна сказаў Гамон.

Любімы ў прускаўцаў танец — полька. З лавак адзін за адным уставалі хлопцы. Дзяўчат да танца запрашалі без асаблівых цырымоній: нічога не кажучы, бралі за руку і далучаліся да танцораў.

Мяне маці гадавала, Мною цешылася, А свякруха просіць Бога, Каб павесілася-я.

Гэлька — агонь-дзеўка. Тэмпераментная. А скача — як маталка. І Трахімка каля яе таксама не ўломак. Заўважыўшы, што Трахім адвярнуўся, Гэлька паказала яму язык. Усе, хто ўбачыў гэта, зарагаталі. Па сценах снавалі і мітусіліся доўгія цені. Нарэшце танец скончыўся — аціхлі і гармонік, і бубен. Піліпко зрабіў перапынак.

Дзяўчаты, разагрэтыя скокамі, адышліся ўбок, пачалі песню:

Там пад гаем, гаем, Гаем зеляненькім, Там арала дзяўчыначка Волікам чарненькім…

Піліпко паспрабаваў кадрылю. Лявонка бачыў, як Ганна павяла па залі вачыма. Яго шукала? Апошнім часам у Прусцы танцавалі кадрылю. Просты, але шляхетны танец. І ён запрасіў яе. Быў на падпітку, але гэта і надавала смеласці. Ён паспеў ужо навучыцца: і польку ўмеў, і кадрылю. І Ганна лёгка танцуе, лёгка і раскавана. У яе ўсё атрымліваецца як бы само сабой. Лявонкаў твар густа пачырванеў ад узбуджэння, чуб прыстаў да лба, а Ганна — хоць бы што.

Калі ён зноў падышоў да яе, Ганна сказала:

— Пойдзем, а то світаць пачне, на работу не выспішся.

— Далёка да світання. Пабудзем яшчэ!

Піліпко зноў зайграў, і Лявонка зноў хацеў яе запрасіць на танец, але Ганны ўжо не было. Не згледзеў, як выйшла. Ён кінуўся наўздагон. Яна стаяла за елкай, што расла пры ўваходзе ў карчму. Лявонка памкнуўся да яе, але дзяўчына так паглядзела на яго, што ён, хоць і быў п'яны, спыніўся, знерухомеў.

— Хіба не ведаю, з кім ты танцаваў,— зноў бліснула на яго вачыма.

Ён пасміхнуўся.

— Ты так мяне раўнуеш, як быццам ужо жонка…

— Што?

Гэтага яна не магла дараваць, павярнулася і знікла ў цемрыве ночы. Ён абапёрся плечуком на елку, а потым, губляючы раўнавагу, абняў дрэва абедзвюма рукамі, прытуліўся да яго. Засмяяўся: «Елку зблытаў з Ганнай. Ачмурэў». І замест таго, каб ісці дадому, пастаяў колькі часу і павярнуў назад, у карчму. Наважыўся быў адчыніць дзверы, як раптам яны адчыніліся самі, і з карчмы як бы хто выбег, бразнуўшы клямкай, і мільгануўся перад Лявонкам цьмянай постаццю, — ды так хутка, што той не паспеў яго як след разгледзець. «Нячысцік, не іначай», — падумаў Лявонка і зноў узяўся за клямку.

Музыкі аціхлі, моладзь разыходзілася. Толькі за сталом сядзела тая самая кампанія. Лявонка падсеў, і ўсе ўбачылі, што ён ужо добра-такі асалавеў.

— Ну што, у карты згуляем? — Трахімка дастаў з кішэні калоду зашмальцаваных карт.