Для прускаўцаў і сялян з іншых навакольных вёсак гэта былі цяжкія часы. За тыдзень жняя павінна была дзесяціну жыта зжаць. Працавалі ў маёнтку ад змяркання да змяркання. Нават песня склалася:
(Адно толькі Лявонка не мог зразумець, чаму песня крыўдзіла камянецкіх яўрэек. Цётку Малку ён ведаў як жанчыну рупную і працавітую…)
Дзяўчат бралі ў панскі сад абіраць агрэст, і калі пасля работы яны ішлі дадому, дык войт кожнай глядзеў у рот: ці няма ў зубах рэшткаў ягад. Тады вылічалася з заробку. «Панскага не чапайце!» — крычаў стражнік.
Падзеі паўстання 1863 года, як ужо гаварылася, Пруску ў асноўным абмінулі, але водгукі пра жорсткасць Мураўёва даходзілі і сюды. Пасля разгрому паўстання многія навакольныя маёнткі за ўдзел іх уладальнікаў у «бунце» былі канфіскаваны і прададзены царскім афіцэрам, што асабліва «адзначыліся» ў яго задушэнні. Прускаўскі маёнтак тады застаўся за Падгурскімі — да іх улады прэтэнзій не мелі.
Тыя часы прайшлі. Цяпер у палацы сядзелі пан Адольф і пан Адась, які займаўся рознымі вылічэннямі і вынаходніцтвамі. Астатняе яго мала цікавіла. Пан Адольф быў удаўцом, меў сына Станіслава. Ужо пажылым чалавекам ажаніўся з маладой паненкай — дачкой берасцейскага чыноўніка. Жонка нарадзіла яму двойню — хлопчыкаў Караля і Вітальда. З дапамогай свайго лесніка Дармідонта Хлябіча, які быў адначасова і лоўчым, пан Адольф уцягнуўся ў паляванне. Дзічыны ў ваколіцах Прускі шмат: зайцы, козы, дзікі, лісы, паляванне разганяла сум і нуду. У Дармідонтавай барадзе, калі ён глядзеў на пана, хавалася прытоеная насмешка. Над чым ён пасміхаўся — цяжка было сказаць…
— Пра што ты ўсё думаеш, сынок? — Марыля апошнім часам з трывогай паглядала на сына.
Думаць было пра што. Яшчэ той, ранейшы, доўг не быў сплочаны, а грошы зноў трэба. Не хочуць чакаць ні Нічыпар, ні Халімон.
— Тут нідзе не заробіш, трэба да Берасця ехаць, — з рашучасцю ў голасе сказаў Лявонка, — але пакуль той Берасць, варта, відаць, да Падгурскага схадзіць.
Трэба сказаць, што паны жылі сваім жыццём, і тое, што адбывалася ў вёсцы, не надта іх цікавіла. Пан Адольф займаўся паляваннем і амаль не дакранаўся да спраў, не праяўляў да іх асаблівай цікавасці, і не толькі таму, што перашкаджаў узрост: ён жыў старымі ўяўленнямі. Ці ж панская справа апускацца да жыццёвай прозы? Паступова, разам з Дармідонтам, уцягнуўся піць.
Лявонку сустрэў цівун Аўтух.
— Чаго табе трэба? — ён злосна зірнуў на хлопца, а пачуўшы просьбу, як адрэзаў: — Не, пан не пазычыць.
— Чаму?
— Ты з ім яшчэ за зямлю не разлічыўся.
Пра гэта Аўтух напамінаў Кужалям не раз, быццам яны забыліся пра тыя паўтары дзесяціны на Доўгіх, што купілі некалі, яшчэ калі быў жывы бацька. Дрэнна, вядома: да гэтага часу не расплаціліся.
— Пан казаў, што калі не выплаціш рэнту, дык ён зямлю назад адбярэ!
— Вернем! — няпэўна адказаў малады гаспадар.
— Скажы сваім, каб заўтра ішлі да пана бульбу перабіраць.
Лявонка пайшоў у двор.
Падгурскія па даўняй звычцы з раніцы пілі каву. Давялося чакаць. Паслужлівы пакаёвы падаваў на стол сыр і «цясткі», ставіў у шырокім слоіку сочыва.
— Прыйшоў Кужаль Леан! — папярэдзіў Аўтух.
Пан Адольф выйшаў на ганак. У пакоях ён насіў падшываны паўхалат — так у ім і выйшаў да Лявонкі, з лясачкай у руцэ.
Лявонка няўпэўнена зірнуў на яго зямлісты твар з доўгімі, абвіслымі вусамі. Ранейшай пыхі ўжо не было, але чалавек ён быў па-свойму адметны. Свайго брата Адася ён не любіў. Быў упэўнены: «Ён з глузду з'ехаў — гэты рамантык». Нутром чуў, што наступілі новыя часы.