Выбрать главу

Пан Адольф выслухаў Лявонку і, калі той замаўчаў, засвістаў нейкую мелодыю, круцячы пальцамі ляску, нібы гуляючы з ёю.

— А збіраецеся без паноў пражыць!

Лявонка маўчаў — а што ён мог на гэта адказаць?

— Ты ж, Леан, здаецца, яшчэ за зямлю не разлічыўся…

— Паночку! Я абавязкова разлічуся! — Лявонка нізка пакланіўся.

Пан Адольф любіў павагу, і яна, відаць, спадабалася яму ў наведвальніку.

— І колькі ж табе трэба?

Лявонка пачухаў патыліцу.

— Хаця б рублёў чатырыста.

— Дык ты ж, здаецца, і вінаваты чатырыста. То разам — восемсот!

Дадому Лявонка вярнуўся ў настроі.

— Удобрыў, значыць, — сказаў Кірыла, убачыўшы ўнука.

Потым яны яшчэ доўга абмяркоўвалі гэтую падзею.

— Атрымліваецца, што паны ўсё ж такі неблагія людзі… могуць зразумець чалавечую бяду!

Кірыла прамаўчаў.

ІІІ

Перад жнівом Лявонка паехаў на заробкі ў Берасць. Дачуўся пра будаўнічыя работы ў Брэсцкай крэпасці.

— А-ё-ё-ёй! Куды ён едзе! Аж да Берасця! Адзін там будзе — ні радні, ні знаёмых… — турбавалася Марыля.

Берасць не так і далёка: кіламетраў пяцьдзесят. І знаёмыя былі! Лявонка разлічваў спыніцца ў даўняга сябра па вучылішчы Анатоля Зайца. А там — і працы пашукаць. Крэпасць перабудоўвалі, рыхтавалі да новых ваенных патрэб.

Паехаў ён з раніцы, яшчэ прыцемкам, на сваім кані і возе. Пад вечар быў ужо ў горадзе. Некалі ён, гэты горад, зваўся Берасцем — пакуль у канцы XVIII стагоддзя не адышоў да Расіі. Вялікі горад быў — з цэрквамі, касцёламі, манастырамі, замкамі ды палацамі. Ратуша высокая стаяла. Склады купецкія! Нідзе ва Усходняй Еўропе не было такога прыгожага і магутнага горада, як Берасць! Дык вось гэтую былую магутнасць Літвы цар сцёр з зямлі. На месцы Берасця крэпасць пабудаваў — таксама магутную! Вядома, з сваіх інтарэсаў зыходзячы.

Берасць адсунуўся на ўсход, пабудаваўся новы горад. Цар назваў яго Брэст-Літоўскім. Некалькі гадоў назад горад вынішчыў пажар, пакінуўшы без даху над галавой добры дзесятак тысяч яго насельнікаў. Даводзілася адбудоўвацца. На пачатку дваццатага стагоддзя аблічча Берасця хутка мянялася — ужо існаваў гарадскі водаправод, тэлеграф, будавалася электраўстаноўка, узнікалі новыя школы, гімназіі, установы. Прыязджалі на гастролі славутыя артысты.

Тут, ужо не першы год, працаваў кінематограф (фільмы прывозіліся з Парыжа і Варшавы). Праўда, наведаць яго прускаўцу не было як, бо не дзеля гэтага прыехаў.

Сям'я Зайцаў жала на Граеўцы. Анатоль, яшчэ халасцяк, працаваў кандуктарам на цягніку. Ездзіў ажно ў Варшаву. Ад яго Лявонка пачуў, што забаставала Брэсцкая чыгунка. Падзеі насоўваліся нечакана, адна за адной. Быў роўны, нават расслаблены пульс жыцця, а стаў нейкі паскораны і напружаны…

Падрадзіўся вазіць цэглу. Цагляны завод каля Трышына, таму даводзілася ехаць праз увесь горад. Едучы, углядаўся ў людскія твары. Сустракаў розных людзей — мужчын, жанчын. Цяпер Лявонка ўсіх жанчын міжвольна параўноўваў з Ганнай і знаходзіў, што яна прыгажэй. З асалодай успамінаў тыя хвіліны, калі быў з ёю.

Вечарам, стомлены, валіўся на пасцель і засынаў.

Зямлю вазілі тачкамі, размешвалі вапну, падавалі разам з цэглай наверх, спрытна працавалі каменшчыкі і муляры. Будавалі, падвышалі Холмскія вароты. «Нібыта Вавілонскую вежу ўзводзяць», — думаў ён, успомніўшы біблейскую гісторыю, пра якую так запамінальны расказваў некалі камянецкі бацюшка айцец Нікадзім…

Беглі дзень за днём, падобныя адзін да аднаго, але аднойчы… Яно тады і адбылося — гэтае знаёмства, якое потым дзіўным чынам уплялося ў ягоны лёс. Аднойчы пад вечар, у суботу, калі завяршаўся працоўны тыдзень, на воз да яго ўскочыў малады, стройны хлопец у мультановай касаваротцы без пояса. Гэта здарылася ў самой крэпасці, каля Холмскіх варот, на будаўнічай пляцоўцы. У вачах хлопца з-пад густых броваў скакалі іскрынкі нейкага вясёлага шалу. На грудзях палымнеў чырвоны бант. Побач з возам сталі некалькі чалавек з такімі ж бантамі. Прускавец ад нечаканасці аслупянеў, спрабаваў нешта сказаць, але яго апярэдзіў незнаёмец.

— Тава-арышы! — гукнуў незнаёмец і адразу пайшоў, як кажуць з месца ў кар'ер: — Вы думаеце, што цар — наш прыяцель? — У адно імгненне ён абвёў прысутных вачыма: — Не, мусіць, не так! У студзені людзі пайшлі да цара прасіць дапамогі. Думаеце, дапамог? Гэта было крывавае васкрасеніе!

Навокал пацішэла.

— Дзевятага студзеня ў Пецярбургу загінулі каля ста чалавек. Ішлі мірныя людзі, але цар не пашкадаваў — аддаў загад страляць!