Выбрать главу

Натоўп захваляваўся, чалавечыя твары пабляднелі ад здзіўлення і жаху.

— Мы павінны скінуць самадзяржаўе! Усіх памешчыкаў і капіталістаў! Гэта — паразіты! Яны жывуць за кошт рабочых. Рабочыя забяспечваюць ім усе раскошы! А самі? Нішчыя! Галадаюць! Пара ўзяцца за розум! Раздаць зямлю народу і ўстанавіць новае жыццё! Новы лад!

Чалавек гаварыў горача, імкнучыся пераканаць сваіх слухачоў, якія пакуль што, відаць было, мала цямілі ў тым, што ён казаў.

— Трэба змагацца! Для працоўнага чалавека няма выйсця, акрамя як змагацца і перамагчы злыдня, — у абліччы прамоўцы былі напружанасць і перакананасць. Пышныя, кучаравыя валасы спадалі на высокі лоб, і чалавек увесь час адкідаў іх рукою назад.

Блізка ад Лявонкі стаяў сухі, як жэрдка, муляр. Пад падбародкам з маршчыністай шыі моцна выпіраў кадык. Чалавек, мусіць, недачуваў, бо ўвесь час прытуляў да вуха выпацканую ў гліне далонь і настаўляў у бок прамоўцы.

Той перавёў дыханне і загаварыў зноў:

— Ці чулі вы пра Усерасійскую стачку ў кастрычніку? Два мільёны чалавек удзельнічалі ў ёй. У Лібаве паўсталі матросы! Ачнуліся нарэшце людзі! У Варшаве вунь ваеннае палажэнне, вязні ў Павяку галадоўку аб'явілі! Бастуе Лодзь!

— О-о-о! — не то здзівіўся, не то застагнаў худы чалавек, што стаяў побач з Лявонкам, і шчыльней прытуліў далонь да вуха.

— Няўжо праўда? — усумніўся хтосьці побач.

— Не мае значэння, хто якой веры, усе працоўныя людзі паміж сабой прыяцелі! Толькі разам можна палепшыць жыццё!

Лявонка ўспомніў дэмакратаў, пра якіх казаў Нохім, і кнігі, якія чытаў, калі вучыўся ў Камянцы. Відаць-такі, праўду яны пісалі. І гэта — ён не спускаў вачэй з прамоўцы — справядлівы, мусіць, чалавек. Ёсць усё ж такі сярод народа помснікі за крыўды.

— У паноў, крывасмокаў гэтых, зямлю трэба іхнюю адабраць!

Натоўп як знямеў, цішыня прайшлася нейкім жахам.

Чалавек, што стаяў каля Лявонкі, зноў застагнаў:

— О-о-о!

— У Баранавічах паўсталі чыгуначныя рабочыя. Салдаты набілі морду генералу! Не пабаяліся!

Прамоўца ведаў, здавалася, усе навіны, усё, што адбывалася ў вялікіх гарадах, на неабсяжных прасторах Расійскай імперыі. Вочы яго расшырыліся і зіхцелі нейкім незвычайным бляскам, гатовыя, здавалася, выкаціцца з арбіт. Ён нервова пакусваў тонкія губы. Прускавец адчуў да яго нават нейкую зайздрасць: «Не тое, што мы. Сядзім у цямноце і думаем, што так і трэба. Смелы, нічога не баіцца!»

А паліцыя як пахавалася. За кучаравым хлопцам узяўся гаварыць яшчэ нейкі чалавек: вочы чырвоныя, як дзве цыбуліны, і на лбе набракла сіняя жыла. Гаварыў картавячы, абрываючы канчаткі слоў:

— Народ будзе жорстка помсціць за ўсе крыўды! Таварышы! Не плаціце падаткаў! — Ён зрабіў колькі крокаў наперад, спатыкнуўся ад хвалявання, і на гэтым яго выступленне абарвалася.

Потым яшчэ крычалі нейкія людзі, махалі шапкамі. Грудзі распірала ад пачуццяў. Нехта кінуў у паветра скрутак, які рассыпаўся на тысячу лістовак — улётак. Адна з улётак апынулася ў Лявонкі, але ён не паспеў нават яе прачытаць.

— Паліцыя! Паліцыя! — пачулася побач.

Натоўп заварушыўся, пачаў разбягацца. Тыя, хто выступаў, зніклі сярод людзей, усё адно што расталі, як соль у вадзе. Знік і вясёлы кучаравы хлопец у мультановай касаваротцы. Здавалася, толькі ўспамін пасля сябе пакінуў, бо адкуль мог ведаць Лявонка, што з гэтым чалавекам яму яшчэ не раз давядзецца сустрэцца на жыццёвых дарогах.

З працы на сваю Граеўку вяртаўся позна. У галаве пульсавала думка: «Забрадзілі дрожджы. Ёсць усё ж такі нейкая сіла!» Тое, што адбылося ў крэпасці, неяк п'яніла, прымушала па-новаму адчуваць жыццё. Па вуліцы з крыкам «Трымай яго!» прабег, грукаючы цяжкімі ботамі, гарадавы.

— Рэвалюцыянера ловяць! — пераглянуліся паміж сабой нейкія два мешчанчукі, што стаялі, прыціснуўшыся да плота.

Прускавец прайшоў яшчэ квартал і з расчыненага акна нейкага доміка, атуленага кустамі бэзу пачуў песню. Нехта пад гітару выводзіў:

Мамочка милая, Сердце разбитое, Милый не хочет люби-ить…

«Каму рэвалюцыя, каму каханне, — падумаў прускавец, — кожнаму сваё. І нічога, відаць, не перайначыш, бо так ужо пабудаваны свет. А можа, гэта і добра?..» Успомніў Ганну…

Пачыналася жніво, калі Лявонка вяртаўся з Берасця. Крыху зарабіў, але малавата. Ехаў праз палі, на якіх жалі жыта. Думаў: «Жыццё — дзіўная рэч: здаецца, як бы на месцы стаіць і ў той жа час, аказваецца, рухаецца». Успаміналіся словы таго маладога прамоўцы ў Брэсцкай крэпасці. «А зямля і сапраўды няправільна падзелена? У аднаго больш — у другога менш?..»