Выбрать главу

Вечарам, прыехаўшы, Лявонка пайшоў на спатканне да Ганны.

— Прыходзь у карчы! — шапнула яна яму яшчэ днём, сустрэўшы на вуліцы.

Лявонка заўважыў яе здалёк. Паходка ў Ганны роўная і плаўная — залюбавацца можна. У Верасні не мог дачакацца таго дня, калі ўбачыць яе. Яны адразу ж селі побач, прыціснуўшыся адно да аднаго, узяліся за рукі. Адчуў, як ад яе ішло нейкае цяпло.

— Птушачка ты мая…

— Птушачка? А я ж спяваць не ўмею, — усміхнулася Ганна.

Ён любіў гэтыя яе ласкавую мяккасць, спагадную ўсмешлівасць і загадкавую жаночую таямнічасць. У яго каханні страсць спалучалася з развагаю, сталасць з дзіцячай пяшчотай і наіўнасцю, прыроднае з чалавечым.

— Жыць без цябе не магу, — ён яшчэ шчыльней прытуліў яе да сябе.

— Вось Гэлька Відэркава ўмее…

— Што ўмее?

— Спяваць.

— Яна мае голас, — згадзіўся хлопец.

— Я бачу, што ты паглядаеш на яе.

— Не, гэта ты прыдумала.

— Чаму з Берасця доўга не вяртаўся?

— Трэба ж капейку якую зарабіць! Доўгу ў нас шмат.

— І колькі зарабіў?

— Сорак рублёў прывёз.

— А тут без цябе цяжка, — Ганна ўздыхнула. — Трахім бярэ за руку, быццам паціснуць хоча, а сам пальцам далонь казыча.

— Што ты кажаш! — ускіпеў хлапчына. — От нягоднік. Але ж і дачакаецца ён!

Ганна прыпала да яго грудзей, зашаптала:

— А ты мне ўсё больш падабаешся… — Адчула, мусіць, трымценне яго сэрца: — Ой, як б'ецца!

У душы яна баялася, што раптам з'явіцца аднекуль новая прыгажуня, маладзейшая, і зацьміць яе.

— Ты, бачу, мяне зусім не любіш…

— Як жа не любіш — люблю.

— Ой, ці ёсць яно на свеце — каханне тое!..

— Што ты, мая зорка! Ёсць! — у голасе гучала ўпэўненасць, ён абхапіў яе за плечы, намагаючыся пацалаваць. Шаптаў: — Такой, як ты, у свеце няма! Ты ўва мне як бы нейкі агонь распаліла!

Яна ўхілялася ад пацалункаў, гладзіла яму на скронях валасы і казала:

— Ох ты які!..

Яна і сама не ведала, што яе да яго цягнула, але вельмі хацела, каб ён моцна кахаў яе, кахаў бесперапынна, увесь час.

— Прываражыла ты мяне…

— Любы мой…

— Салодкая ты мая! — Лявонка прыціснуў яе да сябе.

— Ой, ты як ашалеў! — яна амаль прастагнала.

— Не. Але ад кахання чалавек нейкі моцны робіцца!

Ганна здзіўлена паглядзела на яго.

— Дужы — я хацеў сказаць, — і ён не маніў ёй, не перабольшваў, гаварыў вельмі шчыра — тое, што думаў і адчуваў. Нейкая страшэнная, некіруемая сіла білася ў ім, шукала выйсця.

— Супакойся, Лявонка!

— Ведаеш, а я пастаянна думаю пра цябе…

Ганна ціха засмяялася:

— Ну і што ты надумаў?

— Я люблю цябе больш, чым сябе!

Яна зноў засмяялася — на гэты раз сумна:

— Маці кажа, што першае каханне нешчаслівае. Тыя, хто, як мы з табой, першы раз любяцца, ніколі не бяруцца потым…

— Ой, дурнічка ты мая.

Ганна нічога не адказала. Сёння яна нагадвала яму чамусьці яблыню, якая хутка мае зацвісці. А зверху на іх з радаснай усмешкай глядзела ўжо амаль па-ранішняму чыстае неба.

Каханне хіліла і яго, і яе да зямнога, плоцевага. Ганна адвяла ад яго затуманены жаданнем пагляд:

— Прыходзь вечарам, я ў клуні буду…

У канцы лета прускаўскія хлопцы, у тым ліку і Лявонка, усёй грамадой вывелі коней нанач на панскую сенажаць — лонку, як яе тут называлі. Гэта недалёка — паміж Прускай і Выгнанкай — за рэчкай. Ляжалі, глядзелі на зорнае неба і, як звычайна, расказвалі розныя гісторыі. Аднак неўзабаве з двара з'явіліся панскія парабкі і пачалі займаць жывёлу, злавіўшы яе на шкодзе. Хлопцы не здрэйфілі — кінуліся на іх з кулакамі ды каменнямі. Лявонка адзін раз таксама кінуў камень. Коней адбілі, але цешыцца перамогай доўга не давялося. Праз дзень ці два ў вёску заявіўся прыстаў, сабраў ды пагнаў перапалоханых да смерці хлопцаў у Камянец на расправу. У каталажку трапілі Цішка Пахолак, Аляксей Галёнка, Гамон Гальяш, Оргій Відэрка, Піліпко, яшчэ пару чалавек і Лявонка. Пасядзелі яны там ноч, а к вечару наступнага дня, строга папярэджаныя прыставам, вярнуліся дахаты.

— Нічога не зробіш, паны былі і будуць… — сказаў Кірыла, калі ўнук прыйшоў з каталажкі.

Пачыналася жніво. Даспелі і панскія палеткі. З жытам і з бульбаю, як і з сенам, пан Адольф звычайна ўпраўляўся з дапамогай сялян, але на гэты раз прускаўцы не спяшаліся выходзіць на панскае поле. Сышоўшыся ля кузні, вырашалі, што рабіць.

Каваль, стоячы ў людскім гурце, размахваў рукою:

— Жнуць нашы жонкі, можна сказаць, задарма!..

Масей Галёнка нагадаў:

— А газеты пісалі, што цар мае маніфест аб'явіць, свабоду даць.