— Хацеў даць, ды нічога не атрымалася! — паправіў яго Захар Відэрка.
— Даў! — стаяў на сваім Галёнка.
— А няўжо? — не паверыў Назар Хомка.
— Так яно і ёсць!
— Ну, відаць, Камянецкі стоўп зваліўся! — зарагатала Хомчыха.
Прускаўскія жанчыны стаялі тут жа.
— Ну, то, можа, паноў прыціснуць крыху? — пужліва сказала Апраска. — Можа, зямлі нарэжуць?
— Нарэжуць, чакай! — саркастычна матлянуў галавой каваль.
— Каб ім па яйцах рэзала, — ціха сказаў Ясё.
Усе зарагаталі, але Пракоп спыніў жарты:
— У Кранштаце паўсталі матросы і салдаты.
Ён быў, аказваецца, дасведчаны ў тым, што адбывалася ў вялікіх гарадах.
І Масей некаторыя навіны ведаў:
— А вунь у Мінску генерал Курло, кажуць, колькі народу пабіў!
У Прусцы ўжо чулі пра мінскую трагедыю — погалас дайшоў і сюды.
— Дык што, — Пракоп узняў галаву, — сядзець склаўшы рукі ці ўсё ж такі паспрабаваць нешта рабіць?
Гурт маўчаў. Разам з усімі стаялі Кірыла з унукам.
Пракоп, не глянуўшы ні на кога, прамовіў:
— Трэба думаць…
— Пракоп справядлівасці хоча, — падтрымаў каваля Кірыла.
— Кіньце, дзядзьку Кірыла! Дзе вы бачылі справядлівасць тую!
— На гэты раз не пойдзем да яго жаць, — ціха прамовіў Масей, маючы на ўвазе пана Падгурскага, і сам, відаць, спалохаўся таго, што сказаў.
— А можа, людкове, і праўда? — нібы пагадзіўся з ім Сцяпан Каленік — родны брат дзядзькі Васіля — Ганнінага бацькі.
Пракоп абвёў вачыма аднавяскоўцаў:
— Хто, каб не ісці?
— Хай заплаціць больш! — выгукнуў нехта з гурту.
— Не пойдзем! — сказаў Масей.
І не пайшлі.
Падгурскі наняў людзей з-пад Брэста, заплаціўшы ім на пяць капеек больш. Прускаўцам гэта, вядома, вельмі абыходзіла. Яны адчувалі сябе пацярпелымі і выказалі сваю крыўду Дармідонту — набліжанаму да пана Адольфа чалавеку.
— Хто ж вінаваты, што вы забастоўшчыкамі парабіліся! — натапырыў бараду ляснік.
— Ім па дзесяць капеек за дзень плацяць, а нам плацілі толькі па пяць. Як так? — наступалі на яго Пракоп з Масеем.
— Павялічце нам плату, мы будзем працаваць, — падтрымліваў сяброў Сцяпан Каленік.
Набліжалася пара выбіраць бульбу, і Дармідонт, каб неяк палагодзіць адносіны паміж сялянамі і Падгурскім, пайшоў да пана Адольфа, але той заўпарціўся і прускаўцам зноў адмовіў. Бульбу капаць прыехалі тыя ж людзі з-пад Брэста.
Тады Пракоп прапанаваў:
— Трэба прагнаць гэтых прыхадняў!
Прускаўцы сустрэлі тых «прыхадняў» камянямі. Тыя адступілі. Уночы згарэў панскі свіран, што стаяў за садам. Кастанты выклікаў з Камянца конны нарад стражнікаў. Па гасцінцы, мінуўшы Пруску, праехалі яны на конях, і з імі тоўсты прыстаў у брычцы на шынаваных колах. Прускаўцаў сабралі на Агульным, дзе вясною спыняўся цыганскі барон.
Лявонка падаўся разам з усімі.
— Сынок, не хадзі туды! — заступіла дарогу Марыля. — Пабудзь дома!
Але ён накінуў ужо на плечы світку. «Каго яму баяцца ў сваёй вёсцы?»
— Не наша гэта справа! — не сунімалася маці.— Бунтаваць — нядобра.
— А я не бунтаваць!
— У цябе і не спытаюць, пасадзяць у халодную, ды ўсё. Як тады!
— Глядзі, каб пад бізун не трапіць… — насцярожыў Кірыла.
— Які бізун? Канстытуцыю ж маюць аб'явіць! — Лявонка, мусіць, меў на ўвазе царскі маніфест «Аб дараванні свабод».
На вуліцы ён дагнаў Пракопа.
Народу на Агульным сабралася шмат. Перад натоўпам, ззяючы начышчанымі да бляску гузікамі з арламі, з'явіўся Кастанты. Побач з ім знаходзіліся камянецкія стражнікі з тоўстым прыставам і пан Адольф у доўгім плашчы з нязменнай сваёй лясачкай.
Ён угледзеў Лявонку ў натоўпе, хоць той стаяў і не ў першых шэрагах, пасміхаўся:
— Ты, Леан, таксама бунтуеш?
Усе бачылі, як ураднік Кастанты набраў поўныя лёгкія паветра, выпукліўшы жывот:
— Вашымі паводзінамі недавольны!!
Наперад выступіў Пракоп:
— А мы вашымі паводзінамі незадаволеныя! Хіба можна гэтак крыўдзіць? Гэта — як насмешка!..
— Ты чаго народ бунтуеш?! — крыкнуў на яго Кастанты. — Я беспарадкаў не пацярплю! — Твар у яго зрабіўся такі, як бы калі ягаду ажыны прысыпаць мукой і яна набракла чырванню.
— Канстытуцыю аб'явілі! — падаў голас нехта ў адказ.
— Я пра гэта ведаю! Мяне не вучы! Пана памешчыка трэба паважаць! — пырснуў слінаю ўраднік.
— Пана… А мы што — не людзі? Чым мы горшыя?.. Я абедаць хачу, як і ён, кожны дзень! — каваль упарта стаяў на сваім, не даючы гаварыць Кастантаму.
Стражнікі пачалі падсоўвацца бліжэй.