Выбрать главу

Ураднік зноў набычыў жывот:

— Разыдзіся.

З навакольных алешын з шумам і гамам узняліся вароны. Людзі сачылі: што ж будзе?

— Разыдзіся — яшчэ раз гаркнуў Кастанты.

Стражнікі паспрабавалі абхапіць каваля з абодвух бакоў, але той рэзка крутнуў плячыма і кінуўся да плота, што аддзяляў панскую сядзібу ад Агульнага, вырваў калок. Дзябёлыя стражнікі пасыпаліся ад яго ўпрочкі, а Пракоп з калком пайшоў на ўрадніка.

Кастанты, аднак, не разгубіўся, увішна зняў з сябе шынель (ён быў ужо расшпілены) і лоўка кінуў кавалю:

— Ну-к, падзяржы!

Пракоп машынальна падхапіў левай рукою шынель, каб не ўпаў на зямлю, і ў гэты час на яго накінуліся стражнікі.

Апамятаўся, ажыў і пан Адольф.

— Арыштаваць яго трэба, халеру! — крыкнуў ён урадніку і сцебануў ляскай па халяве.

— У халодную яго! — віскнуў амаль па-свінячы прыстаў.

Ніхто не чакаў, што ў яго такі прарэзлівы і візгатлівы голас. Чакалі, што ён, калі загаворыць, дык тоўстым, як і сам, голасам.

— А я так ужо і напалохаўся! — адбіваўся ад насядаўшых стражнікаў Пракоп, трымаючы ў руках Кастантавы шынель і калок.

— Ты, любезны, відаць, нейкі рэвалюцыянер, ці што? — міралюбіва пачаў прыстаў.— Мы з цябе дапрос знімем і адпусцім. Брасай сваю палку, не ўсугубляй, а то ў нас пасур'ёзнее палкі ёсць. — Прыстаў паляпаў па вялікай кабуры, якая вісела на яго ёмістым жываце, нізка адцягваючы скураную папругу.

Пракоп азірнуўся па баках і кінуў і шынель, і калок на зямлю.

— Дапрасіць! — тут жа, як бы з радасці, залямантаваў прыстаў.

Каваля ўзялі пад стражу і павялі ў Камянец. Аднаго яго, больш нікога.

Напалоханая Пруска насцярожылася.

IV

Тыдні праз два Пракоп вярнуўся. Не доўга патрымалі. У кузню да яго прыйшлі Масей з Захарам Відэркам; Лявонка туды таксама зазірнуў — цікава было.

— Ну, уцяў ты яму — горай, ніж па мордзе! — пахваліў Пракопа Масей.

Закурылі.

— А Кастанты хітры — шыняля табе кінуў. Патрымай, маўляў! — хіхікнуў Масей.

— Гэта каб з панталыку збіць, — патлумачыў Відэрка, — адзенне ўсё ж такі. Чаму на зямлі павінна валяцца!

— Яны думаюць, — сказаў Пракоп, пусціўшы дым, — што настрашылі мяне, а я не палахлівы. Я, калі што, і здачы даць магу…

Мужчыны былі згодны з гэтым, бо каваль ёсць каваль, і не дзіва, што ў яго павышаная самапавага.

— А я вам скажу: няправільна зроблены гэты свет, яго трэба падправіць, — развіваў свае думкі Пракоп. — У халоднай там — смелыя хлопцы сядзелі, адчайныя…

— Ёсць такія і ў нас, — згадзіўся Масей, — але што з таго?

— У іх — сіла, — пацмокаў языком Відэрка.

Усім было зразумела, што ён мае на ўвазе паноў ды стражнікаў.

Малады Кужаль маўчаў, адно толькі слухаў.

— Вунь колькі ад нас чаго патрабуюць! А што даюць? — зноў падаў голас Масей.

— Хто з намі калі лічыўся? — у тон яму сказаў Відэрка.

Пракоп дакурыў цыгарку, кінуў яе на прысыпаны шлакам дол і расціснуў абцасам.

— Дык што, лепш нерухома сядзець на месцы і нікуды не рыпацца?

— Жыццё не спыняецца, яно як рака, — сказаў Відэрка.

— Дзіва што! — пачулася ззаду.

Гэта быў Гамон. Над ім прускаўцы любілі часам пажартаваць, але на гэты раз жартаваць ніхто не стаў, гаворка вычарпалася сама сабой, і ўсе пачалі разыходзіцца.

Хваляванне аціхла гэтаксама нечакана, як і пачалося, і адносіны з панам Падгурскім увайшлі ў больш роўную каляіну, але адчуванне нейкіх змен, што адбыліся ці маюць адбыцца ў навакольным свеце — дальнім і блізкім — не праходзіла.

Лявонкава асабістае жыццё, здаецца, таксама праходзіла ў звыклых клопатах. Аднак хто можа ведаць, што дзеецца ў чалавечай душы? Было ў ім — хлопец не раз лавіў сябе на гэтым — няпэўнае адчуванне незадаволенасці і сабой, і тым, што яго акружала. Яму здавалася, што ў ім расце і набухае нейкае новае, незнаёмае жаданне. Ён быў узрушаны, калі аднойчы настаўнік Фама Фаміч Шпронька падзяліўся з ім незвычайнай весткай:

— Ці чулі: нехта Паўленка ў Астромічах бібліятэку адчыніў. Кніжак і газет навезлі. І Горкі Максім дапамог.

Да кнігі Лявонку цягнула яшчэ са школы. А ў вучылішчы асабліва захапіўся чытаннем.

Астромічы тыя зусім недалёка, вёрст дзесяць-дванаццаць, не больш. Гаспадарчых клопатаў хапала. Трэба было думаць, як закончыць хату. Яна стаяла яшчэ добра не накрытая, без даху, па баках голымі рабрынамі тырчэлі тонкія кроквы. Але — няёмка прызнацца — жаданне чытаць было настолькі вялікае, што Лявонка аднойчы замест таго, каб ехаць у Камянец за цвікамі, паехаў у супрацьлеглы бок — у Астромічы…