Выбрать главу

Стаяла бабіна лета — снавала сваю сярэбраную павуціну. Пунсавелі гронкі ворабу. Паветра здзіўляла празрыстасцю і свежасцю, настоенай на церпкіх пахах асенніх палёў Ён ехаў, разглядаўся па баках. Аздобіліся залатым убраннем беразнякі. Рассунулася далеч палёў. У паветры, як згукі далёкай песні, чулася тонкае курлыканне адлётных журавоў.

Бібліятэка знаходзілася ў прыватным доме, непадалёку ад царквы. Загадвала ёю настаўніца мясцовай школы — нясмелая, шчуплага выгляду дзяўчына.

— Хто ж гэта наладзіў такую добрую справу? — пацікавіўся Лявонка.

Бібліятэкарка паглядзела на яго з прыязнасцю. Апранута яна была па-гарадскому: доўгая спадніца і прыталеная жакетка. Валасы строга прычэсаны і закручаны ззаду ў вялікую куксу.

— Вобчаства сабрала пяцьдзесят рублёў, а астатнія Паўленка дадаў.

— А казалі — Горкі.

— Горкі таксама з кнігамі дапамог.

— А хто ж такі Паўленка?

— Багаты чалавек, кніжкі любіць і хоча, каб народ не цёмны быў.

Кнігі роўнымі радамі стаялі на прыстаўленых да сцяны паліцах. Тут былі Пушкін, Гогаль, Лермантаў, Някрасаў, Дастаеўскі, Талстой… Лявонка адразу ўзяў дзве кнігі — Гогаля і Талстога.

— Збіраемся невялічкую аптэку адкрыць заадно, — пахвалілася бібліятэкарка, — сялянам трэба!

Прускавец падзівіўся на такую руплівіцу. Вярнуўшыся дадому, чытаў. Разгортваў кнігу ў кожную больш-менш вольную часіну. Штосьці вельмі блізкае, амаль прускаўскае, вычытваў у «Вечарах на хутары каля Дзіканькі». І людзі такія ж рахманыя, непаспешлівыя, і прыгоды падобныя, і нават, здаецца, паветра такое ж, як у Прусцы. Заадно прачытаў і «Яўстафія Плакіду», але найбольшае ўражанне пакінуў Леў Талстой, які спадабаўся яму яшчэ ў вучылішчы. У бібліятэцы аказалася брашура Льва Толстога «Колькі чалавеку зямлі трэба?». Ён нават Кірылу прачытаў гэту мудрую прытчу. Кірыла ўважліва слухаў і, калі ўнук скончыў чытанне, спытаў:

— А колькі ў яго ў самога зямлі? Пэўна ж, не бедны…

Унук не ведаў, што і адказаць.

— Пэўна не — калі граф. Але вось жа — піша…

У Лявонкавай душы — нават для яго самога — было шмат расплывістага і неакрэсленага. Між тым жыццё не скупілася на навіны. З навакольных вёсак усё больш людзей падавалася ў Амерыку. У Прусцы першымі «марыканцамі» сталі Ляксей і Васіль Каленкі — дваюрадныя браты, абодва жанатыя, у кожнага засталася сям'я. Іх праводзілі яшчэ мінулым летам. Аднак усё роўна для ўсіх, у тым ліку і для Лявонкі, Амерыка заставалася чымсьці такім неверагодна далёкім, што нават думаць пра яе не выпадала. Вядома, цікава было б паглядзець на тое далёкае — якое яно? Пра Амерыку гаварылі як пра край роўнасці і волі. Зайшоў неяк да Кужалёў сусед Назар Хомка. Світка на ім усё тая ж — латаная-пералатаная. У Прусцы яго любілі за бясхітрасны нораў.

— Ці чулі навіну — Цімафей з Піліпком у Амэрыку едуць!

— Куды? — перапытала Марыля, падняўшы галаву ад пліты.

— У Амэрыку! У Амэрыцы людзі жывуць! — паўтарыў Назар, крыху нават прысвіснуўшы, і зрабіў пры гэтым націск на апошнім — жывуць. — Там, кажуць, печаныя галубкі з неба падаюць!

Кірыла збіраўся некуды ісці. Тоня падмятала падлогу. Фядорка з Барбаркай, якім, відаць, нецікавыя былі размовы дарослых, адрэзалі па лусце хлеба, намазалі шмальцам і пабеглі на вуліцу. Тоня засталася паслухаць.

— Там добра, дзе нас няма, — пасміхнулася Марыля.

Але не, Назар меў сваю думку і разважаў інакш:

— Туды даехаць цяжка — вялікая вада! Але ўжо як даедзеш — лапатай грошы грабеш!

Ці так яно было на самай справе — ніхто не ведаў, не правяраў, але прускаўцы — народ наіўны і даверлівы — усё больш прызвычайваліся да такога ўяўлення пра Амерыку.

Назар глянуў на Лявонку:

— Ну, дык што? Паедзем, сусед?

Як ні дзіўна, але ўнутрана ён быў гатовы да такога пытання. Хтосьці як бы падказваў: «Едзь!»

— Паедзем!

— Марыля, чуеш, якую, таго, нечаканасць Лявонка нам падрыхтаваў? — Кірыла зірнуў на нявестку, а ўнук міжвольна кінуў позірк у акно на недабудаваную хату.

— Што ты, сынку? Куды? — Марыля ажно рукамі пляснула.

— Яшчэ чаго ўздумаў! — па-даросламу падтрымала яе Тоня. — Мамо, ён жартуе, — паглядзела яна на брата.

Нешта хацеў сказаць Кірыла, але яго перапыніла з'яўленне панскага стражніка Аўтуха, голас якога данёсся яшчэ з вуліцы.

— Бульбу бралі? Адрабляць трэба! — крычаў камусьці стражнік.

Прозвішча Аўтуха было Пыр. Казалі, што яго дзеда звалі Упыр, але першая літара па часе адвалілася і стала Пыр. «Зараз і да нас зойдзе!» — падумаў Лявонка. Кужалі таксама мусілі выходзіць на працу, бо вінаватыя былі Падгурскаму. Вясною Кірыла ўзяў у пана пару мяшкоў бульбы (не хапала пасадзіць), і трэба было адрабляць ці сплачваць грашыма.